§ 13. Асновы грамадзянскага права

Грамадзянская праваздольнасць і дзеяздольнасць. Удзельнікі грамадзянскіх праваадносін валодаюць праваздольнасцю і дзеяздольнасцю.

Грамадзянская праваздольнасць — здольнасць мець грамадзянскія правы і абавязкі, у тым ліку здольнасць мець маёмасць па праву ўласнасці, атрымліваць маёмасць у спадчыну, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, заключаць дагаворы і г. д.

У грамадзян праваздольнасць узнікае з моманту нараджэння, а спыняецца ў сувязі са смерцю асобы. Прычым у сілу закону ўсе грамадзяне валодаюць роўным аб’ёмам праваздольнасці незалежна ад узросту, сацыяльнага становішча, веравызнання, нацыянальнасці. Валоданне праваздольнасцю з’яўляецца асновай для набыцця канкрэтных суб’ектыўных правоў. Так, у сілу закону кожны грамадзянін мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, але далёка не кожны гэта права на працягу свайго жыцця рэалізуе. Рэалізаваць права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю можна, прайшоўшы дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка або выступіўшы заснавальнікам камерцыйнай арганізацыі.

Узнікненне праваздольнасці юрыдычнай асобы звязваецца з яе дзяржаўнай рэгістрацыяй. Аб’ём праваздольнасці залежыць ад таго, камерцыйнай ці некамерцыйнай арганізацыяй з’яўляецца гэта юрыдычная асоба.

Асобнымі відамі дзейнасці грамадзянін ці юрыдычная асоба могуць займацца толькі пры атрыманні спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі). Напрыклад, аказваць юрыдычную дапамогу (юрыдычныя паслугі) грамадзянін можа толькі пры атрыманні ім адвакацкай ліцэнзіі, юрыдычная асоба — пры атрыманні ліцэнзіі на аказанне юрыдычных паслуг.

icon-search
Знайдзіце інфармацыю пра тое, які дзяржаўны орган выдае ліцэнзію на кожны від дзейнасці. 

Грамадзянская дзеяздольнасць — здольнасць сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх.

Дзеяздольнасць фізічных асоб у поўным аб’ёме, іншымі словамі, здольнасць сваімі дзеяннямі набываць любыя правы і абавязкі, узнікае ў сувязі з дасягненнем паўналецця (18-гадовага ўзросту). Грамадзянін, які не дасягнуў 18-гадовага ўзросту, у асобных выпадках таксама можа набыць дзеяздольнасць у поўным аб’ёме. Гэта адбываецца пры заключэнні шлюбу да 18-гадовага ўзросту або ў выніку працэдуры эмансіпацыі (абвяшчэння непаўналетняга поўнасцю дзеяздольным).

icon-search
Вызначце на аснове палажэнняў артыкула 26 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пры якіх умовах магчыма эмансіпацыя. 

Аб’ём дзеяздольнасці непаўналетніх залежыць ад іх узросту і адрозніваецца для непаўналетніх ва ўзросце да 14 гадоў (малалетніх) і непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.

icon-remember
Прыгадайце, якія здзелкі малалетнія і непаўналетнія ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў маюць права здзяйсняць самастойна. Пацвердзіце вашы веды палажэннямі артыкулаў 25, 27 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

Дзеяздольнасць юрыдычных асоб узнікае адначасова з праваздольнасцю. Паводле агульнага правіла, дзеяздольнасць юрыдычнай асобы рэалізуецца яе органамі кіравання. Напрыклад, дагавор пастаўкі, што заключаецца таварыствам з абмежаванай адказнасцю, ад імя таварыства падпісвае яго дырэктар. Юрыдычная асоба можа надаваць права выступаць ад яе імя іншым асобам — прадстаўнікам, якія дзейнічаюць на аснове даверанасці, што выдаецца органам кіравання юрыдычнай асобы (напрыклад, старшыня праўлення жыллёва-будаўнічага кааператыва выдае даверанасць члену кааператыва на прадстаўленне інтарэсаў кааператыва ў органах па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці).