*§ 11-0. Юрыдычныя навукі і прафесіі
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | *§ 11-0. Юрыдычныя навукі і прафесіі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:13 |
Паняцце правазнаўства. Правазнаўства, ці юрыспрудэнцыя (ад лац. jus — «права» і prudentia — «прадбачанне», «веданне») — гэта навука, якая вывучае права, дзяржаву і яе інстытуты, а таксама практыку прымянення прававых норм. Радзімай правазнаўства лічыцца Старажытны Рым, дзе ажыццяўлялася сістэматычная падрыхтоўка прафесійных правазнаўцаў. Значэнне юрыстаў для Старажытнага Рыма добра ілюструе той факт, што працы найбольш вядомых старажытнарымскіх правазнаўцаў — Ульпіяна, Папініяна, Паўла, Гая і Мадэсціна — прызнаваліся крыніцамі права.
Правазнаўства належыць да грамадскіх навук, г. зн. навук, якія вывучаюць грамадства з розных пазіцый. Правазнаўства, як і іншыя грамадскія навукі, мае асаблівы прадмет, які ўключае:
- • права як сукупнасць агульнаабавязковых правіл паводзінаў, якія дзейнічаюць у цяперашні час або прымяняліся ў мінулым;
- • дзяржава як механізм, які шляхам прававых норм забяспечвае кіраванне грамадствам;
- • юрыдычную практыку — практыку прымянення прававых норм у канкрэтных адносінах.
Правазнаўства рашае шэраг задач, сярод якіх можна назваць наступныя:
- 1) вызначэнне сутнасці права, распрацоўка асноўных навуковых катэгорый (такіх як «права», «абавязак», «прававы статус», «прававы прынцып» і г. д.);
- 2) абгрунтаванне прычын і ўмоў узнікнення дзяржавы і права;
- 3) асэнсаванне сутнасці працэсаў, якія адбываюцца ў дзяржаве і грамадстве;
- 4) вызначэнне магчымых напрамкаў развіцця права і дзяржавы;
- 5) выпрацоўка рэкамендацый па ўдасканаленні прававой сістэмы і функцыянаванні дзяржаўных інстытутаў.
Такім чынам, правазнаўства не абмяжоўваецца вывучэннем толькі прававых норм, а займаецца таксама даследаваннем такіх важных пытанняў, як вызначэнне прычын узнікнення тых або іншых правіл паводзінаў, ролі дзяржавы ў дзейнасці па ўстанаўленні і прымяненні норм права, прынцыпаў узаемадзеяння дзяржавы і грамадзян, выяўленне праблем рэалізацыі прававых норм і выпрацоўка прапаноў па іх вырашэнні.
Тэарэтычныя і прыкладныя навукі аб праве. Правазнаўства па сваім змесце з’яўляецца складанай навукай, якая ўключае ў сябе розныя навукі, звязаныя з правам. Усе юрыдычныя навукі можна падзяліць на тры групы:
1) тэарэтычныя і гістарычныя юрыдычныя навукі. Такія навукі вывучаюць сутнасць і развіццё права і дзяржавы на пэўных этапах, фарміруюць агульныя ўяўленні аб праве і дзяржаве. Тэарэтычныя навукі выступаюць асновай для ўсіх іншых юрыдычных навук, іх часта называюць фундаментальнымі. У дадзеную групу ўваходзяць тэорыя дзяржавы і права, гісторыя дзяржавы і права, гісторыя прававых і палітычных вучэнняў і г. д.;
2) галіновыя юрыдычныя навукі. Дадзеныя навукі займаюцца вывучэннем груп адносін, якія рэгулююцца канкрэтнымі галінамі права. Галіновыя юрыдычныя навукі выяўляюць асаблівасці пэўнай галіны права, яе характэрныя рысы і адрозненні ад іншых галін. Да іх належаць канстытуцыйнае права, грамадзянскае права, працоўнае права, крымінальнае права і г. д. Пры гэтым важна адрозніваць галіновую навуку і галіну права, якія маюць аднолькавыя назвы. Навука вывучае права, а адпаведная галіна рэгулюе грамадскія адносіны;
3) прыкладныя юрыдычныя навукі. Асаблівая група юрыдычных навук, якія непасрэдна не звязаны з вывучэннем якіх-небудзь прававых норм. Гэтыя навукі знаходзяцца на стыку юрыдычных і неюрыдычных навук, яны вывучаюць звязаныя з правам з’явы, выкарыстоўваючы веды іншых навук (сацыялогіі, псіхалогіі, медыцыны, хіміі і г. д.). Да прыкладных юрыдычных навук належаць крыміналістыка, судовая псіхіятрыя, судовая бухгалтэрыя і г. д.
