Печатать книгуПечатать книгу

§ 13. Асновы грамадзянскага права

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 13. Асновы грамадзянскага права
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:11

Паняцце грамадзянскага права. Грамадзянскае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць адносіны паміж грамадзянамі і арганізацыямі (юрыдычнымі асобамі), накіраваныя на задавальненне іх уласных (асабістых) патрэб і інтарэсаў.

У нацыянальнай прававой сістэме грамадзянскае права з’яўляецца асноватворнай галіной, якая рэгулюе прыватныя грамадскія адносіны. Мы сутыкаемся з грамадзянскім правам штодзень і штогадзіны. Каб хутчэй дабрацца да школы, вы садзіцеся ў аўтобус і тым самым уступаеце ў дагаворныя адносіны па перавозцы пасажыраў; прымаючы падарунак на дзень нараджэння, уступаеце ў прававыя адносіны з дарыльшчыкам (сябрам, бацькамі); капіруючы ў інтэрнэце матэрыял для рэферата без спасылак на аўтара, здзяйсняеце правапарушэнне, якое можа пацягнуць грамадзянска-прававыя санкцыі.

icon-task
Вядомаму ірландскаму пісьменніку Бернарду Шоу належаць наступныя словы: «Калі ў вас ёсць яблык і ў мяне ёсць яблык і калі мы памяняемся гэтымі яблыкамі, то ў вас і ў мяне застанецца па адным яблыку. А калі ў вас ёсць ідэя і ў мяне ёсць ідэя і мы абменьваемся гэтымі ідэямі, то ў кожнага будзе дзве ідэі». Пра якія адносіны ідзе гаворка, калі разглядаць іх з пазіцыі грамадзянскага права? 

Грамадзянскае права рэгулюе грамадскія адносіны, якія заснаваны на трох базавых крытэрыях:

  • • юрыдычная роўнасць удзельнікаў адносін (ніхто з удзельнікаў не можа праяўляць уладу ў адносінах да іншага);
  • • аўтаномія волі (удзельнік грамадзянскіх адносін выяўляе сваю волю свабодна і, паводле агульнага правіла, не можа быць прымушаны ўступіць у такія адносіны);
  • • маёмасная самастойнасць удзельнікаў адносін (магчымасць прымаць рашэнні і несці маёмасную адказнасць за здзейсненыя дзеянні).

Найбольш распаўсюджанымі нагодамі ўзнікнення грамадзянскіх адносін выступаюць здзелкі (дагаворы) як акты свабоднага волевыяўлення суб’ектаў грамадзянскага права.

Здзелкамі прызнаюцца дзеянні грамадзян і юрыдычных асоб, накіраваныя на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Яны могуць быць як аднабаковыя (напрыклад, завяшчанне), так і шматбаковыя (напрыклад, купля-продаж).

Дагавор — дамоўленасць дзвюх ці больш асоб аб устанаўленні, змяненні або спыненні грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Дадаткі і дапаўненні да дагавора маюць такую самую сілу, што і сам дагавор. Таму перад тым, як падпісаць дагавор, неабходна ўсё прачытаць. Паставіўшы подпіс, бакі выражаюць згоду на дзеянне ўсіх палажэнняў дагавора ў адносінах да сябе.

icon-task
На аснове разнастайных грамадзянска-прававых дагавораў (напрыклад, дагавора на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, дагавора з аператарам мабільнай сувязі, крэдытнага дагавора, дагавора на аказанне турыстычных паслуг і г. д.) вызначце асноўныя структурныя часткі грамадзянска-прававога дагавора. 

Нормы грамадзянскага права, якія рэгулююць грамадзянскія адносіны, могуць утрымлівацца ў розных нарматыўных прававых актах. Асноўнай крыніцай рэгулявання выступае Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (прынятае скарачэнне — ГК). Паводле агульнага правіла, нормы грамадзянскага права, якія ўтрымліваюцца ў іншых законах, павінны адпавядаць ГК.

Суб’екты грамадзянска-прававых адносін. Удзельнікамі (суб’ектамі) адносін, якія рэгулююцца грамадзянскім правам, выступаюць грамадзяне (фізічныя асобы) і юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, а таксама Рэспубліка Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (часта выкарыстоўваецца абагульнены тэрмін — дзяржава).

