§ 14. Асновы сямейнага права
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | § 14. Асновы сямейнага права |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:26 |
Паняцце сямейнага права. Сямейнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць асабістыя немаёмасныя і звязаныя з імі маёмасныя адносіны, якія ўзнікаюць паміж грамадзянамі (фізічнымі асобамі) на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення (удачарэння) і іншых форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю.
Сямейнае права рэгулюе важныя для кожнага чалавека адносіны, якія ўзнікаюць паміж членамі сям’і. Сям’я з’яўляецца найважнейшым сацыяльным інстытутам, адыгрывае асаблівую ролю ў станаўленні кожнага чалавека, забяспечваючы яго выхаванне і першасную сацыялізацыю. У сям’і чалавек засвойвае асноўныя сацыяльныя веды, маральныя перакананні, агульнапрызнаныя маральныя нормы.
Варта ўлічваць, што не ўсе адносіны, якія ўзнікаюць паміж членамі сям’і, могуць быць урэгуляваны нормамі права (каханне, павага і пад.). Сямейнае права выступае рэгулятарам асобных аспектаў сямейнага жыцця, якія дапускаюць прававую рэгламентацыю, і непарыўна звязана з маральнымі прынцыпамі пабудовы ўзаемаадносін паміж блізкімі людзьмі.
У адрозненне ад грамадзянскіх праваадносін, сямейныя праваадносіны характарызуюць асаблівыя падставы ўзнікнення (шлюб, блізкае сваяцтва, прыняцце дзяцей на выхаванне ў сям’ю), правы і абавязкі суб’ектаў сямейных праваадносін не адчужаюцца і не перадаюцца іншым асобам.
Асноўнай крыніцай права, якая рэгулюе сямейныя адносіны ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Рэгуляванне сямейных адносін накіравана на рашэнне такіх важных задач, як умацаванне сям’і; пабудова сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе жанчыны і мужчыны, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, узаемным каханні, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і; забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці.
Шлюб — гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам, накіраваны на стварэнне сям’і і спараджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі. Такім чынам, шлюб заключаецца для стварэння сям’і. З юрыдычнага пункту погляду, сям’я — гэта аб’яднанне асоб, звязаных паміж сабой маральнай і матэрыяльнай агульнасцю і падтрымкай, вядзеннем агульнай гаспадаркі, правамі і абавязкамі, якія выцякаюць са шлюбу, а таксама блізкага сваяцтва, усынаўлення.
У Рэспубліцы Беларусь прызнаецца толькі шлюб, заключаны ў органах, што рэгіструюць акты грамадзянскага стану. Да іх, напрыклад, належаць аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану (аддзелы ЗАГС) мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Дамы (Палацы) грамадзянскіх абрадаў гарадскіх выканаўчых камітэтаў. Рэлігійныя абрады, якія датычацца пытанняў шлюбу і сям’і, прававога значэння не маюць. Не спараджае юрыдычных правоў і абавязкаў мужа і жонкі сумеснае пражыванне і (ці) вядзенне агульнай гаспадаркі без рэгістрацыі заключэння шлюбу.
Для заключэння шлюбу патрабуецца выкананне пэўных умоў.
Мужчына і жанчына, якія бяруць шлюб, абавязаны прысутнічаць пры рэгістрацыі заключэння шлюбу. Па іх жаданні рэгістрацыя можа быць праведзена ва ўрачыстай абстаноўцы. Рэгістрацыя заключэння шлюбу праз прадстаўніка не дапускаецца.
Шлюб спыняецца ў выніку смерці або абвяшчэння ў судовым парадку памерлым мужа ці жонкі, а пры іх жыцці — у выніку скасавання шлюбу. Пры жыцці мужа і жонкі шлюб можа быць скасаваны судом або органам, які рэгіструе акты грамадзянскага стану (па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак у дачыненні маёмасці).
Правы і абавязкі мужа і жонкі. Правы і абавязкі мужа і жонкі ўзнікаюць з дня рэгістрацыі заключэння шлюбу. Яны дзеляцца на асабістыя немаёмасныя і маёмасныя.
Да асабістых немаёмасных правоў мужа і жонкі адносяцца:
- • права на сумеснае рашэнне пытанняў жыцця сям’і па згодзе абаіх на аснове роўнасці;
- • права на свабодны выбар прафесіі, заняткаў і месца жыхарства;
- • права на выбар прозвішча пры заключэнні шлюбу.