Размяркуйце юрыдычныя навукі па іх відах, запоўніўшы табліцу.
Адміністрацыйнае права, грамадзянска-працэсуальнае права, гісторыя дзяржавы і права замежных краін, гісторыя палітычных вучэнняў, канстытуцыйнае права, судовая бухгалтэрыя, судовая медыцына, тэорыя права, працоўнае права, гаспадарчае права, юрыдычная псіхалогія.
Тэарэтычныя навукі | Галіновыя навукі | Прыкладныя навукі |
---|---|---|
Прафесія — юрыст. Спецыялісты, якія прымяняюць веды аб праве на практыцы ў рэальных адносінах, называюцца юрыстамі. Падрыхтоўка юрыстаў ажыццяўляецца па розных напрамках. Юрысты забяспечваюць рэалізацыю прававых норм у адносінах, якія ўзнікаюць у палітычнай, эканамічнай, працоўнай, лічбавай, сямейнай і іншых сферах. Важнасць правільнага прымянення прававых норм вызначае існаванне спецыялізацый у юрыдычнай прафесіі.
Да юрыдычных належаць такія прафесіі, як адвакат, натарыус, пракурор, следчы, суддзя, юрысконсульт і інш. Кожная прафесія прадугледжвае наяўнасць спецыяльных паўнамоцтваў, аднак перад усімі юрыстамі стаіць агульная задача — забеспячэнне правоў і свабод асобы, умацаванне правапарадку.
Адвакат. Адвакат — гэта асоба, якая аказвае на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу фізічным і юрыдычным асобам з мэтай ажыццяўлення і абароны іх правоў і свабод.
Стаць адвакатам можа грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і стаж працы па спецыяльнасці не меншы за тры гады, прайшоў стажыроўку і здаў кваліфікацыйны экзамен. Ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць магчыма толькі на аснове спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі).
Для таго каб паспяхова ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць, неабходна не толькі валодаць ведамі ў галіне права, але і мець шэраг асабістых якасцей, якія дазваляюць паспяхова прадстаўляць інтарэсы заказчыка, упэўнена выступаць у судзе, весці перамовы і г. д.
Адвакаты ажыццяўляюць розную дзейнасць: праводзяць кансультацыі па прававых пытаннях, складаюць заявы, скаргі і хадайніцтвы, абслугоўваюць камерцыйныя аперацыі, прадстаўляюць інтарэсы фізічных і юрыдычных асоб у судовым працэсе і інш.
1. Адвакат мае права аказваць кліентам любую юрыдычную дапамогу, якая ім патрэбна.
2. Адвакат, выступаючы ў якасці прадстаўніка ці абаронцы, мае права:
- прадстаўляць правы і інтарэсы кліентаў, якія звярнуліся па юрыдычную дапамогу, у судах, дзяржаўных органах, іншых арганізацыях і перад фізічнымі асобамі;
- самастойна збіраць і прадстаўляць звесткі, якія датычацца акалічнасцей справы;
- рабіць запыт пра даведкі, характарыстыкі і іншыя дакументы, неабходныя ў сувязі з аказаннем юрыдычнай дапамогі, у дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, якія абавязаны ва ўстаноўленым парадку выдаваць гэтыя дакументы або іх копіі;
- бесперашкодна і канфідэнцыйна кантактаваць сам-насам са сваім кліентам;
- заяўляць хадайніцтвы, падаваць ва ўстаноўленым парадку скаргі на дзеянні суда, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, службовых асоб, якія ўшчамляюць правы, свабоды і інтарэсы кліента, а таксама правы адваката пры ажыццяўленні ім прафесійных абавязкаў…
Натарыус. Натарыус — гэта асоба, якая здзяйсняе натарыяльныя дзеянні, г. зн. дзеянні, што надаюць юрыдычную сілу дагаворам і іншым дакументам.
Натарыусам можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і стаж працы па юрыдычнай спецыяльнасці не меншы за тры гады, прайшоў прафесійную стажыроўку, здаў кваліфікацыйны экзамен і атрымаў пасведчанне на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці.
Да паўнамоцтваў натарыуса належаць здзяйсненне натарыяльных дзеянняў, састаўленне праектаў здзелак, даверанасцей, згод, адмоў, заяў і іншых натарыяльных дакументаў, выраб копіі дакументаў і выпісак з дакументаў, тлумачэнне і кансультаванне па пытаннях здзяйснення натарыяльных дзеянняў.
