Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI стагоддзя

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 7. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI стагоддзя
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 02:46

Паняцце ўстойлівага развіцця. Ідэя ўстойлівага развіцця ўзнікла ў выніку ўсведамлення чалавецтвам пагрозы незваротных змен у навакольным асяроддзі. Спажывецкія адносіны чалавека да прыроды, усё больш інтэнсіўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў прывялі грамадства да мяжы экалагічнай катастрофы. Ва ўмовах нарастаючай колькасці насельніцтва Зямлі прыйшло разуменне таго факта, што прыродныя рэсурсы для эканамічнага росту абмежаваны.

Устойлівае развіццё грамадства — гэта задавальненне патрэб сучаснага пакалення без нанясення шкоды будучым пакаленням людзей. У сістэме «чалавек — гаспадарка — прырода» ўсё ўзаемазвязана, таму жыццёва неабходна збалансаванае развіццё сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай сфер.

25 верасня 2015 г. 193 дзяржавы — члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. (Парадак-2030). Ён утрымлівае 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР), што фарміруюць вобраз будучага свету, у якім адсутнічаюць галеча і голад, дзе людзі могуць рэалізаваць свой патэнцыял ва ўмовах роўнасці, у здаровым навакольным асяроддзі, дзе выкарыстоўваюцца рацыянальныя мадэлі спажывання і вытворчасці, прымаюцца неадкладныя меры захавання планеты для ўстойлівай жыццядзейнасці сучаснага і будучага пакаленняў. Мэты і задачы ў галіне ўстойлівага развіцця комплексныя і непадзельныя, глабальныя па сваім характары і ўніверсальна прыдатныя, пры гэтым яны даюць магчымасць улічваць нацыянальныя адметнасці, магчымасці і ўзровень развіцця кожнай дзяржавы, паважаюць нацыянальныя стратэгіі і прыярытэты.

Устойлівае развіццё — гэта не толькі самастойная мэта, але і найлепшы інструмент, які мае ў сваім распараджэнні міжнароднае грамадства для папярэджвання самых розных праблем. Зараз задача заключаецца ў тым, каб мабілізаваць усе намаганні для дасягнення рэальных вынікаў.

Напрамкі ўстойлівага развіцця. У сучасных умовах змяняецца асноўная мэта грамадскага прагрэсу ў сувязі з пераходам на новыя прынцыпы ўзаемадзеяння прыроды, грамадства і чалавека. Найвышэйшай мэтай становіцца чалавек, яго духоўнае і фізічнае здароўе ў спрыяльным і бяспечным асяроддзі. Сёння недапушчальна вялікая няроўнасць у дабрабыце розных слаёў насельніцтва, а таксама цэлых краін і народаў. Новая цывілізацыйная мадэль уключае сучаснае разуменне сацыяльнай справядлівасці, эканамічнай эфектыўнасці і экалагічнай абароненасці.

Культ спажывання — купля дзеля куплі?

Меню сайта гандлёвага цэнтра
Меню сайта гандлёвага цэнтра
icon-discussions
Грамадства развітых краін свету ў цяперашні час нярэдка характарызуюць як «грамадства спажывання». Якія адметныя рысы грамадства спажывання? Ці магчыма дасягненне ўстойлівага развіцця, калі ўсе краіны на планеце паставяць сабе на мэце дасягненне высокага ўзроўню асабістага спажывання? 

Эканамічны напрамак устойлівага развіцця прадугледжвае змяненне структуры спажывання і вытворчасці. Калі б усе краіны свету наблізіліся да стандартаў спажывання развітых краін на цяперашняй тэхналагічнай аснове, то гэта магло б прывесці да катастрофы. Высокі ўзровень спажывання патрабуе інтэнсіўнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў — нафты, газу, вугалю і да т. п. Спальванне вугалю, нафтапрадуктаў забруджвае атмасферу, выклікае парніковы эфект, парушае экалагічную раўнавагу.

