*§ 1-4. Галоўныя члены сказа. Спосабы выражэння дзейніка. Тыпы выказніка і спосабы яго выражэння. Стылістычныя магчымасці розных форм выражэння выказніка. Функцыі звязкі ў састаўным іменным выказніку

Практыкаванне 26

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту. Выпішыце выдзеленыя сказы, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку. Падкрэсліце ў сказах галоўныя члены, вызначце тып дзейнікаў і выказнікаў, спосабы іх выражэння.

Яны маглі з дня на дзень вярнуцца з далёкага краю ў роднае гняздоўе. А ноччу немаведама адкуль наляцеў буран і зламаў стары трухлявы ў корані вяз. І не стала буслянкі. Яна мясцілася на самай верхавіне высахлага дрэва, кожную вясну сустракаючы белакрылых буслоў-гаспадароў, а ўвосень праводзячы іх далей ад халадоў у цёплыя краі. Куды яна праводзіла буслоў таго ніхто з нас не ведаў. Як ніхто не сумняваўся што там ім сумна і маркотна без роднай буслянкі і такога знаёмага Журавіннага балота. І нам самім было не меней сумна без іх штодзённага клёкату, якога асабліва прыбаўлялася, калі ў гняздзе з’яўлялася новае крылатае папаўненне.
Затое радасна было ў той веснавы дзянёк. Буслы прыляцелі! І не было на тое імгненне больш значнай падзеі.
Увосень буслянка пусцела і мы адчувалі нечага не хапае на нашай вуліцы. І разумелі: не хапае буслоў, іх клёкату, святла іх крылаў. І было адчуванне што менавіта без гэтага святла раптоўна пачарнела зямля больш цёмна стала навокал.
Прыляцелі буслы, але не ўбачылі сваёй буслянкі. Пакружыліся яны над вёскай пабедавалі над лёсам сваім і зніклі. І так балюча назіраць за імі быццам і мы былі ў нечым вінаватыя.
А назаўтра ўбачылі, як птушкі пачалі ладзіць сабе новае гняздо крыху воддаль ад іх былога жытла. Мы верылі буслы вярнуліся зноў будзе кожную вясну па нашай вуліцы ляцець радаснае «Буслы прыляцелі!» (Паводле А. Зэкава).

Растлумачце напісанне складаных слоў.