Для паспяховага ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў натарыус павінен не толькі ведаць заканадаўства, але і быць цярплівым і ўважлівым да дэталяў, бо ад яго рашэння часта залежыць дапушчальнасць выкарыстання таго або іншага дакумента, магчымасць рэалізацыі ці абароны правоў.
1. Натарыус абавязаны:
- быць членам Беларускай натарыяльнай палаты;
- заключыць дагавор страхавання грамадзянскай адказнасці натарыуса за прычыненне натарыусам шкоды маёмасці;
- выконваць устаноўленыя заканадаўствам патрабаванні да ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці;
- шчыра і добрасумленна забяспечваць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, дзяржаўных інтарэсаў шляхам здзяйснення натарыяльных дзеянняў;
- правяраць сапраўднасць прадстаўленых грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі для здзяйснення натарыяльных дзеянняў звестак і (ці) дакументаў;
- тлумачыць грамадзянам і юрыдычным асобам, якія звярнуліся па здзяйсненне натарыяльнага дзеяння, іх правы і абавязкі, папярэджваць аб наступствах здзейсненага натарыяльнага дзеяння…
Пракурор. Пракурорам з’яўляецца службовая асоба, якая ажыццяўляе прафесійную дзейнасць з мэтай забеспячэння верхавенства права, законнасці і правапарадку, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый. Служба ў органах пракуратуры з’яўляецца дзяржаўнай службай.
На пасаду пракурора можа быць назначаны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і валодае неабходнымі прафесійнымі і маральнымі якасцямі.
Да паўнамоцтваў пракурора належаць ажыццяўленне нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем заканадаўства ў розных сферах, каардынацыя праваахоўнай дзейнасці, падтрымка дзяржаўнага абвінавачвання па крымінальных справах у судах, удзел у разглядзе эканамічных, працоўных, сямейных і іншых спрэчак.
Шматпланавасць дзейнасці пракуратуры патрабуе наяўнасці ў пракурора глыбокіх ведаў ва ўсіх галінах права, у эканоміцы, інфармацыйных стасунках, а таксама такіх асабістых якасцей, як адказнасць, аналітычнае мысленне, упэўненасць і інш.
…пракуратура ажыццяўляе нагляд за:
дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовымі прадстаўнікамі, выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, рэлігійнымі арганізацыямі і іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
выкананнем заканадаўства пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці;
выкананнем закона ў ходзе дасудовай вытворчасці, пры вядзенні папярэдняга следства і дазнання;
адпаведнасцю закону судовых пастаноў, а таксама за захаваннем заканадаўства пры іх выкананні;
захаваннем заканадаўства пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, а таксама мер прымусовага характару.
Следчы. Следчым з’яўляецца службовая асоба, закліканая ажыццяўляць папярэдняе следства па крымінальных справах, г. зн. расследаваць крымінальныя злачынствы.
Следчым можа стаць паўналетні грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і здольны па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стане здароўя ажыццяўляць папярэдняе следства.
Да задач, што стаяць перад следчым, належыць усебаковае, поўнае і аб’ектыўнае даследаванне акалічнасцей крымінальнай справы, прад’яўленне абвінавачання асобе, у адносінах да якой ёсць доказы яе дачынення да злачынства, вызначэнне меры стрымання для абвінавачанага, падрыхтоўка крымінальнай справы і перадача яе пракурору для накіравання ў суд.
Следчы валодае значнай самастойнасцю пры правядзенні папярэдняга расследавання, што патрабуе ад яго ведання крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, методык расследавання канкрэтных злачынстваў, ведаў у галіне псіхалогіі, а таксама наяўнасці такіх асабістых якасцей, як ініцыятыўнасць, рашучасць, настойлівасць, адказнасць.
Суддзя. Суддзя — гэта асоба, назначаная (абраная) ва ўстаноўленым парадку і надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні правасуддзя. Асноўнае прызначэнне суддзяў — вырашаць спрэчкі, што ўзнікаюць паміж суб’ектамі ў розных сферах публічнага і прыватнага жыцця. Дзейнасць суддзяў накіравана на абарону асабістых, сацыяльна-эканамічных і палітычных правоў грамадзян, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, правоў арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Да кандыдатаў на пасаду суддзі прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, якія ўключаюць як высокі ўзровень ведання права, так і наяўнасць жыццёвага вопыту. Суддзямі агульных судоў могуць стаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 25-гадовага ўзросту, валодаюць беларускай і рускай мовамі, маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю з прысваеннем кваліфікацыі, стаж працы па спецыяльнасці не меншы за тры гады, не здзейснілі ўчынкаў, што іх ганьбяць. Акрамя таго, кандыдат на пасаду суддзі павінен паспяхова здаць кваліфікацыйны экзамен.
