*§ 1-4. Галоўныя члены сказа. Спосабы выражэння дзейніка. Тыпы выказніка і спосабы яго выражэння. Стылістычныя магчымасці розных форм выражэння выказніка. Функцыі звязкі ў састаўным іменным выказніку

Практыкаванне 19

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву. Выпішыце выдзеленыя сказы. Падкрэсліце ў іх граматычныя асновы. Вызначце тыпы дзейнікаў і выказнікаў, спосабы іх выражэння.

Будслаўскі фэст любімы многімі жыхарамі нашай краіны. Ён атрымаў міжнароднароднае прызнанне. Такое рашэнне прыняў Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
У наш час Будслаўскі фэст — гэта дзясяткі тысяч людзей, якія крочаць у бок адной з галоўных каталіцкіх святынь. Гэта людзі розных канфесій. Яны ствараюць агульнае ўрачыстае шэсце. Чаму ж менавіта Будслаў абралі пілігрымы? Будынак храма складаецца з дзвюх частак. Адна частка — гэта стары касцёл (сёння гэта капліца), пабудаваны ў 1633—1643 гадах. Другая частка — гэта новы касцёл, узведзены ў 1767—1783 гадах. У старым касцёле знаходзіцца арыгінальны разьбяны драўляны алтар ранняга барока. На сценах касцёла да нашых дзён захаваліся ўнікальныя роспісы — восем сюжэтаў, якія з’яўляюцца выдатнымі помнікамі ранняга класіцызму.
Комплекс былога кляштара бернардзінцаў і дэкаратыўнае аздабленне касцёла ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. У 1994 годзе Будслаўскаму касцёлу нададзены тытул базілікі малой. Такім званнем храмы звычайна ўзвялічваюцца з-за свайго ўзросту, памеру ці гістарычнага значэння.
Будслаўскі фэст прылічаны да нематэрыяльных культурных каштоўнасцей сусветнага ўзроўню (Паводле Н. Шчарбачэвіч).

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Будслаўскі фэст.