§ 15. Асновы працоўнага права

Паняцце працоўнага права. Працоўнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць працоўныя і звязаныя з імі адносіны, устанаўліваюць і абараняюць узаемныя правы і абавязкі работнікаў і наймальнікаў. Нормы працоўнага права замацоўваюць правы і абавязкі суб’ектаў у працэсе арганізацыі і прымянення наёмнай працы, гарантыі рэалізацыі гэтых правоў і адказнасць за невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў. Найважнейшай крыніцай працоўнага права з’яўляецца Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь (ПК).