Больш строгія патрабаванні прад’яўляюцца да суддзяў Канстытуцыйнага Суда, асноўным паўнамоцтвам якога з’яўляецца праверка актаў на адпаведнасць іх Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і вышэйшым актам. Накіраванасць дзейнасці Канстытуцыйнага Суда патрабуе наяўнасці ў суддзяў высокай кваліфікацыі ў галіне права.
Для эфектыўнай дзейнасці суддзяў важнай умовай з’яўляецца іх незалежнасць і падпарадкаванне толькі закону. Заканадаўствам забараняецца аказваць які-небудзь ціск на суддзяў, прымушаць іх да прыняцця пэўнага рашэння па справе. Суддзі валодаюць недатыкальнасцю, якая распаўсюджваецца на іх жыллё, службовае памяшканне, транспарт і сродкі сувязі, карэспандэнцыю, маёмасць і дакументы, што імі выкарыстоўваюцца.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь закліканы абараняць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, забяспечваць верхавенства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднае дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасць нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, зацвярджэнне законнасці ў норматворчасці і правапрымяненні, вырашэнне іншых пытанняў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дадзеным Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Суды агульнай юрысдыкцыі ў Рэспубліцы Беларусь закліканы абараняць гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства асабістыя правы і свабоды, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя правы грамадзян, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя і грамадскія інтарэсы, правы арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама забяспечваць правільнае прымяненне заканадаўства пры ажыццяўленні правасуддзя, садзейнічаць умацаванню законнасці і папярэджанню правапарушэнняў.
Юрысконсульт. Юрысконсультам з’яўляецца работнік юрыдычнай службы дзяржаўных органаў, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў.
Пасаду юрысконсульта можа заняць грамадзянін (у тым ліку замежны), які мае вышэйшую або сярэднюю спецыяльную юрыдычную адукацыю.
Асаблівасцю працы юрысконсульта з’яўляецца тое, што яе змест у многім залежыць ад сферы дзейнасці, профілю адпаведнага дзяржаўнага органа, арганізацыі, установы або прадпрыемства. Напрыклад, юрысконсульт установы аховы здароўя павінен валодаць ведамі ў пытаннях закупкі медыцынскіх тавараў, а юрысконсульт фабрыкі — ведаць і граматна прымяняць заканадаўства аб куплі-продажы, пастаўках, арэндзе і да т. п. Праца юрысконсульта адказная, бо ён удзельнічае ў падрыхтоўцы ўсіх дакументаў прававога характару адпаведнага органа ці арганізацыі — загадаў і распараджэнняў кіраўнікоў, розных дамоўленасцей і пагадненняў, прэтэнзій, іскавых заяў і г. д. Усе работнікі органа ці арганізацыі могуць звярнуцца да юрысконсульта па кансультацыю па юрыдычных пытаннях, якую той абавязаны даць. Пры гэтым асноўнай задачай любога юрысконсульта з’яўляецца забеспячэнне надзейнай эфектыўнай дзейнасці органа, арганізацыі, установы, прадпрыемства.
Якія яшчэ юрыдычныя прафесіі вам знаёмы?
Запоўніце табліцу, упісаўшы функцыі, якія выконваюць юрысты на пазначаных пасадах. Ці можа адна і тая ж функцыя выконвацца юрыстамі, якія займаюць розныя пасады?
Правядзенне кансультацый па пытаннях прымянення працоўнага заканадаўства, састаўленне іскавой заявы, узбуджэнне крымінальнай справы, засведчванне дыплома, агляд месца злачынства, састаўленне праекта даверанасці, падрыхтоўка загада аб прыёме на працу, апытанне сведкаў, засведчванне завяшчання, прадстаўленне інтарэсаў асобы ў судовым працэсе, тлумачэнне парадку спагнання аліментаў.
Адвакат | Следчы | Натарыус | Юрысконсульт |
---|---|---|---|
Дапамажыце скласці рэзюме грамадзяніну, які прэтендуе на пасаду: а) натарыуса; б) адваката; в) юрысконсульта; г) следчага.
Якія звесткі павінны быць указаны ў абавязковым парадку, а якія пажадана ўказаць?