*§ 11-0. Юрыдычныя навукі і прафесіі

Пракурор. Пракурорам з’яўляецца службовая асоба, якая ажыццяўляе прафесійную дзейнасць з мэтай забеспячэння верхавенства права, законнасці і правапарадку, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый. Служба ў органах пракуратуры з’яўляецца дзяржаўнай службай.

На пасаду пракурора можа быць назначаны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і валодае неабходнымі прафесійнымі і маральнымі якасцямі.

Да паўнамоцтваў пракурора належаць ажыццяўленне нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем заканадаўства ў розных сферах, каардынацыя праваахоўнай дзейнасці, падтрымка дзяржаўнага абвінавачвання па крымінальных справах у судах, удзел у разглядзе эканамічных, працоўных, сямейных і іншых спрэчак.

Шматпланавасць дзейнасці пракуратуры патрабуе наяўнасці ў пракурора глыбокіх ведаў ва ўсіх галінах права, у эканоміцы, інфармацыйных стасунках, а таксама такіх асабістых якасцей, як адказнасць, аналітычнае мысленне, упэўненасць і інш.

Артыкул 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 2007 г. № 220-З «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь»

…пракуратура ажыццяўляе нагляд за:

дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовымі прадстаўнікамі, выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, рэлігійнымі арганізацыямі і іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі;

выкананнем заканадаўства пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці;

выкананнем закона ў ходзе дасудовай вытворчасці, пры вядзенні папярэдняга следства і дазнання;

адпаведнасцю закону судовых пастаноў, а таксама за захаваннем заканадаўства пры іх выкананні;

захаваннем заканадаўства пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, а таксама мер прымусовага характару.