§ 11-12. Канстытуцыйнае і выбарчае права
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | § 11-12. Канстытуцыйнае і выбарчае права |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:19 |
Права як сістэма норм. Права ўяўляе сабой сістэму агульнаабавязковых фармальна вызначаных правіл паводзінаў (норм), якія ўстанаўліваюцца дзяржавай і забяспечваюцца шляхам дзяржаўнага прымусу.
Нормы права знаходзяцца ў пэўнай сістэме, якая складаецца з галін і інстытутаў права. Галіна права аб’ядноўвае нормы, што рэгулююць аднародныя грамадскія адносіны. Як правіла, базавым нарматыўным прававым актам галіны з’яўляецца кодэкс.
Еўрапейскай прававой традыцыі ўласцівы падзел права на прыватнае і публічнае. Публічнае права ахоплівае нормы, што выражаюць інтарэсы грамадства ў цэлым і рэгулююць уладныя адносіны. Адным з бакоў у публічным праве заўсёды выступае дзяржава, якая прадпісвае пэўныя паводзіны. Прыватнае права ўключае нормы, якія адлюстроўваюць і абараняюць інтарэсы асобных грамадзян. Як правіла, у прыватным праве бакі роўныя.
Права заўсёды мае знешняе выражэнне. У юрыспрудэнцыі такое выражэнне называецца крыніцамі (формамі) права. У кожнай дзяржаве існуе ўласная гістарычна складзеная сістэма крыніц (форм) права. У Рэспубліцы Беларусь асноўнай крыніцай права з’яўляюцца нарматыўныя прававыя акты — афіцыйныя дакументы ўстаноўленай формы, прынятыя (выдадзеныя) нарматворчым органам (службовай асобай) у межах яго (яе) кампетэнцыі ці рэферэндумам. Да іх належаць Канстытуцыя і законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў і інш.
Нарматыўныя прававыя акты набываюць сілу з уключэннем у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь і афіцыйным апублікаваннем на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь (http://www.pravo.by).
Месца Канстытуцыі ў прававой сістэме. Канстытуцыя — гэта Асноўны Закон дзяржавы, які мае найвышэйшую юрыдычную сілу. Ён замацоўвае прынцыпы і нормы рэгулявання найважнейшых грамадскіх адносін (арганізацыя дзяржавы, правы, свабоды і абавязкі чалавека і грамадзяніна, статус органаў улады).
Дзеючая Канстытуцыя была прынята 15 сакавіка 1994 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскімі рэферэндумамі 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г. у яе былі ўнесены змены і дапаўненні.
Канстытуцыя займае асаблівае месца ў прававой сістэме і валодае пэўнымі юрыдычнымі ўласцівасцямі.
Канстытуцыя валодае ўстаноўчым характарам, гэта значыць, што ў ёй замацоўваюцца асноўныя палажэнні, на якіх будуецца новая дзяржава, развіваюцца новыя адносіны.
Канстытуцыя з’яўляецца асновай прававой сістэмы. Усе нарматыўныя прававыя акты ў дзяржаве прымаюцца на аснове Канстытуцыі і дзеля развіцця яе палажэнняў. Як правіла, Канстытуцыя замацоўвае толькі агульныя нормы, якія павінны быць удакладнены ў актах заканадаўства (законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, пастановах Савета Міністраў і г. д.).
Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У іерархіі нарматыўных прававых актаў Канстытуцыя займае найвышэйшае становішча, усе іншыя нарматыўныя і ненарматыўныя прававыя акты, што прымаюцца ў дзяржаве, павінны адпавядаць Асноўнаму Закону.
Канстытуцыя валодае стабільнасцю, якая забяспечваецца асаблівым, ускладненым парадкам яе змянення і дапаўнення. Так, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь можа быць зменена або дапоўнена Парламентам (Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь) па ініцыятыве Прэзідэнта або не менш як 150 тыс. грамадзян, што валодаюць выбарчым правам, ці на рэферэндуме.
