§ 10. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін
Удзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях. Важнымі суб’ектамі міжнародных адносін з’яўляюцца міжнародныя арганізацыі. Яны ствараюцца з мэтай вырашэння міжнародных эканамічных, палітычных, культурных, экалагічных і іншых праблем. Найбольш значная роля ў сістэме міжнародных адносін належыць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).
Мэтамі ААН з’яўляюцца падтрыманне міждзяржаўнага міру і бяспекі, развіццё сяброўскіх адносін паміж нацыямі, здзяйсненне супрацоўніцтва ў вырашэнні міжнародных праблем, узгадненне дзеянняў нацый у дасягненні агульных мэт.
Структура ААН уключае 6 галоўных органаў: Генеральную Асамблею, Савет Бяспекі, Эканамічны і Сацыяльны савет, Савет па апецы, Міжнародны суд і Сакратарыят. У структуры ААН дзейнічаюць 15 спецыялізаваных устаноў.


Апошнія гады вядуцца перамовы паміж членамі ААН аб рэформе Савета Бяспекі. Праекты прадугледжваюць: павелічэнне агульнай колькасці членаў, павелічэнне колькасці пастаянных членаў, абмежаванне права вета для пастаянных членаў.

Беларусь мае вялікі, больш за 75 гадоў, вопыт работы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. З’яўляючыся адной з заснавальніц ААН, Беларусь з 1945 г. актыўна ўдзельнічае ў вырашэнні ўсяго спектра сусветных праблем. Афіцыйныя дэлегацыі Рэспублікі Беларусь бяруць удзел у рабоце штогадовых і спецыяльных сесій Генеральнай Асамблеі ААН, а таксама ў рабоце разнастайных міжнародных форумаў, якія праходзяць пад эгідай ААН.
Беларусь з’яўляецца членам спецыялізаваных устаноў ААН і іншых міжурадавых арганізацый, якія здзяйсняюць узаемадзеянне з ААН на аснове спецыяльных пагадненняў. У іх ліку: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнародная арганізацыя працы (МАЦ), Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА), Міжнароднае агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) і інш.

З 1993 г. у Беларусі працуе Праграма развіцця ААН (ПРААН) для здзяйснення праектаў тэхнічнай дапамогі Беларусі і аказання кансультацыйнага садзейнічання ў галіне рыначных пераўтварэнняў. У Мінску адкрыта таксама Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) для здзяйснення праграмы па абароне мацярынства і дзяцінства.
З 1992 г. Рэспубліка Беларусь здзяйсняе актыўнае супрацоўніцтва ў сферы міжнароднай бяспекі з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). Пры ўступленні ў АБСЕ Беларусь далучылася да Хельсінкскага заключнага акта 1975 г.
Сярод міжнародных арганізацый на постсавецкай прасторы, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, значная роля належыць Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). СНД створана на аснове суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Месца знаходжання Выканаўчага камітэта СНД — Мінск, Міжпарламенцкай Асамблеі СНД — Санкт-Пецярбург.

Інтэграцыйнае ўзаемадзеянне краін СНД рэалізуецца, у першую чаргу, у сферы эканамічнага супрацоўніцтва, стварэння зон свабоднага гандлю, фарміравання адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы, развіцця прыгранічнага і трансгранічнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам. Рэспубліка Беларусь выступае за паглыбленне шматпланавага супрацоўніцтва з краінамі СНД як на двухбаковым узроўні, так і ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў — Еўразійскага эканамічнага саюза, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
У 1999 г. быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У межах Саюзнай дзяржавы дзейнічаюць Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міністраў, Пастаянны Камітэт, Парламенцкі Сход; створаны Пагранічны і Мытны камітэты, Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы.

Новыя перспектывы з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў дзяржаў-удзельніц адкрывае Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС). Ён быў створаны ў 2015 г. шляхам пераўтварэння Еўразійскай эканамічнай супольнасці (існавала ў 2000–2014 гг.). У склад ЕАЭС уваходзяць Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Расійская Федэрацыя.
ЕАЭС — важны крок наперад ва ўмацаванні еўразійскай інтэграцыі, фарміраванні агульнага рынку з насельніцтвам больш за 170 млн чалавек з высокім вытворчым, навуковым і тэхналагічным патэнцыялам. На тэрыторыі ЕАЭС дзейнічаюць аднолькавыя правілы таваразвароту, тэхнічныя стандарты. Грамадзяне краін — членаў ЕАЭС могуць перамяшчацца ўнутры Саюза без віз, вучыцца, працаваць.
У межах ЕАЭС ствараюцца дадатковыя ўмовы для мадэрнізацыі і ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі за кошт забеспячэння свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў, рэалізацыі ўзгодненай палітыкі ў найважнейшых сектарах эканомікі, сумесных інвестыцыйных і інавацыйных праектах.

Для гарантавання бяспекі на постсавецкай прасторы ў 2003 г. была створана Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У яе ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан. Дагавор аб калектыўнай бяспецы адлюстроўвае абарончую накіраванасць ваеннай палітыкі дзяржаў — удзельніц АДКБ. Дзяржавы — удзельніцы Дагавора не разглядаюць ніводную з дзяржаў свету ў якасці патэнцыяльнага праціўніка і выступаюць за ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі краінамі.
Рэспубліка Беларусь бярэ актыўны ўдзел у дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы: палітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай, інфармацыйнай; супрацоўнічае ў галіне барацьбы з наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй, міжнароднай арганізаванай злачыннасцю; садзейнічае наладжванню канструктыўнага ўзаемадзеяння АДКБ з іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі аб’яднаннямі.