§ 11-12. Канстытуцыйнае і выбарчае права

Месца Канстытуцыі ў прававой сістэме. Канстытуцыя — гэта Асноўны Закон дзяржавы, які мае найвышэйшую юрыдычную сілу. Ён замацоўвае прынцыпы і нормы рэгулявання найважнейшых грамадскіх адносін (арганізацыя дзяржавы, правы, свабоды і абавязкі чалавека і грамадзяніна, статус органаў улады).

Дзеючая Канстытуцыя была прынята 15 сакавіка 1994 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскімі рэферэндумамі 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г. у яе былі ўнесены змены і дапаўненні.

icon-task
Прыгадайце значэнне паняцця «прэамбула». Прааналізуйце прэамбулу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і вызначце: ад імя каго прынята Канстытуцыя, якія мэты яе прыняцця. 
icon-task
Вызначце, што маюць на ўвазе характарыстыкі «кансалідаваная» і «жорсткая» Канстытуцыя. Канстытуцыі якіх дзяржаў адрозніваюцца ад Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь па розных характарыстыках? Прывядзіце прыклады. 

Канстытуцыя займае асаблівае месца ў прававой сістэме і валодае пэўнымі юрыдычнымі ўласцівасцямі.

Канстытуцыя валодае ўстаноўчым характарам, гэта значыць, што ў ёй замацоўваюцца асноўныя палажэнні, на якіх будуецца новая дзяржава, развіваюцца новыя адносіны.

Канстытуцыя з’яўляецца асновай прававой сістэмы. Усе нарматыўныя прававыя акты ў дзяржаве прымаюцца на аснове Канстытуцыі і дзеля развіцця яе палажэнняў. Як правіла, Канстытуцыя замацоўвае толькі агульныя нормы, якія павінны быць удакладнены ў актах заканадаўства (законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, пастановах Савета Міністраў і г. д.).

icon-task
У якіх галінах права канкрэтызаваны прыведзеныя нормы Канстытуцыі? Як называецца прынцып, замацаваны ў артыкуле 26 Канстытуцыі? 

Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У іерархіі нарматыўных прававых актаў Канстытуцыя займае найвышэйшае становішча, усе іншыя нарматыўныя і ненарматыўныя прававыя акты, што прымаюцца ў дзяржаве, павінны адпавядаць Асноўнаму Закону.

Канстытуцыя валодае стабільнасцю, якая забяспечваецца асаблівым, ускладненым парадкам яе змянення і дапаўнення. Так, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь можа быць зменена або дапоўнена Парламентам (Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь) па ініцыятыве Прэзідэнта або не менш як 150 тыс. грамадзян, што валодаюць выбарчым правам, ці на рэферэндуме.

icon-discussions
Чаму, на ваш погляд, прыняцце закона аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі мае асаблівасці ў параўнанні з прыняццем іншых законаў? 

Каб закон аб змяненні ці дапаўненні Канстытуцыі быў прыняты, ён павінен быць адобраны двойчы кваліфікаванай большасцю галасоў (2/3 ад поўнага складу палат Парламента). Пры гэтым рашэнне аб змяненні ці дапаўненні Канстытуцыі на рэферэндуме будзе лічыцца прынятым, калі за яго прагаласуе большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

icon-task
Колькі галасоў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі неабходна, каб закон аб змяненні ці дапаўненні Канстытуцыі быў прыняты Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь? 

Раздзелы I («Асновы Канстытуцыйнага ладу»), II («Асоба, грамадства, дзяржава»), IV («Прэзідэнт, Парламент, Урад, суд») і VIII («Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення») Канстытуцыі могуць быць зменены толькі на рэферэндуме.

Канстытуцыя мае прамое дзеянне. Нормы Асноўнага Закона дзейнічаюць непасрэдна. Для іх рэалізацыі не патрабуецца выдання якіх-небудзь спецыяльных актаў. Любая прававая спрэчка можа быць вырашана на аснове Канстытуцыі.

icon-remember
Успомніце, што вы ведаеце аб Усебеларускім народным сходзе. Якой кампетэнцыяй ён валодае і чым ён важны для Беларусі?