Каб закон аб змяненні ці дапаўненні Канстытуцыі быў прыняты, ён павінен быць адобраны двойчы кваліфікаванай большасцю галасоў (2/3 ад поўнага складу палат Парламента). Пры гэтым рашэнне аб змяненні ці дапаўненні Канстытуцыі на рэферэндуме будзе лічыцца прынятым, калі за яго прагаласуе большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Раздзелы I («Асновы Канстытуцыйнага ладу»), II («Асоба, грамадства, дзяржава»), IV («Прэзідэнт, Парламент, Урад, суд») і VIII («Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення») Канстытуцыі могуць быць зменены толькі на рэферэндуме.
Канстытуцыя мае прамое дзеянне. Нормы Асноўнага Закона дзейнічаюць непасрэдна. Для іх рэалізацыі не патрабуецца выдання якіх-небудзь спецыяльных актаў. Любая прававая спрэчка можа быць вырашана на аснове Канстытуцыі.
Паняцце канстытуцыйнага права. Канстытуцыя з’яўляецца асноўнай крыніцай канстытуцыйнага права, вядучай галіны права прававой сістэмы любой дзяржавы.
Канстытуцыйнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць найважнейшыя грамадскія адносіны. Гэта адносіны, якія вызначаюць асновы арганізацыі дзяржавы і грамадства, асновы становішча чалавека ў дзяржаве, парадак дзейнасці дзяржаўных органаў. Важнасць дадзеных грамадскіх адносін вызначае асаблівае месца канстытуцыйнага права ў сістэме права. Яго нормы з’яўляюцца базавымі для іншых галін, таму канстытуцыйнае права часта характарызуюць як вядучую галіну. Напрыклад, нормы канстытуцыйнага права вызначаюць сістэму органаў выканаўчай улады, парадак іх фарміравання і паўнамоцтвы, што з’яўляецца асновай для адміністрацыйнага права. Замацоўваючы разнастайныя формы ўласнасці і правы ўласніка, канстытуцыйнае права стварае аснову для грамадзянскага права. Такую сувязь можна прасачыць і з іншымі галінамі.
Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь. Выбарчую сістэму можна разглядаць у шырокім сэнсе — як працэдуру фарміравання прадстаўнічых органаў улады, а таксама ў вузкім сэнсе — як спосаб размеркавання мандатаў паміж кандыдатамі, гэта значыць, спосаб падвядзення вынікаў выбараў. Пры вузкім разуменні вылучаюць такія віды выбарчых сістэм, як мажарытарная, прапарцыянальная і змешаная сістэмы.
У Рэспубліцы Беларусь прымяняецца мажарытарная сістэма адноснай і абсалютнай большасці.
Для ўдзелу ў выбарчых адносінах неабходна валодаць выбарчым правам, гэта значыць, мець магчымасць выбіраць і быць выбраным. Для таго каб выбіраць, неабходна мець грамадзянства Рэспублікі Беларусь і дасягнуць на дзень выбараў узросту 18 гадоў. Для таго каб быць выбраным, трэба адпавядаць дадатковым патрабаванням.
У выбарах не могуць удзельнічаць асобы, прызнаныя судом недзеяздольнымі, і асобы, што ўтрымліваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні таксама не могуць удзельнічаць асобы, у дачыненні да якіх прынята такая мера стрымання, як утрыманне пад вартай (але яны маюць магчымасць быць выбранымі).
Канстытуцыяй замацаваны шэраг прынцыпаў выбарчага права, што вызначаюць працэс яго рэалізацыі. Артыкул 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчае: «Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні».
