§ 10. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | § 10. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:53 |
Паняцце і віды міжнародных адносін. Міжнародныя адносіны — сукупнасць палітычных, эканамічных, прававых, дыпламатычных, ваенных, культурных і іншых сувязей паміж суб’ектамі, што дзейнічаюць на сусветнай арэне.
Да суб’ектаў міжнародных адносін належаць дзяржавы, арганізацыі, аб’яднанні, грамадскія рухі, сацыяльныя групы, асобы і да т. п. Віды міжнародных адносін залежаць ад сферы ўзаемадзеяння, колькасці і характару суб’ектаў, стану міжнародных адносін.
У сучасным разуменні міжнародныя адносіны з’яўляюцца разам са станаўленнем нацыянальных дзяржаў і ўзнікненнем ідэі нацыянальнага суверэнітэту.
Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь выйшла на міжнародную арэну ў якасці суверэннай дзяржавы. Знешняя палітыка беларускай дзяржавы заклікана, у першую чаргу, забяспечыць абарону дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама стварыць спрыяльныя знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя ўмовы для павышэння ўзроўню дабрабыту народа, развіцця палітычнага, эканамічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу грамадства і дзяржавы.
Артыкул 18. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.
Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.
Рэспубліка Беларусь выбудоўвае адносіны са знешнім светам з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў. Важным прынцыпам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца шматвектарнасць. Гэта значыць, што Рэспубліка Беларусь нацэлена на пабудову раўнапраўнага партнёрства па ўсіх напрамках і ва ўсіх рэгіёнах свету.
Асноўныя геапалітычныя арыенціры Беларусі — цеснае эканамічнае супрацоўніцтва і знешнепалітычнае партнёрства з Расійскай Федэрацыяй і іншымі краінамі СНД, узаемавыгадныя сувязі з Еўрапейскім саюзам, далейшае развіццё эканамічнага і іншага супрацоўніцтва з Кітаем, краінамі Блізкага і Сярэдняга Усходу, Лацінскай Амерыкай, Індыяй, Афрыкай, а таксама пошук новых эканамічных партнёраў.
Па стане на пачатак 2021 г. Беларусь мае свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 58 дзяржавах. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве краіна прадстаўлена ў 114 са 183 дзяржаў, з якімі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. Каардынацыю знешнепалітычнай дзейнасці здзяйсняе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліка Беларусь праводзіць самастойную, міралюбную знешнюю палітыку; актыўна развівае супрацоўніцтва са стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, з’яўляецца адным з ініцыятараў і актыўнай удзельніцай рэгіянальных інтэграцыйных структур і праектаў, уносіць істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці. Беларусь — надзейны партнёр па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага і сусветнага значэння: гарантавання ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьбы са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй.
Удзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях. Важнымі суб’ектамі міжнародных адносін з’яўляюцца міжнародныя арганізацыі. Яны ствараюцца з мэтай вырашэння міжнародных эканамічных, палітычных, культурных, экалагічных і іншых праблем. Найбольш значная роля ў сістэме міжнародных адносін належыць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).
Мэтамі ААН з’яўляюцца падтрыманне міждзяржаўнага міру і бяспекі, развіццё сяброўскіх адносін паміж нацыямі, здзяйсненне супрацоўніцтва ў вырашэнні міжнародных праблем, узгадненне дзеянняў нацый у дасягненні агульных мэт.
Структура ААН уключае 6 галоўных органаў: Генеральную Асамблею, Савет Бяспекі, Эканамічны і Сацыяльны савет, Савет па апецы, Міжнародны суд і Сакратарыят. У структуры ААН дзейнічаюць 15 спецыялізаваных устаноў.
Апошнія гады вядуцца перамовы паміж членамі ААН аб рэформе Савета Бяспекі. Праекты прадугледжваюць: павелічэнне агульнай колькасці членаў, павелічэнне колькасці пастаянных членаў, абмежаванне права вета для пастаянных членаў.
