§ 16. Асновы адміністрацыйнага права

Паняцце адміністрацыйнага права. У дзяржаве ажыццяўляюцца розныя віды дзейнасці, у тым ліку кіраўніцкая дзейнасць. Гэтая дзейнасць рэгулюецца асаблівай галіной права — адміністрацыйным правам.

Адміністрацыйнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць грамадскія адносіны, якія ўзнікаюць у працэсе арганізацыі і ажыццяўлення дзяржаўнага кіравання. Таму адміністрацыйнае права часта называюць кіраўніцкім правам. І гэта не выпадкова, паколькі ў перакладзе з лацінскай administratio абазначае «кіраванне». Нормамі дадзенай галіны забяспечваецца зладжаная праца ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый.

Асаблівасцю адносін, якія рэгулююцца адміністрацыйным правам, з’яўляецца тое, што іх абавязковым бокам выступаюць органы дзяржаўнага кіравання ці іх прадстаўнікі. Значная частка гэтых органаў належыць да органаў выканаўчай улады (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі). Іншыя дзяржаўныя органы (напрыклад, органы прадстаўнічай улады, судовыя органы) у адпаведнасці з нормамі адміністрацыйнага права арганізуюць працу ў сістэме падпарадкаваных арганізацый і ўнутры свайго органа.

З дапамогай норм адміністрацыйнага права ажыццяўляецца дзяржаўны менеджмент: вызначаюцца задачы органаў, размяркоўваюцца паўнамоцтвы, вызначаюцца і прымяняюцца на практыцы розныя формы працы, выбудоўваюцца і кантралююцца ўсе працэсы, ажыццяўляецца дзяржаўная служба.

Адміністрацыйнае права рэгулюе парадак кіравання ўсімі галінамі дзяржаўнай дзейнасці: эканоміка, прамысловасць, сельская гаспадарка, жыллёва-камунальная гаспадарка, транспарт і сувязь, гандаль, адукацыя, ахова здароўя, спорт і турызм, праца і сацыяльная ахова, абарона, фінансы.