Новае разуменне эканамічнага росту постіндустрыяльнай эканомікі заснавана на ўкараненні рэсурсазберагальных тэхналогій. Найважнейшае значэнне мае выкарыстанне ў прамысловасці, на транспарце, у дамашняй гаспадарцы чыстай энергіі сонца, ветру, прыліваў і адліваў і да т. п. Укараненне ў вытворчасць найноўшых дасягненняў стала асноўным напрамкам эканамічнага развіцця. Менавіта новыя навуковыя распрацоўкі і іх укараненне становяцца асновай для пераходу да рэсурсазберагальнага і энергабяспечнага тыпу гаспадаркі. Таму важная дзяржаўная падтрымка навукі, якая фарміруе інавацыйны патэнцыял структурных пераўтварэнняў у эканоміцы. Усё больш шырокае распаўсюджванне атрымліваюць зялёная эканоміка, вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы.

icon-search
Што такое электробус? Дзе знаходзіцца самы вялікі ветрапарк у Беларусі? Знайдзіце інфармацыю, якія напрамкі з’яўляюцца прыярытэтнымі для развіцця зялёнай эканомікі ў нашай краіне. 

Шэраг краін прымае нормы, якія забараняюць выкарыстанне пластыку, аднаразовага посуду, поліэтыленавых пакетаў. Аднак важная і адказнасць бізнесу, саміх грамадзян. Напрыклад, ёсць крамы, дзе пакупкі ўпакоўваюцца ў шматразовыя мяшочкі ці ў прынесеную з сабой тару. Гэта дазваляе зменшыць колькасць адходаў, у першую чаргу поліэтыленавых, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Напэўна, вы заўважалі і кантэйнеры для збору адходаў рознага паходжання — для сарціроўкі адходаў першапачаткова на пластык, шкло, паперу і інш. Падтрымліваючы энерга- і водазберажэнне, правільную ўтылізацыю адходаў, мы падаўжаем сабе жыццё і робім яго больш якасным.

icon-discussions
У чым «плюсы» і «мінусы» рознай тары для пакупак у краме з пункту гледжання грашовых укладанняў вытворцы і спажыўца, экалагічных наступстваў? Якія віды ўпакоўкі з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі ў нашы дні? 

Сацыяльны напрамак устойлівага развіцця ўключае комплекс мер, накіраваных на захаванне жыцця і здароўя чалавека, павышэнне дабрабыту насельніцтва. Працяглае здаровае і актыўнае жыццё грамадзян — неабходная ўмова забеспячэння ўстойлівасці развіцця любой краіны.

Захаванне здароўя насельніцтва звязана з прадухіленнем распаўсюджвання небяспечных інфекцыйных хвароб. Уздзеянне шэрагу адмоўных фактараў асяроддзя пражывання, няякаснай пітной вады, курэння выклікаюць сардэчна-сасудзістыя захворванні.

У шэрагу краін актуальнай з’яўляецца задача скарачэння дзіцячай смяротнасці, паляпшэння аховы мацярынства.

Палітыка аховы і ўзмацнення здароўя людзей у кожнай краіне павінна засноўвацца на прынцыпах, распрацаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Гаворка ідзе аб прыярытэтным развіцці першаснай медыка-санітарнай дапамогі як асновы сістэмы аховы здароўя, аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і да т. п.

icon-search
Прааналізуйце сэрвіс талон.бай — адзіную інтэрнэт-рэгістратуру Беларусі. Якія паслугі насельніцтву прапануе дадзены сэрвіс? Якая інфармацыя ўтрымліваецца ў асабістым кабінеце карыстальніка? Як сэрвіс талон.бай характарызуе сістэму аховы здароўя нашай краіны? 

Важнай задачай сусветнага супольніцтва з’яўляецца барацьба з галечай. Мяжа галечы вызначаецца суадносінамі даходаў і выдаткаў, неабходнымі для забеспячэння мінімальнага ўзроўню жыцця. Краіны — члены ААН дамагліся сур’ёзных поспехаў у ліквідацыі голаду і галечы. Многія краіны прынялі нацыянальныя «межы галечы» па даходах на душу насельніцтва.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі ААН, «абсалютная галеча» азначае задавальненне толькі асноўных фізіялагічных і сацыяльных патрэб. «Адносная галеча» азначае мінімальны ўзровень жыцця, а не пытанне выжывання. Мяжа «адноснай галечы», як правіла, устанаўліваецца на ўзроўні 40 ці 50 % ад сярэдняга даходу на душу насельніцтва краіны. Праблема галечы звязана з высокім узроўнем беспрацоўя ў шэрагу краін. Гэта адна з галоўных прычын сацыяльна-эканамічнай нестабільнасці, масавай міграцыі насельніцтва з бедных краін у спрыяльныя дзяржавы.

Дасягненне сацыяльнай стабільнасці ўключае абарону грамадства, асобы ад злачынных замахаў. У сувязі з глабалізацыяй міжнародны характар набылі такія злачынныя дзеянні, як абарот наркотыкаў, незаконная міграцыя, гандаль зброяй, легалізацыя злачынных даходаў і да т. п. У барацьбе са злачыннасцю ўзмацняецца міжнароднае супрацоўніцтва з адпаведнымі структурамі ААН, міжурадавымі арганізацыямі.

Экалагічны напрамак устойлівага развіцця ўключае змяненне прыярытэтаў у экалагічнай і эканамічнай палітыцы дзяржаў. Ахова навакольнага асяроддзя становіцца неад’емнай часткай развіцця, пры якім захоўваецца прыродна-рэсурсны патэнцыял як для цяперашняга, так і для будучых пакаленняў. Сёння шмат увагі надаецца павышэнню экалагічнай бяспекі гаспадарчых аб’ектаў, тэхнікі, тэхналогіі, матэрыялаў. Важнае значэнне маюць фінансаванне прыродаахоўных мерапрыемстваў, узмацненне прававой адказнасці за прыродаахоўныя парушэнні.

Экалагічны аспект устойлівага развіцця прадугледжвае захаванне біялагічнай разнастайнасці, бяспечнае прымяненне высокіх тэхналогій, хімічных рэчываў. Важна пры рашэнні ўсіх сацыяльна-эканамічных праблем улічваць патрабаванні захавання жыцця і здароўя чалавека, навакольнага асяроддзя.

icon-idea
Выканайце міні-праект «Экалагічная ініцыятыва». Правядзіце пошук актуальнай інфармацыі аб стане экалагічнай абстаноўкі ў рэгіёне вашага пражывання па адным з кірункаў: «Водазберажэнне», «Якасць атмасфернага паветра», «Біяразнастайнасць», «Энергазберажэнне», «Абыходжанне з адходамі». Прапануйце ідэю мерапрыемства для паляпшэння экалогіі ў населеным пункце, дзе вы пражываеце. 

Усе 17 Мэт устойлівага развіцця ўзаемазвязаныя і ўніверсальныя, бо галоўны падыход — «нікога не пакідаць у баку». З аднаго боку, гэта захаванне інтарэсаў кожнага, з другога — усе павінны быць прыцягнуты да рэалізацыі пастаўленых мэт.

