§ 7. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI стагоддзя

Паняцце ўстойлівага развіцця. Ідэя ўстойлівага развіцця ўзнікла ў выніку ўсведамлення чалавецтвам пагрозы незваротных змен у навакольным асяроддзі. Спажывецкія адносіны чалавека да прыроды, усё больш інтэнсіўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў прывялі грамадства да мяжы экалагічнай катастрофы. Ва ўмовах нарастаючай колькасці насельніцтва Зямлі прыйшло разуменне таго факта, што прыродныя рэсурсы для эканамічнага росту абмежаваны.

Устойлівае развіццё грамадства — гэта задавальненне патрэб сучаснага пакалення без нанясення шкоды будучым пакаленням людзей. У сістэме «чалавек — гаспадарка — прырода» ўсё ўзаемазвязана, таму жыццёва неабходна збалансаванае развіццё сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай сфер.

25 верасня 2015 г. 193 дзяржавы — члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. (Парадак-2030). Ён утрымлівае 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР), што фарміруюць вобраз будучага свету, у якім адсутнічаюць галеча і голад, дзе людзі могуць рэалізаваць свой патэнцыял ва ўмовах роўнасці, у здаровым навакольным асяроддзі, дзе выкарыстоўваюцца рацыянальныя мадэлі спажывання і вытворчасці, прымаюцца неадкладныя меры захавання планеты для ўстойлівай жыццядзейнасці сучаснага і будучага пакаленняў. Мэты і задачы ў галіне ўстойлівага развіцця комплексныя і непадзельныя, глабальныя па сваім характары і ўніверсальна прыдатныя, пры гэтым яны даюць магчымасць улічваць нацыянальныя адметнасці, магчымасці і ўзровень развіцця кожнай дзяржавы, паважаюць нацыянальныя стратэгіі і прыярытэты.

Устойлівае развіццё — гэта не толькі самастойная мэта, але і найлепшы інструмент, які мае ў сваім распараджэнні міжнароднае грамадства для папярэджвання самых розных праблем. Зараз задача заключаецца ў тым, каб мабілізаваць усе намаганні для дасягнення рэальных вынікаў.