*§ 11-0. Юрыдычныя навукі і прафесіі

Следчы. Следчым з’яўляецца службовая асоба, закліканая ажыццяўляць папярэдняе следства па крымінальных справах, г. зн. расследаваць крымінальныя злачынствы.

Следчым можа стаць паўналетні грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і здольны па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стане здароўя ажыццяўляць папярэдняе следства.

Да задач, што стаяць перад следчым, належыць усебаковае, поўнае і аб’ектыўнае даследаванне акалічнасцей крымінальнай справы, прад’яўленне абвінавачання асобе, у адносінах да якой ёсць доказы яе дачынення да злачынства, вызначэнне меры стрымання для абвінавачанага, падрыхтоўка крымінальнай справы і перадача яе пракурору для накіравання ў суд.

Следчы валодае значнай самастойнасцю пры правядзенні папярэдняга расследавання, што патрабуе ад яго ведання крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, методык расследавання канкрэтных злачынстваў, ведаў у галіне псіхалогіі, а таксама наяўнасці такіх асабістых якасцей, як ініцыятыўнасць, рашучасць, настойлівасць, адказнасць.