Артыкул 21. Пры заключэнні шлюбу муж і жонка па сваім жаданні выбіраюць прозвішча аднаго з іх у якасці агульнага прозвішча або кожны з іх захоўвае сваё дашлюбнае прозвішча.
Сямейная пара або хтосьці з яе ўдзельнікаў можа выбраць падвойнае прозвішча, якое складаецца з дашлюбных прозвішчаў мужа і жонкі. Калі падвойнае прозвішча жадаюць мець абое, па іх згодзе вызначаецца, з якога дашлюбнага прозвішча яно будзе пачынацца.
Злучэнне больш як двух прозвішчаў не дапускаецца. Калі да ўступлення ў шлюб муж і жонка ці адзін з іх мелі падвойнае прозвішча, па іх згодзе вызначаецца, з якіх частак дашлюбных прозвішчаў будзе складацца новае прозвішча.
Муж і жонка абавязаны будаваць свае адносіны ў сям’і на аснове ўзаемапавагі і ўзаемадапамогі, справядлівага размеркавання сямейных абавязкаў, садзейнічання ў рэалізацыі кожным з іх права на мацярынства (бацькоўства), фізічнае і духоўнае развіццё, атрыманне адукацыі, праяўленне сваіх здольнасцей, працу і адпачынак.
Да маёмасных адносін мужа і жонкі належаць адносіны з нагоды маёмасці, якая знаходзіцца ў агульнай сумеснай уласнасці, і адносіны па ўзаемным утрыманні.
Для сямейнай пары дзейнічае рэжым агульнасці маёмасці. Маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на імя каго з іх яна набыта або кім з іх унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю, яны маюць роўныя правы ў адносінах да гэтай маёмасці. Муж і жонка карыстаюцца роўнымі правамі на сумесна нажытую маёмасць і ў тым выпадку, калі адзін з іх у перыяд шлюбу быў заняты вядзеннем хатняй гаспадаркі, доглядам дзяцей або з іншых уважлівых прычын не меў самастойнага заробку (даходу).
Уласнасцю кожнага з сямейнай пары з’яўляецца маёмасць, якая належала кожнаму да заключэння шлюбу, а таксама атрыманая імі ў перыяд шлюбу ў падарунак (паводле дагавора дарэння) або ў спадчыну. Рэчы індывідуальнага карыстання (адзенне, абутак і г. д.), за выключэннем каштоўнасцей і іншых прадметаў раскошы, няхай і набытыя ў перыяд шлюбу за кошт агульных сродкаў мужа і жонкі, прызнаюцца маёмасцю таго з іх, хто імі карыстаўся.
Муж і жонка абавязаны матэрыяльна падтрымліваць адно аднаго. Пры адмаўленні ў такой падтрымцы ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, напрыклад, калі хтосьці з сямейнай пары з’яўляецца непрацаздольным, ён можа ў судовым парадку патрабаваць прадастаўлення ўтрымання ад другога, калі той валодае неабходнымі для гэтага сродкамі.
Асобы, якія ўступаюць у шлюб (і сямейная пара ў час шлюбу) могуць заключыць шлюбны дагавор, у якім могуць вызначыць свае правы і абавязкі інакш, чым прадугледжана ў заканадаўстве. Напрыклад, у шлюбным дагаворы можна вызначыць, што каштоўнасці і іншыя прадметы раскошы, набытыя ў перыяд шлюбу за кошт агульных сродкаў мужа і жонкі, прызнаюцца маёмасцю таго ўдзельніка сямейнай пары, хто імі карыстаўся; аўтамабіль, набыты ў час шлюбу, з’яўляецца ўласнасцю аднаго з іх і г. д.
Правы і абавязкі бацькоў і дзяцей. Асаблівасцю праваадносін паміж бацькамі і дзецьмі з’яўляецца тое, што многія правы бацькоў з’яўляюцца таксама іх абавязкамі. Напрыклад, бацькі маюць права вызначыць уласнае імя свайму дзіцяці і ў той самы час абавязаны гэта зрабіць. Таксама яны маюць права і абавязаны вызначыць месца жыхарства дзіцяці, рэгістрацыю па месцы жыхарства, месцы знаходжання і грамадзянства дзіцяці (у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам). Бацькі маюць права і абавязаны выхоўваць сваіх дзяцей, ажыццяўляць іх догляд і нагляд за імі.