Юрыдычная асоба — гэта арганізацыя, якая валодае адасобленай маёмасцю, нясе самастойную адказнасць па сваіх абавязацельствах, ад свайго імя набывае і ажыццяўляе маёмасныя і асабістыя немаёмасныя правы, выступае ў судзе. Пры гэтым трэба разумець, што, нават валодаючы такімі прыметамі, не кожная арганізацыя з’яўляецца юрыдычнай асобай, а толькі тая, якую дзяржава прызнала юрыдычнай асобай. Асноўным спосабам такога прызнання выступае дзяржаўная рэгістрацыя юрыдычнай асобы, што пацвярджаецца ўключэннем у Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб (http://egr.gov.by).

icon-task
На аснове Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначце спецыфіку прававога становішча фізічнай асобы, якая ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць. Ці можа фізічная асоба ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка (ІП)? Праверце свае высновы з дапамогай інфармацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. 

Юрыдычная асоба можа стварацца з рознымі мэтамі, у сувязі з чым вылучаюць камерцыйныя і некамерцыйныя арганізацыі. Камерцыйныя арганізацыі асноўнай мэтай дзейнасці маюць атрыманне прыбытку. Стварацца камерцыйныя арганізацыі могуць толькі ў формах, прадугледжаных ГК. Найбольш запатрабаванымі ў практыцы з’яўляюцца такія юрыдычныя асобы, як таварыствы з абмежаванай адказнасцю і акцыянерныя таварыствы, а таксама ўнітарныя прадпрыемствы. Некамерцыйныя арганізацыі ствараюцца для дасягнення канкрэтных дабрачынных, культурных, адукацыйных і іншых мэт, накіраваных на дасягненне грамадскіх даброт. Яны не ставяць на мэце атрыманне прыбытку. Такімі, у прыватнасці, з’яўляюцца палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, рэлігійныя арганізацыі, спажывецкія кааператывы і інш.

Дзяржава ўдзельнічае ў адносінах, якія рэгулююцца грамадзянскім правам, нароўні з грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі, а значыць, не можа праяўляць у такіх адносінах уласцівыя ёй уладныя паўнамоцтвы ў дачыненні да іншых удзельнікаў грамадзянска-прававых адносін. Як суб’ект грамадзянскага права дзяржава выступае, напрыклад, пры выкупе ёю будынкаў, пабудоў, якія знаходзяцца на зямельным участку, што вымаецца для дзяржаўных патрэб. У дзяржаўную уласнасць перадаюцца знойдзеныя ў выглядзе скарбу матэрыяльныя каштоўнасці, прызнаныя гістарычнай, культурнай каштоўнасцю.

Грамадзянская праваздольнасць і дзеяздольнасць. Удзельнікі грамадзянскіх праваадносін валодаюць праваздольнасцю і дзеяздольнасцю.

Грамадзянская праваздольнасць — здольнасць мець грамадзянскія правы і абавязкі, у тым ліку здольнасць мець маёмасць па праву ўласнасці, атрымліваць маёмасць у спадчыну, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, заключаць дагаворы і г. д.

У грамадзян праваздольнасць узнікае з моманту нараджэння, а спыняецца ў сувязі са смерцю асобы. Прычым у сілу закону ўсе грамадзяне валодаюць роўным аб’ёмам праваздольнасці незалежна ад узросту, сацыяльнага становішча, веравызнання, нацыянальнасці. Валоданне праваздольнасцю з’яўляецца асновай для набыцця канкрэтных суб’ектыўных правоў. Так, у сілу закону кожны грамадзянін мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, але далёка не кожны гэта права на працягу свайго жыцця рэалізуе. Рэалізаваць права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю можна, прайшоўшы дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка або выступіўшы заснавальнікам камерцыйнай арганізацыі.

Узнікненне праваздольнасці юрыдычнай асобы звязваецца з яе дзяржаўнай рэгістрацыяй. Аб’ём праваздольнасці залежыць ад таго, камерцыйнай ці некамерцыйнай арганізацыяй з’яўляецца гэта юрыдычная асоба.

