§ 10. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін

Паняцце і віды міжнародных адносін. Міжнародныя адносіны — сукупнасць палітычных, эканамічных, прававых, дыпламатычных, ваенных, культурных і іншых сувязей паміж суб’ектамі, што дзейнічаюць на сусветнай арэне.

Да суб’ектаў міжнародных адносін належаць дзяржавы, арганізацыі, аб’яднанні, грамадскія рухі, сацыяльныя групы, асобы і да т. п. Віды міжнародных адносін залежаць ад сферы ўзаемадзеяння, колькасці і характару суб’ектаў, стану міжнародных адносін.

У сучасным разуменні міжнародныя адносіны з’яўляюцца разам са станаўленнем нацыянальных дзяржаў і ўзнікненнем ідэі нацыянальнага суверэнітэту.