*§ 7-1. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI ст.
Паняцце ўстойлівага развіцця. Працяглае глабальнае развіццё эканомікі, накіраванае толькі на максімізацыю прыбытку і мінімізацыю выдаткаў, заахвочванне спажывання, якое не мае каштоўнасных фундаментальных асноў, прывяло да сур’ёзнай дэградацыі прыроднага, сацыяльнага і нават духоўнага асяроддзя. Экалагічныя праблемы, глабальнае змяненне клімату, сацыяльная няроўнасць, міграцыя — толькі частка сістэмных крызісаў і глабальных выклікаў, з абвастрэннем якіх сутыкнуліся краіны, карпарацыі і людзі ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. Гэта прывяло да перагляду глабальнага погляду на свет і ўсведамлення важнасці ўстойлівага развіцця.
Ідэі пра свядомую вытворчасць і спажыванне, абмежаванасць рэсурсаў актыўна сталі прасоўвацца яшчэ ў 70-х гг. ХХ ст. У 1972 г. была створана Праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) ЮНЕР па навакольным асяроддзі, якая дала пачатак абмеркаванню экалагічных праблем на глабальным узроўні. У 1983 г. ААН склікала Сусветную камісію па навакольным асяроддзі і развіцці, названую пазней камісіяй Брундтланд (паводле прозвішча старшыні). Зацверджаны камісіяй тэрмін «устойлівае развіццё» (sustainable development) і яго тлумачэнне праз сувязь пакаленняў шырока выкарыстоўваюцца да гэтага часу.
Устойлівае развіццё — комплекс мер, накіраваных на задавальненне бягучых патрэб чалавека пры захаванні навакольнага асяроддзя і рэсурсаў, без шкоды для магчымасці будучых пакаленняў задаволіць свае ўласныя патрэбы.