У сямейным заканадаўстве замацавана паняцце выхавання, пад якім разумеецца клопат пра фізічнае, духоўнае і маральнае развіццё сваіх дзяцей, пра іх здароўе, адукацыю і падрыхтоўку да самастойнага жыцця ў грамадстве.
Бацькі з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і законных інтарэсаў у адносінах з любымі асобамі і арганізацыямі, у тым ліку ў судах, без спецыяльных паўнамоцтваў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей.
Калі хтосьці з бацькоў жыве асобна ад дзяцей, то ён не толькі мае права кантактаваць з дзецьмі, але і абавязаны прымаць удзел у іх выхаванні. Той з бацькоў, з якім жывуць дзеці, не мае права перашкаджаць другому з бацькоў кантактаваць з дзецьмі і ўдзельнічаць у іх выхаванні.
З маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў варта вылучыць правы і абавязкі бацькоў па кіраванні справамі і маёмасцю непаўналетніх дзяцей, а таксама абавязкі бацькоў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей і непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якім патрэбна дапамога.
Варта звярнуць увагу на раздзельнасць маёмасці бацькоў і дзяцей. Сумеснае пражыванне бацькоў і дзяцей (паўналетніх або непаўналетніх) не цягне за сабой узнікнення агульнай сумеснай уласнасці. Дзеці могуць карыстацца маёмасцю бацькоў, але яны не набываюць права ўласнасці на яе.
У той жа час дзецям можа належаць маёмасць, напрыклад падараваная бацькамі або іншымі асобамі, атрыманая ў спадчыну.
Непаўналетнія не валодаюць у поўным аб’ёме грамадзянскай дзеяздольнасцю, таму бацькі з улікам палажэнняў грамадзянскага заканадаўства здзяйсняюць здзелкі ад імя дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама даюць згоду на здзяйсненне шэрагу здзелак з непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Бацькі абавязаны з належным клопатам ажыццяўляць кіраванне маёмасцю дзіцяці, захоўваць памеры гэтай маёмасці, а пры магчымасці і памнажаць яе. Для здзяйснення некаторых здзелак, адным з бакоў якіх выступаюць непаўналетнія дзеці, патрабуецца таксама папярэдне атрымаць дазвол (згоду) органаў апекі і папячыцельства.
Бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх непаўналетніх дзяцей. Абавязак бацькоў выдзяляць утрыманне непаўналетнім дзецям згодна з агульным правілам спыняецца па дасягненні дзіцем паўналецця або ў выпадку набыцця непаўналетнімі дзецьмі поўнай дзеяздольнасці да дасягнення імі паўналецця. Калі дзіця з’яўляецца непрацаздольным (напрыклад, інвалідам), абавязак бацькоў па ўтрыманні захоўваецца і пры дасягненні ім паўналецця.
Не толькі бацькі абавязаны клапаціцца пра дзяцей, але і дзеці абавязаны клапаціцца пра сваіх бацькоў і аказваць ім дапамогу. Утрыманне непрацаздольных бацькоў, якім патрэбна дапамога, з’яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей, за выключэннем выпадкаў, калі раней бацькі ўхіляліся ад выканання бацькоўскіх абавязкаў або былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да гэтага дзіцяці.
1. У чым розніца паміж паняццямі «шлюб» і «сям’я»? Ці можа існаваць: шлюб без сям’і, сям’я без шлюбу?
2. Назавіце ўмовы заключэння шлюбу і падставы для спынення шлюбу.
3. Ці з’яўляецца залатое ўпрыгажэнне, набытае мужам для сваёй жонкі, асабістай уласнасцю жонкі? Ці будзе аўтамабіль, атрыманы мужам у перыяд шлюбу ў спадчыну, агульнай уласнасцю сямейнай пары?
4. На аснове аналізу прапанаванай сітуацыі растлумачце, чым адрозніваюцца паняцці «выхаванне» дзяцей, «догляд» і «нагляд» за дзецьмі. «Мама паставіла перад дзіцем талерку з супам, каб накарміць яго. Яна ўважліва сочыць, каб дзіця не выліла гарачы суп на сябе і не апяклося. Таксама яна вучыць дзіця самастойна есці суп лыжкай».
5. Пры дасягненні якога ўзросту спыняецца абавязак бацькоў па ўтрыманні сваіх непаўналетніх дзяцей? Ці абавязаны бацькі ўтрымліваць сваіх паўналетніх дзяцей? Ці ёсць абавязкі ў дзяцей у адносінах да бацькоў? Аргументуйце свой выбар прававымі нормамі, што ўтрымліваюцца ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і.