*§ 9-1. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь
Паняцце геапалітыкі. Сярод узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых элементаў палітыкі асаблівае месца займае геапалітыка. Традыцыйна гэтым тэрмінам абазначалі залежнасць паміж дзяржаўнай палітыкай і геаграфічным асяроддзем, у межах якой яна здзяйсняецца.
Параўнайце азначэнні геапалітыкі з артыкулаў на розных мовах у свабоднай энцыклапедыі «Вікіпедыя».
Ці істотна адрозніваюцца артыкулы пра геапалітыку на розных мовах? На якія крыніцы інфармацыі даюцца спасылкі? Ці можна давяраць гэтым крыніцам?
Увядзенне тэрміна ў навуковы абарот звязваюць з імем шведскага вучонага Рудольфа Чэлена, а з’яўленне геапалітыкі як навуковай дысцыпліны — з імем нямецкага вучонага Фрыдрыха Ратцэля, які зрабіў спробу звязаць палітыку і геаграфію і вывучаць палітыку той або іншай дзяржавы зыходзячы з яе геаграфічнага становішча. У кнізе «Аб законах прасторавага росту дзяржаў» (1901) Ратцэль сфармуляваў сем законаў экспансіі, у якіх апісаў адносіны паміж дзяржавамі як спаборніцтва за авалоданне іх прасторай. Чэлен жа лічыў геапалітыку навукай аб дзяржаве як геаграфічным арганізме. Як вучоны галоўную задачу ён бачыў у тым, каб прыцягнуць увагу палітычных дзеячаў да ролі геаграфічнага фактару ў кіраўніцтве дзяржавай. Ён сцвярджаў, што ўся гісторыя чалавецтва — гэта барацьба за прастору. Ужо сама назва галоўнай працы Чэлена «Дзяржава як форма жыцця» (1916) гаворыць пра тое, што ён ішоў у фарватэры ідэй Ратцэля.
Да класікаў геапалітыкі адносяць брытанскага географа Хэлфарда Макіндэра, які ў сваёй працы «Геаграфічная вось гісторыі» (1904) сфармуляваў канцэпцыю заходняй геапалітыкі і геастратэгіі, шырока вядомую як Хартленд (англ. Heartland — «асяродак», сярэдняя зямля; ад heart — сэрца + land — зямля). Пад Хартлендам Макіндэр разумеў масіўную паўночна-ўсходнюю частку Еўразіі агульнай плошчай, большай за 15 млн км2.
Як вы разумееце хрэстаматыйную формулу бацькі брытанскай геапалітыкі Макіндэра: «Хто валодае Хартлендам, той валодае Сусветным востравам, хто валодае Сусветным востравам, той валодае светам»?
Як вы лічыце, чаму многія крытыкі папракалі Ратцэля ў тым, што ён напісаў «Катэхізіс для імперыялістаў»? Якую знешнюю палітыку праводзіла ў час напісання кнігі «Аб законах прасторавага росту дзяржаў» Германія?
Выкажыце меркаванне, якую пазіцыю занялі вучоныя Ратцэль, Чэлен, Макіндэр у дачыненні да распачатай Першай сусветнай вайны. Апраўдвалі ці асуджалі яны агрэсіўную знешнюю палітыку ваюючых дзяржаў? Праверце свае меркаванні.
Што можа расказаць пра геапалітыку карта-карыкатура?
У 1914 г. вядомым партугальскім ілюстратарам Антоніа Суарэсам была створана Mappa Humorístico da Europa («Гумарыстычная карта Еўропы»). Кожная з 21 краіны на карце прадстаўлена ў выглядзе жывёлы. Якія геапалітычныя стэрэатыпы высмейвае дадзеная карыкатура? Ці можна лічыць карту-карыкатуру Суарэса свайго роду папрокам у адрас еўрапейскіх дзяржаў, якія сваімі дзеяннямі ў той час уцягнулі Еўропу ў Першую сусветную вайну?
Уважліва разгледзьце карты-карыкатуры, прысвечаныя падзеям на еўрапейскім тэатры ваенных падзей у 1915 г. Вызначце, у якіх краінах створаны дадзеныя карты (мова карты, выкарыстаныя малюнкі).
Якую ролю мелі ідэі аб кантролі над тэрыторыяй, аб заканамернасцях размеркавання і пераразмеркавання сфер уплыву ў абгрунтаванні сусветных войнаў?
Геапалітыка ў гісторыі: сухапутныя дзяржавы супраць марскіх?
Родапачынальнікі геапалітыкі лічылі, што сухапутныя дзяржавы развіваюцца ў рамках выразна вызначаных межаў, ім уласцівыя: кансерватызм, традыцыяналізм, аседласць, калектывізм, недаступны дух прадпрымальніцтва, нажывы. Дзяржаўны лад фарміруецца пераважна ў форме дыспатыі. Ім супрацьстаіць тып цывілізацыі — марскі, для якога характэрны большы дынамізм у развіцці, успрымальнасць да тэхнічнага прагрэсу, нажывы, прадпрымальніцтва, індывідуалізму. Падобны тып цывілізацыі развіваецца больш актыўна, у аснове палітычнага ладу ляжаць павага да асобы, дэмакратыя. У ранняй гісторыі стагоддзямі кантынентальныя (сухапутныя) дзяржавы панавалі над марскімі: Спарта над Афінамі, Рым над Карфагенам, Татара-мангольскі каганат над народамі Еўразіі. Аднак пачынаючы з эпохі вялікіх геаграфічных адкрыццяў суадносіны сіл паступова змяняліся, сусветнай магутнасці дасягнулі марскія дзяржавы. У перыяд халоднай вайны 1946–1991 гг. гэта адвечнае супрацьстаянне дасягнула свайго апагею — таласакратыя атаясамлялася з ЗША і НАТА, а тэлуракратыя — з СССР і Варшаўскім дагаворам. У сучасных умовах супрацьстаянне сушы і мора набыло цывілізацыйны характар, які праяўляецца ў так званым працэсе вестэрнізацыі, г. зн. навязванні ўсяму свету заходніх каштоўнасцей. З гэтага асноўнага закону геапалітыкі выцякаюць дзве асноватворныя дактрыны: ХАРТЛЕНДА (сэрца зямлі), якая забяспечвае кантроль над «сусветным востравам», і РЫМЛЕНДА, якая зыходзіць з неабходнасці кантраляваць берагавую зону Еўразіі.
Знайдзіце інфармацыю аб тэорыі геапалітыкі «Хартленд — Рымленд». Якое месца ў ёй займае Беларусь?
Да традыцыйных элементаў геапалітыкі (геаграфічнае становішча, працягласць, канфігурацыя межаў, недры, ландшафт і клімат, памеры і структура насельніцтва) сёння дадаліся новыя элементы, якія змяняюць прыярытэты з улікам фактараў, што ўплываюць на міжнародную палітыку: наяўнасць зброі масавага знішчэння, масавыя перамяшчэнні людзей, развіццё сродкаў інфармацыі і сувязі і да т. п. Асноўная функцыя сучаснай геапалітыкі заключаецца ў пошуку дзяржавай узаемавыгадных саюзнікаў і партнёраў, а таксама напрамкаў і рэгіёнаў распаўсюджвання свайго ўплыву.