*§ 11-0. Юрыдычныя навукі і прафесіі

Тэарэтычныя і прыкладныя навукі аб праве. Правазнаўства па сваім змесце з’яўляецца складанай навукай, якая ўключае ў сябе розныя навукі, звязаныя з правам. Усе юрыдычныя навукі можна падзяліць на тры групы:

1) тэарэтычныя і гістарычныя юрыдычныя навукі. Такія навукі вывучаюць сутнасць і развіццё права і дзяржавы на пэўных этапах, фарміруюць агульныя ўяўленні аб праве і дзяржаве. Тэарэтычныя навукі выступаюць асновай для ўсіх іншых юрыдычных навук, іх часта называюць фундаментальнымі. У дадзеную групу ўваходзяць тэорыя дзяржавы і права, гісторыя дзяржавы і права, гісторыя прававых і палітычных вучэнняў і г. д.;

2) галіновыя юрыдычныя навукі. Дадзеныя навукі займаюцца вывучэннем груп адносін, якія рэгулююцца канкрэтнымі галінамі права. Галіновыя юрыдычныя навукі выяўляюць асаблівасці пэўнай галіны права, яе характэрныя рысы і адрозненні ад іншых галін. Да іх належаць канстытуцыйнае права, грамадзянскае права, працоўнае права, крымінальнае права і г. д. Пры гэтым важна адрозніваць галіновую навуку і галіну права, якія маюць аднолькавыя назвы. Навука вывучае права, а адпаведная галіна рэгулюе грамадскія адносіны;

icon-discussions
У чым праяўляецца ўзаемны ўплыў галіновай юрыдычнай навукі і адпаведнай галіны права? 

3) прыкладныя юрыдычныя навукі. Асаблівая група юрыдычных навук, якія непасрэдна не звязаны з вывучэннем якіх-небудзь прававых норм. Гэтыя навукі знаходзяцца на стыку юрыдычных і неюрыдычных навук, яны вывучаюць звязаныя з правам з’явы, выкарыстоўваючы веды іншых навук (сацыялогіі, псіхалогіі, медыцыны, хіміі і г. д.). Да прыкладных юрыдычных навук належаць крыміналістыка, судовая псіхіятрыя, судовая бухгалтэрыя і г. д.

icon-task

Размяркуйце юрыдычныя навукі па іх відах, запоўніўшы табліцу.

Адміністрацыйнае права, грамадзянска-працэсуальнае права, гісторыя дзяржавы і права замежных краін, гісторыя палітычных вучэнняў, канстытуцыйнае права, судовая бухгалтэрыя, судовая медыцына, тэорыя права, працоўнае права, гаспадарчае права, юрыдычная псіхалогія. 

Тэарэтычныя навукіГаліновыя навукіПрыкладныя навукі