Выбарчы працэс — гэта працэс правядзення выбараў, які складаецца з самастойных стадый. Працэдура правядзення выбараў падрабязна ўрэгулявана Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Стадыямі выбарчага працэсу з’яўляюцца:
- 1) прызначэнне даты выбараў. Выбары Прэзідэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а ўсе астатнія выбары — Прэзідэнтам;
- 2) утварэнне выбарчых камісій. Падрыхтоўку і правядзенне выбараў забяспечваюць Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (дзейнічае пастаянна), а таксама спецыяльна створаныя акруговыя, тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі;
- 3) утварэнне выбарчых акруг, ад якіх выбіраюцца выбарныя службовыя асобы, і ўчасткаў для галасавання, на якіх непасрэдна праводзіцца галасаванне;
- 4) складанне спіса выбаршчыкаў, у які ўключаюцца асобы, якія валодаюць выбарчым правам і зарэгістраваны на тэрыторыі адпаведнага ўчастка для галасавання;
- 5) вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў. Кандыдаты ў Прэзідэнты могуць вылучацца толькі грамадзянамі (пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў), а кандыдаты ў дэпутаты — грамадзянамі, палітычнымі партыямі і працоўнымі калектывамі;
- 6) перадвыбарная агітацыя з мэтай заахвоціць грамадзян прыняць удзел у выбарах, галасаваць за таго ці іншага кандыдата;
- 7) галасаванне, якое ажыццяўляецца шляхам прастаўлення адзнакі ў выбарчым бюлетэні;
- 8) падлік і абвяшчэнне вынікаў выбараў, якія арганізуюцца выбарчымі камісіямі.
Рэферэндумы ў Рэспубліцы Беларусь. Важным элементам непасрэднай дэмакратыі з’яўляюцца рэферэндумы. Рэферэндум — гэта галасаванне, шляхам якога грамадзяне прымаюць рашэнні па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця.
Рэферэндумы могуць быць некалькіх відаў:
- • у залежнасці ад тэрыторыі правядзення вылучаюць рэспубліканскія (разглядаюцца пытанні рэспубліканскага значэння) і мясцовыя (разглядаюцца пытанні, якія маюць значэнне для адпаведнай часткі тэрыторыі дзяржавы);
- • па абавязковасці рашэння вылучаюць імператыўныя (рашэнне носіць абавязковы характар) і кансультацыйныя рэферэндумы;
- • у залежнасці ад неабходнасці правядзення вылучаюць абавязковыя (калі рашэнне можа быць прынята толькі рэферэндумам) і факультатыўныя (калі рэферэндум з’яўляецца толькі адным з магчымых спосабаў прыняцця рашэння) рэферэндумы;
- • па прадмеце вылучаюць канстытуцыйныя (па пытаннях змянення і дапаўнення Канстытуцыі) і звычайныя (па ўсіх іншых пытаннях) рэферэндумы.
Вызначце розніцу паміж нормамі адносна колькасці галасоў, неабходных для прыняцця рашэння звычайным і канстытуцыйным рэферэндумамі.
У спісы выбаршчыкаў на рэферэндум у краіне Х унесена 1000 чалавек. Яўка склала 80 %. Колькі галасоў «за» будзе дастаткова для прыняцця рашэння, калі гэта звычайны рэферэндум, і колькі галасоў «за» неабходна для прыняцця рашэння, калі гэта канстытуцыйны рэферэндум?
Рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання. Лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме. Рашэнні, прынятыя рэферэндумам, могуць быць скасаваны або зменены толькі шляхам рэферэндуму (калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам).
У Рэспубліцы Беларусь рэферэндум праводзіўся тройчы — 14 мая 1995 г., 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г.
1. Складзіце схему «Права» па наступным плане: а) азначэнне; б) прыметы; в) асноўныя галіны; г) асноўныя крыніцы (формы) права.
2. Складзіце схему «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь» па наступным плане: а) азначэнне Канстытуцыі; б) дата прыняцця; в) асноўныя характарыстыкі; г) юрыдычныя ўласцівасці.
3. Дайце азначэнне паняцця канстытуцыйнага права і назавіце асаблівасці канстытуцыйнага права ў сістэме права Рэспублікі Беларусь.
4. Якая са стадый выбарчага працэсу часцей за ўсё асацыіруецца з паняццем «выбары»? Раскрыйце сутнасць дадзенай стадыі.
5. Вырашыце сітуацыю: Сяргей Пятровіч жадае балаціравацца ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Яму 37 гадоў, ён грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, мае вышэйшую адукацыю і ўласнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, апошнія 3 гады жыве ў Расійскай Федэрацыі. Ці можа Сяргей Пятровіч быць зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты?