*§ 7-1. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI ст.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь.

У 2015 г. дзяржавы — члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. (Парадак-2030). Складнікам Парадку дня з’яўляюцца 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР) і 169 падпарадкаваных ім задач, якія неабходна рашыць да 2030 г.

У адпаведнасці з Парадкам дня дзяржавы прымаюць меры па дасягненні ўстойлівага развіцця грамадства з улікам МУР. У Рэспубліцы Беларусь сфарміраваны Савет па ўстойлівым развіцці, у які ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў. Прадугледжана магчымасць прыцягнення да працы Савета прадстаўнікоў дзелавых колаў, грамадскіх аб’яднанняў і міжнародных арганізацый. Беларусь прадпрымае намаганні па рэалізацыі МУР на ўсіх трох узроўнях: нацыянальным, рэгіянальным і глабальным. У 2017 г. Беларусь прадставіла нацыянальны агляд падыходаў па дасягненні МУР у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. У 2018 г. быў арганізаваны рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па МУР з дзяржаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі. У 2019 г. быў праведзены шырокамаштабны Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці. У 2021 г. Беларусь заняла 24-е месца ў рэйтынгу дасягненняў МУР сярод 165 краін. Яна набрала 78,82 бала са 100 магчымых. Гэты бал адлюстроўвае прагрэс краіны ў імплементацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. і можа быць інтэрпрэтаваны як працэнт дасягненняў МУР. У справаздачы адзначана паляпшэнне пазіцый па Мэтах устойлівага развіцця: 3 «Добрае здароўе», 4 «Якасная адукацыя», 5 «Гендарная роўнасць».

Згодна з дакладам Сусветнага банка і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, за 2017 г. не менш за палову сусветнага насельніцтва не мае доступу да асноўных паслуг аховы здароўя. Акрамя таго, штогод мноства сем’яў застаюцца за мяжой беднасці, бо ім даводзіцца аплачваць медыцынскія паслугі з уласных сродкаў.

icon-discussions
Ацаніце, якая роля сацыяльнай накіраванасці развіцця нашай дзяржавы, устаноўленай на канстытуцыйным узроўні, у дасягненні высокіх паказчыкаў у сферах «Здароўе» і «Адукацыя». Параўнайце, якія існуюць сістэмы доступу да аховы здароўя і адукацыі ў іншых дзяржавах. 

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця, прынятая ў 2017 г., вызначыла напрамкі стабільнага развіцця трох узаемазвязаных і ўзаемадапаўняльных кампанентаў: чалавека як асобы і генератара новых ідэй — канкурэнтаздольнай эканомікі — якасці навакольнага асяроддзя ва ўмовах знешніх і ўнутраных пагроз і выклікаў доўгатэрміновага развіцця. Пры вызначэнні прыярытэтаў Стратэгіі спатрэбілася правядзенне некалькіх раўндаў грамадскага абмеркавання. Гэта быў найбольш складаны і адказны момант, але ён дазволіў пачуць меркаванне кожнага. У выніку з 11 разглядаемых прыярытэтаў у кола галоўных трапілі пяць.

  • 1. Устойлівае развіццё інстытута сям’і, патэнцыялу дзяцей і моладзі.
  • 2. Лічбавізацыя краіны і якасная адукацыя.
  • 3. Стварэнне годных і даступных працоўных месцаў, забеспячэнне роўных магчымасцей у любым узросце.
  • 4. Фарміраванне ўстойлівай інфраструктуры, камфортнага і канкурэнтаздольнага бізнес-асяроддзя.
  • 5. Гарантаванне экалагічнай бяспекі на аснове пераходу да зялёнай эканомікі, рацыянальных мадэляў вытворчасці і спажывання.

Гэтыя прыярытэты з’яўляюцца найбольш актуальнымі для нашай краіны ў доўгатэрміновай перспектыве. Працягваецца дыскусія па ўключэнні яшчэ аднаго, шостага прыярытэту — рэгіянальнае развіццё.

icon-discussions
Якім вы бачыце ўстойлівае развіццё Беларусі? Параўнайце з раздзелам 3.2 НСУР «Бачанне будучага аблічча краіны». 

З кнігі «Заўтра заўсёды позна»

Будучыня кідае выклік, патрабуючы сур’ёзнага асэнсавання ўсіх прадбачаных варыянтаў. Увасабленне аптымальнай мадэлі — неадкладная задача пастаяннай важнасці.

Любое пераўтварэнне патрабуе адвагі, і ўяўлення, і ведаў. Неабходна дзейнічаць не марудзячы. Любое рашэнне павінна быць не навязаным звонку. Асоба, яе канчатковае выяўленне матэрыялізуецца ў межах супольнасці, народу.

Пазбегнуць масавай абязлічанасці, садзейнічаць разнастайнасці, выяўленню індывідуальнасці кожнага чалавека — толькі так на заранку новага тысячагоддзя можна выратавацца ад усіх пагроз заняволення любой формай улады.

Назва кнігі — гэта заклік выкарыстоўваць увесь творчы патэнцыял чалавецтва, каб «рассеяць хмары на гарызонце». Мы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнымі па маштабах праблемамі, але маем такія ж беспрэцэдэнтныя сродкі іх вырашэння.

Талент — адзіны пункт адліку для грамадства. Калі губляеш арыенціры, лёгка збіцца з курсу, ператварыцца ў судна, якое легла ў дрэйф. Гаворка ідзе пра курс кожнага чалавека, бо асабісты ўдзел — права ўсіх: — Удзельнічаю — існую…

Ніхто з нас не настолькі мудры, каб не мець патрэбу ва ўроку; ніхто з нас не настолькі невук, каб не здолець яго выкласці. Упэўненасць у неабходнасці і магчымасці перамен заахвоціла мяне напісаць кнігу «Заўтра заўсёды позна». Час і мая дзейнасць на пасадзе Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА, з лістапада 1987 года, умацавалі маю ўпэўненасць у правільнасці тэзісаў:

Па-першае, развіццё павінна быць усебаковае і ўсеагульнае. «Развіты» свет залежыць ад развіцця краін, якія знаходзяцца ў самых неспрыяльных умовах.

Па-другое, калі чалавецтва здолее пераадолець інерцыю і карысталюбства тых, хто пярэчыць сацыяльным пераўтварэнням для адаптацыі да навукова-тэхнічнага прагрэсу, то яно зможа на пачатку ХХІ стагоддзя стаць на шлях поўнага раскрыцця свайго духоўнага і творчага патэнцыялу. І тады людзі не будуць баяцца трапіць у залежнасць ад уласных дасягненняў, навучацца кантраляваць іх і накіроўваць па сваім меркаванні.

Па-трэцяе, адаптацыя магчыма як вынік якасна новага па сіле ўяўлення і адвагі падыходу да праблем. Каб пераадолець перашкоды сусветнага развіцця, патрабуюцца нестандартныя рашэнні, бо традыцыйная стратэгія натыкаецца на супрацьдзеянне з боку тых сіл, якія супрацівяцца пераменам, эвалюцыі (развіццю) грамадства. Скачок у развіцці адбываецца там, дзе адсутнічае раўнавага. Мы ж імкнёмся да стабільнасці, надзейнасці, нязменнасці.

Галасы інтэлектуалаў павінны аб’яднацца для выкрыцця праяў несправядлівасці, таптання або ўшчамлення правоў чалавека. Яны павінны прапанаваць новыя рашэнні новых праблем.

У творчых здольнасцях, у ідэях знаходзіцца крыніца сілы, якая натхняе на перамены.

Свабода і справядлівасць павінны штодзённа сцвярджацца і нанава прабіваць сабе дарогу.

У канцы ХХ стагоддзя свет знойдзе новы шлях. Калі мы праявім мудрасць, цалкам звернемся да суіснавання, а не канфрантацыі.

Патрэбны рашучыя дзеянні, трэба «не адкладваць на заўтра, бо заўтра можа і не настаць».

ФЕДЭРЫКА МАЯР САРАГОСА (8-ы Генеральны дырэктар ЮНЕСКА, 1987–1999), Парыж, чэрвень 1989.