Беларусь мае вялікі, больш за 75 гадоў, вопыт работы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. З’яўляючыся адной з заснавальніц ААН, Беларусь з 1945 г. актыўна ўдзельнічае ў вырашэнні ўсяго спектра сусветных праблем. Афіцыйныя дэлегацыі Рэспублікі Беларусь бяруць удзел у рабоце штогадовых і спецыяльных сесій Генеральнай Асамблеі ААН, а таксама ў рабоце разнастайных міжнародных форумаў, якія праходзяць пад эгідай ААН.
Беларусь з’яўляецца членам спецыялізаваных устаноў ААН і іншых міжурадавых арганізацый, якія здзяйсняюць узаемадзеянне з ААН на аснове спецыяльных пагадненняў. У іх ліку: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнародная арганізацыя працы (МАЦ), Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА), Міжнароднае агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) і інш.
З 1993 г. у Беларусі працуе Праграма развіцця ААН (ПРААН) для здзяйснення праектаў тэхнічнай дапамогі Беларусі і аказання кансультацыйнага садзейнічання ў галіне рыначных пераўтварэнняў. У Мінску адкрыта таксама Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) для здзяйснення праграмы па абароне мацярынства і дзяцінства.
З 1992 г. Рэспубліка Беларусь здзяйсняе актыўнае супрацоўніцтва ў сферы міжнароднай бяспекі з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). Пры ўступленні ў АБСЕ Беларусь далучылася да Хельсінкскага заключнага акта 1975 г.
Сярод міжнародных арганізацый на постсавецкай прасторы, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, значная роля належыць Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). СНД створана на аснове суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Месца знаходжання Выканаўчага камітэта СНД — Мінск, Міжпарламенцкай Асамблеі СНД — Санкт-Пецярбург.
Інтэграцыйнае ўзаемадзеянне краін СНД рэалізуецца, у першую чаргу, у сферы эканамічнага супрацоўніцтва, стварэння зон свабоднага гандлю, фарміравання адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы, развіцця прыгранічнага і трансгранічнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам. Рэспубліка Беларусь выступае за паглыбленне шматпланавага супрацоўніцтва з краінамі СНД як на двухбаковым узроўні, так і ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў — Еўразійскага эканамічнага саюза, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
У 1999 г. быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У межах Саюзнай дзяржавы дзейнічаюць Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міністраў, Пастаянны Камітэт, Парламенцкі Сход; створаны Пагранічны і Мытны камітэты, Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы.
Новыя перспектывы з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў дзяржаў-удзельніц адкрывае Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС). Ён быў створаны ў 2015 г. шляхам пераўтварэння Еўразійскай эканамічнай супольнасці (існавала ў 2000–2014 гг.). У склад ЕАЭС уваходзяць Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Расійская Федэрацыя.
ЕАЭС — важны крок наперад ва ўмацаванні еўразійскай інтэграцыі, фарміраванні агульнага рынку з насельніцтвам больш за 170 млн чалавек з высокім вытворчым, навуковым і тэхналагічным патэнцыялам. На тэрыторыі ЕАЭС дзейнічаюць аднолькавыя правілы таваразвароту, тэхнічныя стандарты. Грамадзяне краін — членаў ЕАЭС могуць перамяшчацца ўнутры Саюза без віз, вучыцца, працаваць.
У межах ЕАЭС ствараюцца дадатковыя ўмовы для мадэрнізацыі і ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі за кошт забеспячэння свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў, рэалізацыі ўзгодненай палітыкі ў найважнейшых сектарах эканомікі, сумесных інвестыцыйных і інавацыйных праектах.
Для гарантавання бяспекі на постсавецкай прасторы ў 2003 г. была створана Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У яе ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан. Дагавор аб калектыўнай бяспецы адлюстроўвае абарончую накіраванасць ваеннай палітыкі дзяржаў — удзельніц АДКБ. Дзяржавы — удзельніцы Дагавора не разглядаюць ніводную з дзяржаў свету ў якасці патэнцыяльнага праціўніка і выступаюць за ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі краінамі.
Рэспубліка Беларусь бярэ актыўны ўдзел у дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы: палітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай, інфармацыйнай; супрацоўнічае ў галіне барацьбы з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, міжнароднай арганізаванай злачыннасцю; садзейнічае наладжванню канструктыўнага ўзаемадзеяння АДКБ з іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі аб’яднаннямі.
