§ 10. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін

Міжнароднае супрацоўніцтва. Пад міжнародным супрацоўніцтвам разумеюць сумесныя дзеянні суб’ектаў міжнародных адносін у сферы іх узаемных інтарэсаў, іх узаемазвязаную дзейнасць па ўзгадненні сваіх пазіцый, вырашэнні агульназначных праблем і прыняцці ўзаемапрымальных рашэнняў. Для гэтага выкарыстоўваюцца палітычныя, эканамічныя, ваенныя і прапагандысцкія сродкі.

У лютым 2015 г. на старонках шматлікіх сусветных медыя было апублікавана фота з сустрэчы ў беларускай сталіцы кіраўнікоў Беларусі, Расіі, Германіі, Францыі і Украіны — А. Р. Лукашэнкі, У. У. Пуціна, А. Меркель, Ф. Аланда, П. А. Парашэнкі. Вынікам міжнароднага саміту сталі Мінскія пагадненні аб урэгуляванні ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны, якія ўвайшлі ў гісторыю дыпламатыі.

icon-search
Даведайцеся, чаму пляцоўкай для перагавораў «нармандскай чацвёркі» быў абраны менавіта Мінск. Які статус у Мінскіх пагадненняў сёння? 

Да палітычных сродкаў адносіцца дыпламатыя, якая ажыццяўляецца ў выглядзе перагавораў, візітаў, спецыяльных канферэнцый і нарад, сустрэч, падрыхтоўкі і заключэння двухбаковых і шматбаковых пагадненняў, дыпламатычнай перапіскі, удзелу ў рабоце міжнародных арганізацый.

Дыпламатыя бывае і народная. Народная дыпламатыя азначае, што самыя розныя людзі, а не толькі дыпламаты, дапамагаюць усталёўваць сяброўскія сувязі паміж народамі. Грамадзянін краіны, знаходзячыся за межамі, сваімі паводзінамі, зносінамі, выказваннямі стварае пэўныя ўяўленні не толькі пра сябе, але і пра сваю краіну. Важнай формай народнай дыпламатыі з’яўляецца спорт.

У 2019 г. падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску адбылася канферэнцыя «Спартыўная дыпламатыя: стварэнне магчымасцей праз спорт». Эксперты абмеркавалі магчымасці спартыўнай дыпламатыі па стварэнні мастоў паміж дзяржавамі, а таксама ўклад спартыўных мерапрыемстваў ва ўстойлівае развіццё.

icon-discussions
Чаму ў сучасным свеце спорт разглядаецца як важны сродак умацавання міжнароднага аўтарытэту дзяржавы? 

Эканамічныя сродкі прадугледжваюць выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу краін для дасягнення палітычных мэт. Дзяржава, якая валодае моцнай эканомікай, фінансавай магутнасцю, займае трывалае становішча на міжнароднай арэне. Аднак нават невялікія па тэрыторыі дзяржавы з абмежаванымі прыроднымі рэсурсамі могуць адыгрываць істотную ролю на сусветнай арэне, калі іх эканоміка грунтуецца на перадавых тэхналогіях.

Да ваенных сродкаў прынята адносіць ваенную магутнасць дзяржавы. Ваенныя сродкі могуць выкарыстоўвацца як напрамую, так і ўскосна. Да першых адносяцца войны, інтэрвенцыі, блакады, да другіх — выпрабаванне новых відаў узбраення, вучэнні, манеўры.

Да прапагандысцкіх адносяць сучасныя сродкі масавай інфармацыі, прапаганды і агітацыі, якія выкарыстоўваюцца для ўмацавання аўтарытэту дзяржавы на міжнароднай арэне. З дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і дыпламатыі ў вачах сусветнага супольніцтва фарміруецца пэўны вобраз (імідж) дзяржавы. Пазітыўны імідж дзяржавы — фактар кансалідацыі грамадства, забеспячэння падтрымкі народам унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.