Асобнымі відамі дзейнасці грамадзянін ці юрыдычная асоба могуць займацца толькі пры атрыманні спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі). Напрыклад, аказваць юрыдычную дапамогу (юрыдычныя паслугі) грамадзянін можа толькі пры атрыманні ім адвакацкай ліцэнзіі, юрыдычная асоба — пры атрыманні ліцэнзіі на аказанне юрыдычных паслуг.

icon-search
Знайдзіце інфармацыю пра тое, які дзяржаўны орган выдае ліцэнзію на кожны від дзейнасці. 

Грамадзянская дзеяздольнасць — здольнасць сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх.

Дзеяздольнасць фізічных асоб у поўным аб’ёме, іншымі словамі, здольнасць сваімі дзеяннямі набываць любыя правы і абавязкі, узнікае ў сувязі з дасягненнем паўналецця (18-гадовага ўзросту). Грамадзянін, які не дасягнуў 18-гадовага ўзросту, у асобных выпадках таксама можа набыць дзеяздольнасць у поўным аб’ёме. Гэта адбываецца пры заключэнні шлюбу да 18-гадовага ўзросту або ў выніку працэдуры эмансіпацыі (абвяшчэння непаўналетняга поўнасцю дзеяздольным).

icon-search
Вызначце на аснове палажэнняў артыкула 26 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пры якіх умовах магчыма эмансіпацыя. 

Аб’ём дзеяздольнасці непаўналетніх залежыць ад іх узросту і адрозніваецца для непаўналетніх ва ўзросце да 14 гадоў (малалетніх) і непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.

icon-remember
Прыгадайце, якія здзелкі малалетнія і непаўналетнія ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў маюць права здзяйсняць самастойна. Пацвердзіце вашы веды палажэннямі артыкулаў 25, 27 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

Дзеяздольнасць юрыдычных асоб узнікае адначасова з праваздольнасцю. Паводле агульнага правіла, дзеяздольнасць юрыдычнай асобы рэалізуецца яе органамі кіравання. Напрыклад, дагавор пастаўкі, што заключаецца таварыствам з абмежаванай адказнасцю, ад імя таварыства падпісвае яго дырэктар. Юрыдычная асоба можа надаваць права выступаць ад яе імя іншым асобам — прадстаўнікам, якія дзейнічаюць на аснове даверанасці, што выдаецца органам кіравання юрыдычнай асобы (напрыклад, старшыня праўлення жыллёва-будаўнічага кааператыва выдае даверанасць члену кааператыва на прадстаўленне інтарэсаў кааператыва ў органах па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці).

icon-questions

1. Вызначце, ці можна лічыць грамадзянска-прававымі адносіны, што ўзніклі пры наступных абставінах:

  • кантралёр выявіў у трамваі пасажыра, які ехаў без білета, і прад’явіў яму патрабаванне аб выплаце штрафу за безбілетны праезд;
  • грамадзянін X, зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, займаўся рамонтам гадзіннікаў. Для ажыццяўлення сваёй дзейнасці заключыў дагавор арэнды памяшкання і шэраг дагавораў, па якіх набыў камплектуючыя для рамонту;
  • вучань 11 класа Y скапіраваў у інтэрнэце матэрыял і выкарыстаў яго пры падрыхтоўцы рэферата без спасылак на аўтара.

Адказы абгрунтуйце.

2. Запоўніце параўнальную табліцу грамадзянскай праваздольнасці і дзеяздольнасці фізічных і юрыдычных асоб (момант узнікнення і спынення, змест і межы ажыццяўлення).

3. Хто будзе несці маёмасную адказнасць за разбітае хлопчыкамі 13 і 15 гадоў у час гульні ў футбол шкло? Адказ абгрунтуйце.

4. Вызначце, якія з пералічаных аб’ектаў непаўналетні можа атрымаць у падарунак сам: веласіпед, кватэра, машына, камп’ютар, мабільны тэлефон. Аргументуйце свой выбар прававымі нормамі, што ўтрымліваюцца ў Грамадзянскім кодэксе. 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Я — індывідуальны прадпрымальнік». З дапамогай вэб-партала АДР (http://egr.gov.by) прааналізуйце патрабаванні да грамадзяніна, які жадае заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, і запоўніце заяву на дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.