§ 14. Асновы сямейнага права

Правы і абавязкі бацькоў і дзяцей. Асаблівасцю праваадносін паміж бацькамі і дзецьмі з’яўляецца тое, што многія правы бацькоў з’яўляюцца таксама іх абавязкамі. Напрыклад, бацькі маюць права вызначыць уласнае імя свайму дзіцяці і ў той самы час абавязаны гэта зрабіць. Таксама яны маюць права і абавязаны вызначыць месца жыхарства дзіцяці, рэгістрацыю па месцы жыхарства, месцы знаходжання і грамадзянства дзіцяці (у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам). Бацькі маюць права і абавязаны выхоўваць сваіх дзяцей, ажыццяўляць іх догляд і нагляд за імі.

У сямейным заканадаўстве замацавана паняцце выхавання, пад якім разумеецца клопат пра фізічнае, духоўнае і маральнае развіццё сваіх дзяцей, пра іх здароўе, адукацыю і падрыхтоўку да самастойнага жыцця ў грамадстве.

Бацькі з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і законных інтарэсаў у адносінах з любымі асобамі і арганізацыямі, у тым ліку ў судах, без спецыяльных паўнамоцтваў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей.

Калі хтосьці з бацькоў жыве асобна ад дзяцей, то ён не толькі мае права кантактаваць з дзецьмі, але і абавязаны прымаць удзел у іх выхаванні. Той з бацькоў, з якім жывуць дзеці, не мае права перашкаджаць другому з бацькоў кантактаваць з дзецьмі і ўдзельнічаць у іх выхаванні.

З маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў варта вылучыць правы і абавязкі бацькоў па кіраванні справамі і маёмасцю непаўналетніх дзяцей, а таксама абавязкі бацькоў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей і непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якім патрэбна дапамога.

Варта звярнуць увагу на раздзельнасць маёмасці бацькоў і дзяцей. Сумеснае пражыванне бацькоў і дзяцей (паўналетніх або непаўналетніх) не цягне за сабой узнікнення агульнай сумеснай уласнасці. Дзеці могуць карыстацца маёмасцю бацькоў, але яны не набываюць права ўласнасці на яе.

У той жа час дзецям можа належаць маёмасць, напрыклад падараваная бацькамі або іншымі асобамі, атрыманая ў спадчыну.

Непаўналетнія не валодаюць у поўным аб’ёме грамадзянскай дзеяздольнасцю, таму бацькі з улікам палажэнняў грамадзянскага заканадаўства здзяйсняюць здзелкі ад імя дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама даюць згоду на здзяйсненне шэрагу здзелак з непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Бацькі абавязаны з належным клопатам ажыццяўляць кіраванне маёмасцю дзіцяці, захоўваць памеры гэтай маёмасці, а пры магчымасці і памнажаць яе. Для здзяйснення некаторых здзелак, адным з бакоў якіх выступаюць непаўналетнія дзеці, патрабуецца таксама папярэдне атрымаць дазвол (згоду) органаў апекі і папячыцельства.

Бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх непаўналетніх дзяцей. Абавязак бацькоў выдзяляць утрыманне непаўналетнім дзецям згодна з агульным правілам спыняецца па дасягненні дзіцем паўналецця або ў выпадку набыцця непаўналетнімі дзецьмі поўнай дзеяздольнасці да дасягнення імі паўналецця. Калі дзіця з’яўляецца непрацаздольным (напрыклад, інвалідам), абавязак бацькоў па ўтрыманні захоўваецца і пры дасягненні ім паўналецця.

Не толькі бацькі абавязаны клапаціцца пра дзяцей, але і дзеці абавязаны клапаціцца пра сваіх бацькоў і аказваць ім дапамогу. Утрыманне непрацаздольных бацькоў, якім патрэбна дапамога, з’яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей, за выключэннем выпадкаў, калі раней бацькі ўхіляліся ад выканання бацькоўскіх абавязкаў або былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да гэтага дзіцяці.