Партнёрства і супрацоўніцтва — умовы дасягнення МУР, якія структурыруюць па пяці асноўных напрамках, так званых 5Р: людзі (people), росквіт (prosperity), мір (peace), партнёрства (partnership), планета (planet). МУР — гэта стратэгія ўсяго чалавецтва, і праблематыка іх дасягнення трывала замацоўваецца ў стратэгічным нацыянальным парадку дня ўсіх дзяржаў свету.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь. У 2017 г. была прынята Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 г. (НСУР-2030), заснаваны пост Нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, створаны Савет па ўстойлівым развіцці на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і кіраўніцтва рэгіёнаў краіны.

icon-task
На аснове інфаграфікі ў пачатку параграфа зрабіце сарціроўку мэт, якія, на ваш погляд, першачарговыя і вельмі важныя для Беларусі, з дапамогай пытанняў «Гэта важна?» (так/не) і «Гэта тэрмінова?» (так/не). З дапамогай рэсурсу https://sdgs.by, прысвечанага Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі, праверце свае меркаванні. 

Нацыянальная стратэгія ўключае ў сябе задачы ўстойлівага развіцця ў сферах эканомікі і экалогіі, інвестыцый і інавацый, а таксама задачы ўмацавання здароўя нацыі і дасягнення высокай якасці жыцця (за кошт развіцця патэнцыялу кожнага чалавека), стварэння працоўных месцаў, якія забяспечваюць стабільную занятасць і высокія даходы на аснове лічбавізацыі эканомікі, заахвочвання да адукацыі на працягу ўсяго жыцця, паўсюднага ўкаранення зялёных тэхналогій пры захаванні прыроды і экалагічна бяспечнага асяроддзя пражывання для сучасных і будучых пакаленняў.

Як моладзь удзельнічае ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі?

Маладзёжны пасол МУР — гэта прадстаўнік са студэнцкага асяроддзя, які абіраецца для прасоўвання Мэт устойлівага развіцця і кіруецца слоганам «Ва ўстойлівую будучыню разам». Маладзёжныя паслы папулярызуюць Мэты ўстойлівага развіцця сярод моладзі, інфармуюць яе пра механізмы дасягнення паказчыкаў устойлівага развіцця на лакальным і нацыянальным узроўнях, дапамагаюць набываць маладым людзям веды і прафесійныя кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, асвойваць ідэі і прынцыпы ўстойлівага развіцця.

icon-discussions
Як вы лічыце, чаму конкурс коміксаў (2018 г.) для ўключэння моладзі ў парадак Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі назвалі «Супергероі для Супермэт»? На сайце «Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі» http://sdgs.by даведайцеся пра новыя маладзёжныя праекты і вазьміце ў іх удзел. 

Дасягненне МУР з’яўляецца амбіцыйнай задачай, якую краіны не здольны адужаць самі, мабілізуючы толькі ўнутраныя рэсурсы. Дзяржавы, міжурадавыя і няўрадавыя арганізацыі, усё сусветнае супольніцтва ў цэлым і кожны грамадзянін паасобку могуць і павінны ўносіць уклад у забеспячэнне ўстойлівага развіцця. Супрацоўніцтва на міжнародным узроўні ў дадзеным выпадку адыгрывае важную ролю. Сёння наша краіна імкнецца да таго, каб пашыраць кантакты ў сусветным супольніцтве, пераймаць перадавы вопыт, які будзе працаваць на карысць грамадства і краіны. Нам яшчэ шмат чаго трэба зрабіць для таго, каб забяспечыць устойлівае развіццё краіны.

icon-questions

1. Якія сферы жыцця грамадства ў першую чаргу закранае канцэпцыя ўстойлівага развіцця?

2. Якая роля Беларусі ў рэалізацыі канцэпцыі ўстойлівага развіцця на рэгіянальным узроўні? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

3. Рэйтынг «Індэкс дасягнення глабальных Мэт устойлівага развіцця» складаецца для 156 краін свету на падставе 100 паказчыкаў, звязаных з выкананнем МУР. Даведайцеся актуальную інфармацыю пра месца Рэспублікі Беларусь у дадзеным рэйтынгу і ацаніце прасоўванне нашай краіны ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Выкарыстоўвайце памятку для працы з рэйтынгамі ў медыя. 

icon-idea
Распрацуйце прынт для майкі ці сумкі, прысвечаны дасягненню Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі.