§ 10. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін

Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь выйшла на міжнародную арэну ў якасці суверэннай дзяржавы. Знешняя палітыка беларускай дзяржавы заклікана, у першую чаргу, забяспечыць абарону дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама стварыць спрыяльныя знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя ўмовы для павышэння ўзроўню дабрабыту народа, развіцця палітычнага, эканамічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу грамадства і дзяржавы.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 18. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.

Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.

Рэспубліка Беларусь выбудоўвае адносіны са знешнім светам з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў. Важным прынцыпам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца шматвектарнасць. Гэта значыць, што Рэспубліка Беларусь нацэлена на пабудову раўнапраўнага партнёрства па ўсіх напрамках і ва ўсіх рэгіёнах свету.

Асноўныя геапалітычныя арыенціры Беларусі — цеснае эканамічнае супрацоўніцтва і знешнепалітычнае партнёрства з Расійскай Федэрацыяй і іншымі краінамі СНД, узаемавыгадныя сувязі з Еўрапейскім саюзам, далейшае развіццё эканамічнага і іншага супрацоўніцтва з Кітаем, краінамі Блізкага і Сярэдняга Усходу, Лацінскай Амерыкай, Індыяй, Афрыкай, а таксама пошук новых эканамічных партнёраў.

Па стане на пачатак 2021 г. Беларусь мае свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 58 дзяржавах. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве краіна прадстаўлена ў 114 са 183 дзяржаў, з якімі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. Каардынацыю знешнепалітычнай дзейнасці здзяйсняе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

icon-search
На сайце МЗС https://mfa.gov.by знайдзіце інфармацыю пра дыпламатычныя адносіны Беларусі сёння. 

Рэспубліка Беларусь праводзіць самастойную, міралюбную знешнюю палітыку; актыўна развівае супрацоўніцтва са стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, з’яўляецца адным з ініцыятараў і актыўнай удзельніцай рэгіянальных інтэграцыйных структур і праектаў, уносіць істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці. Беларусь — надзейны партнёр па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага і сусветнага значэння: гарантавання ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьбы са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй.