§ 9. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь

Нацыянальныя інтарэсы і бяспека Рэспублікі Беларусь. Пад нацыянальнай бяспекай разумеюць стан абароненасці нацыянальных інтарэсаў дзяржавы ад унутраных і знешніх пагроз.

Нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь ахопліваюць усе сферы жыццядзейнасці. Стратэгічнымі нацыянальнымі інтарэсамі з’яўляюцца:

  • • забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу;
  • • устойлівае эканамічнае развіццё і высокая канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі;
  • • дасягненне высокага ўзроўню і якасці жыцця грамадзян.

Суб’ектамі сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі і аб’яднанні, а таксама асобныя грамадзяне. Кіраўніцтва сістэмай гарантавання нацыянальнай бяспекі здзяйсняе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца канстытуцыйным органам, мэта якога — падрыхтоўка рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць дзяржаўных органаў па гарантаванні нацыянальнай бяспекі грунтуецца на Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. У якасці асноўных патэнцыяльных або рэальна існуючых пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у Канцэпцыі разглядаюцца:

  • • замах на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь;
  • • умяшанне звонку ва ўнутрыпалітычныя працэсы;
  • • спробы разбурэння нацыянальных духоўна-маральных традыцый і неаб’ектыўнага перагляду гісторыі.

Асноўныя паказчыкі нацыянальнай бяспекі:

  • • доля інвестыцый у асноўны капітал;
  • • узровень інавацыйнай актыўнасці прамысловых прадпрыемстваў;
  • • унутраныя затраты на навуковыя даследаванні і распрацоўкі;
  • • Індэкс чалавечага развіцця;
  • • сумарны каэфіцыент нараджальнасці;
  • • узровень забяспечанасці рэсурсамі аховы здароўя, адукацыі;
  • • узровень развіцця інфармацыйных тэхналогій і тэлекамунікацый;
  • • забяспечанасць ваеннымі кадрамі і аснашчанасць Узброеных Сіл сучасным узбраеннем, ваеннай і спецыяльнай тэхнікай.

Сумарны каэфіцыент нараджальнасці характарызуе сярэднюю лічбу нараджэнняў у адной жанчыны ў гіпатэтычным пакаленні за ўсё яе жыццё. У свеце яна скарацілася з 4,95 нараджэння на жанчыну ў першай палове 1960-х гг. да 2,56 у 2005–2010 гг. Пры гэтым у развітых краінах да канца ХХ ст. яна знізілася да 1,57, што пакрываецца іміграцыяй у гэтыя краіны з менш развітых краін.

icon-discussions
Як вы думаеце, чаму сумарны каэфіцыент нараджальнасці аднесены да асноўных паказчыкаў нацыянальнай бяспекі? 

Важным складнікам нацыянальнай бяспекі краін з’яўляецца інфармацыйная бяспека. Інфармацыйная бяспека — стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад знешніх і ўнутраных пагроз у інфармацыйнай сферы.

Стратэгічныя задачы і прыярытэты ў галіне гарантавання інфармацыйнай бяспекі вызначаны ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай у 2019 г.

У канцэпцыі ўпершыню ўведзена паняцце «інфармацыйны суверэнітэт» як неад’емнае права Рэспублікі Беларусь самастойна вызначаць правілы ўладання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, здзяйсняць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку.

У 2018 г. на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь было створана новае падраздзяленне Узброеных Сіл — рота інфармацыйных тэхналогій (ІТ-рота).

icon-search
Даведайцеся, якія патрабаванні прад’яўляюцца да вайскоўцаў, якія служаць у ІТ-роце

У сучасным свеце асаблівае значэнне набываюць адказныя паводзіны ўсіх удзельнікаў інфармацыйных працэсаў, выпрацоўка агульных правілаў камунікацыі ў інфармацыйнай прасторы. Усё большую занепакоенасць выклікае распаўсюджванне ў інфармацыйнай прасторы фальсіфікаванай, недакладнай інфармацыі. Зніжэнне крытычных адносін спажыўцоў інфармацыі да фэйкавых звестак разнастайных рэсурсаў, у сацыяльных сетках стварае ўмовы для наўмыснага выкарыстання дэзінфармацыі для дэстабілізацыі грамадскай свядомасці.

У 2014–2015 гг. для ілюстрацыі навін з зон ваенных канфліктаў СМІ розных краін часта выкарыстоўвалі дадзеную выяву, якая ў рэальнасці з’яўляецца фотакадрам са здымак вядомага фільма «Брэсцкая крэпасць » («Цэнтрал Партнёршып», «Беларусьфільм», 2010).

icon-search
Правядзіце міні-даследаванне выкарыстання фотаздымкаў з айчынных і замежных кінафільмаў для стварэння фэйкавых навін. Выкарыстайце пошук па выявах і памятку для выяўлення фотафэйкаў. 

Інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь забяспечваецца ў тым ліку на аснове прынцыпу інфармацыйнага нейтралітэту — правядзення міралюбнай знешняй інфармацыйнай палітыкі, павагі агульнапрызнаных правоў любой дзяржавы ў дадзенай сферы, недапушчальнасці ўмяшання ў інфармацыйную сферу іншых дзяржаў, накіраванага на дыскрэдытацыю іх палітычных, эканамічных, сацыяльных і духоўных стандартаў і прыярытэтаў. Пры гэтым Рэспубліка Беларусь адстойвае ўласныя нацыянальныя інтарэсы ў інфармацыйнай сферы з выкарыстаннем усіх наяўных сродкаў.