* § 10-1. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін
Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца суверэннай незалежнай дзяржавай і паўнапраўным суб’ектам міжнароднага права. Наша краіна мэтанакіравана праводзіць палітыку мірнага суседства, канструктыўнага супрацоўніцтва, выступае за бяспеку і ўстойлівае развіццё.

Асноўныя прынцыпы, мэты і задачы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь заканадаўча замацаваны ў Законе «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» ад 14 лістапада 2005 г. № 60-3.

Міралюбная знешняя палітыка нашай дзяржавы — і адлюстраванне каштоўнасных установак ва ўнутранай палітыцы дзяржавы, і геапалітычная рэальнасць, і гістарычная традыцыя. Беларусь ва ўсе перыяды адыгрывае актыўную ролю ў фарміраванні мірнага парадку дня міжнародных адносін, узаемавыгаднага міжнароднага супрацоўніцтва.