§ 13. Асновы грамадзянскага права
Паняцце грамадзянскага права. Грамадзянскае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць адносіны паміж грамадзянамі і арганізацыямі (юрыдычнымі асобамі), накіраваныя на задавальненне іх уласных (асабістых) патрэб і інтарэсаў.
У нацыянальнай прававой сістэме грамадзянскае права з’яўляецца асноватворнай галіной, якая рэгулюе прыватныя грамадскія адносіны. Мы сутыкаемся з грамадзянскім правам штодзень і штогадзіны. Каб хутчэй дабрацца да школы, вы садзіцеся ў аўтобус і тым самым уступаеце ў дагаворныя адносіны па перавозцы пасажыраў; прымаючы падарунак на дзень нараджэння, уступаеце ў прававыя адносіны з дарыльшчыкам (сябрам, бацькамі); капіруючы ў інтэрнэце матэрыял для рэферата без спасылак на аўтара, здзяйсняеце правапарушэнне, якое можа пацягнуць грамадзянска-прававыя санкцыі.



Грамадзянскае права рэгулюе грамадскія адносіны, якія заснаваны на трох базавых крытэрыях:
- • юрыдычная роўнасць удзельнікаў адносін (ніхто з удзельнікаў не можа праяўляць уладу ў адносінах да іншага);
- • аўтаномія волі (удзельнік грамадзянскіх адносін выяўляе сваю волю свабодна і, паводле агульнага правіла, не можа быць прымушаны ўступіць у такія адносіны);
- • маёмасная самастойнасць удзельнікаў адносін (магчымасць прымаць рашэнні і несці маёмасную адказнасць за здзейсненыя дзеянні).
Найбольш распаўсюджанымі нагодамі ўзнікнення грамадзянскіх адносін выступаюць здзелкі (дагаворы) як акты свабоднага волевыяўлення суб’ектаў грамадзянскага права.
Здзелкамі прызнаюцца дзеянні грамадзян і юрыдычных асоб, накіраваныя на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Яны могуць быць як аднабаковыя (напрыклад, завяшчанне), так і шматбаковыя (напрыклад, купля-продаж).
Дагавор — дамоўленасць дзвюх ці больш асоб аб устанаўленні, змяненні або спыненні грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Дадаткі і дапаўненні да дагавора маюць такую самую сілу, што і сам дагавор. Таму перад тым, як падпісаць дагавор, неабходна ўсё прачытаць. Паставіўшы подпіс, бакі выражаюць згоду на дзеянне ўсіх палажэнняў дагавора ў адносінах да сябе.

Нормы грамадзянскага права, якія рэгулююць грамадзянскія адносіны, могуць утрымлівацца ў розных нарматыўных прававых актах. Асноўнай крыніцай рэгулявання выступае Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (прынятае скарачэнне — ГК). Паводле агульнага правіла, нормы грамадзянскага права, якія ўтрымліваюцца ў іншых законах, павінны адпавядаць ГК.