* § 10-1. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін

Удзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях. Беларусь з’яўляецца заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і беларуская дэлегацыя ў ліку іншых дэлегацый, якія прадстаўляюць першапачатковых членаў Арганізацыі, падпісала ў кастрычніку 1945 г. у Сан-Францыска Статут ААН.

icon-search
Вызначце па подпісе пад дакументам, хто падпісаў яго ад Беларусі. 
icon-search
Даведайцеся, якая першая буйная беларуская ініцыятыва была прапанавана на першай Генеральнай Асамблеі ААН у 1946 г. 

Беларусь увайшла ў склад ЮНЕСКА ў 1954 г. і на працягу многіх гадоў падтрымлівае з гэтай міжнароднай арганізацыяй плённыя, дынамічныя адносіны. З дапамогай ЮНЕСКА ў нашай краіне рэалізуецца мноства цікавых праектаў у сферы адукацыі, навукі, інфармацыі, камунікацый і, безумоўна, культуры.

У кастрычніку 1988 г. Беларусь далучылася да Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, прынятай ЮНЕСКА ў 1972 г.

icon-search

Даведайцеся, якія 4 аб’екты, што знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 

Беларусь і беларусы ў Календары памятных дат ЮНЕСКА

  • • 200-годдзе з дня нараджэння вучонага, геолага Ігната Дамейкі (2002)
  • • 200-годдзе з дня нараджэння мастака і кампазітара Напалеона Орды (2007)
  • • 200-годдзе з дня нараджэння паэта, драматурга і акцёра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (2008)
  • • 600-годдзе запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы (2009)
  • • 200-годдзе з дня нараджэння мастака Івана Хруцкага (2010)
  • • 1150-годдзе першага ўпамінання ў летапісах горада Полацка (2012)
  • • 200-годдзе з дня нараджэння вучонага і дыпламата Іосіфа Гашкевіча (2014)
  • • 250-годдзе з дня нараджэння палітычнага дзеяча, дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага (2015)
  • • 150-годдзе з дня нараджэння жывапісца, тэатральнага мастака, дэкаратара і мадэльера Леона Бакста (2016)
  • • 500-годдзе беларускага кнігадрукавання (2017)
  • • 300-годдзе з дня нараджэння Саламеі Рэгіны Русецкай (1718–1763 гг.) (Беларусь пры падтрымцы Літвы, Польшчы і Расіі, 2015)
  • • 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі (1819–1872 гг.) (Польшча, Беларусь і Літва пры падтрымцы Латвіі і Румыніі, 2019)
  • • 150-годдзе з дня нараджэння Фердынанда Рушыца (1870–1936 гг.), мастака-пейзажыста, графіка, тэатральнага дэкаратара, педагога (Беларусь і Польшча пры падтрымцы Літвы і Расіі, 2020)
  • • 100-годдзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2021)

Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь у ЮНІСЕФ здзяйсняецца на доўгатэрміновай праграмнай аснове. У цяперашні час рэалізуецца Краінавая праграма на 2016–2020 гг. У яе аснове — нацыянальныя прыярытэты Рэспублікі Беларусь у галіне сацыяльнага развіцця, аховы здароўя і адукацыі. Вынікі апошняга сітуацыйнага аналізу, праведзенага ЮНІСЕФ разам з Урадам Беларусі, выявілі 4 галіны, якія патрабуюць неадкладных інвестыцый і сумеснай працы: сям’я і бяспечнае асяроддзе для дзяцей; уцягванне і абарона падлеткаў; ранняе ўмяшанне і інклюзія дзяцей з інваліднасцю; вывучэнне стану дзяцей і ўмацаванне партнёрства.

Мінск з’яўляецца афіцыйным месцам знаходжання шэрагу органаў міжнародных арганізацый: Выканаўчага камітэта СНД, Эканамічнага суда СНД, Суда ЕАЭС.

У 2021 г. Беларусь старшынствуе ў СНД і асаблівую ўвагу надае пытанню дасягнення сінергетычнага эфекту ад супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у розных інтэграцыйных аб’яднаннях і арганізацыях (Саюзная дзяржава, ЕАЭС, АДКБ, ШАС).

У 2020 г. Беларусь старшынствавала ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза — Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі. Беларусь імкнецца да таго, каб не пазней за 2025 г. была выканана асноўная задача ЕАЭС — сфарміраваны паўнавартасны эканамічны саюз з агульным рынкам і чатырма свабодамі: перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы, зняты бар’еры ў гандлі, сфарміраваны агульныя энергетычныя рынкі.