Міжнароднае супрацоўніцтва. Пад міжнародным супрацоўніцтвам разумеюць сумесныя дзеянні суб’ектаў міжнародных адносін у сферы іх узаемных інтарэсаў, іх узаемазвязаную дзейнасць па ўзгадненні сваіх пазіцый, вырашэнні агульназначных праблем і прыняцці ўзаемапрымальных рашэнняў. Для гэтага выкарыстоўваюцца палітычныя, эканамічныя, ваенныя і прапагандысцкія сродкі.
У лютым 2015 г. на старонках шматлікіх сусветных медыя было апублікавана фота з сустрэчы ў беларускай сталіцы кіраўнікоў Беларусі, Расіі, Германіі, Францыі і Украіны — А. Р. Лукашэнкі, У. У. Пуціна, А. Меркель, Ф. Аланда, П. А. Парашэнкі. Вынікам міжнароднага саміту сталі Мінскія пагадненні аб урэгуляванні ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны, якія ўвайшлі ў гісторыю дыпламатыі.
Да палітычных сродкаў адносіцца дыпламатыя, якая ажыццяўляецца ў выглядзе перагавораў, візітаў, спецыяльных канферэнцый і нарад, сустрэч, падрыхтоўкі і заключэння двухбаковых і шматбаковых пагадненняў, дыпламатычнай перапіскі, удзелу ў рабоце міжнародных арганізацый.
Дыпламатыя бывае і народная. Народная дыпламатыя азначае, што самыя розныя людзі, а не толькі дыпламаты, дапамагаюць усталёўваць сяброўскія сувязі паміж народамі. Грамадзянін краіны, знаходзячыся за межамі, сваімі паводзінамі, зносінамі, выказваннямі стварае пэўныя ўяўленні не толькі пра сябе, але і пра сваю краіну. Важнай формай народнай дыпламатыі з’яўляецца спорт.
У 2019 г. падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску адбылася канферэнцыя «Спартыўная дыпламатыя: стварэнне магчымасцей праз спорт». Эксперты абмеркавалі магчымасці спартыўнай дыпламатыі па стварэнні мастоў паміж дзяржавамі, а таксама ўклад спартыўных мерапрыемстваў ва ўстойлівае развіццё.
Эканамічныя сродкі прадугледжваюць выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу краін для дасягнення палітычных мэт. Дзяржава, якая валодае моцнай эканомікай, фінансавай магутнасцю, займае трывалае становішча на міжнароднай арэне. Аднак нават невялікія па тэрыторыі дзяржавы з абмежаванымі прыроднымі рэсурсамі могуць адыгрываць істотную ролю на сусветнай арэне, калі іх эканоміка грунтуецца на перадавых тэхналогіях.
Да ваенных сродкаў прынята адносіць ваенную магутнасць дзяржавы. Ваенныя сродкі могуць выкарыстоўвацца як напрамую, так і ўскосна. Да першых адносяцца войны, інтэрвенцыі, блакады, да другіх — выпрабаванне новых відаў узбраення, вучэнні, манеўры.
Да прапагандысцкіх адносяць сучасныя сродкі масавай інфармацыі, прапаганды і агітацыі, якія выкарыстоўваюцца для ўмацавання аўтарытэту дзяржавы на міжнароднай арэне. З дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і дыпламатыі ў вачах сусветнага супольніцтва фарміруецца пэўны вобраз (імідж) дзяржавы. Пазітыўны імідж дзяржавы — фактар кансалідацыі грамадства, забеспячэння падтрымкі народам унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.
1. Назавіце віды міжнародных адносін. Як вы лічыце, чаму Рэспубліка Беларусь паслядоўна выступае за шматполюсны сусветны лад?
2. Ахарактарызуйце месца Рэспублікі Беларусь у сістэме сучасных міжнародных адносін. Якая роля нашай краіны ў гарантаванні палітычнай стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне?
3. Запоўніце табліцу:
4. Ахарактарызуйце асноўныя сродкі міжнароднага супрацоўніцтва. Прывядзіце прыклады іх выкарыстання ў сучаснай сусветнай палітыцы (выкарыстоўвайце матэрыялы СМІ).