*§ 1-4. Галоўныя члены сказа. Спосабы выражэння дзейніка. Тыпы выказніка і спосабы яго выражэння. Стылістычныя магчымасці розных форм выражэння выказніка. Функцыі звязкі ў састаўным іменным выказніку

Практыкаванне 18

Прачытайце тэкст. Выпішыце выдзеленыя сказы. Падкрэсліце ў іх граматычныя асновы. Вызначце, чым выражаны дзейнікі і выказнікі. Назавіце тыпы дзейнікаў і выказнікаў.

Шашкі

Шашкі — лагічная гульня. Звычайна шашкі мелі выгляд невялікіх паўсфер ці пляскатых кружкоў. У старажытнасці іх выраблялі з косці, рогу, дрэва, гліны, шкла, бурштыну, нават з каштоўных камянёў. Зарадзілася шашачная гульня ў Егіпце ў ІІІ— ІІ тысячагоддзях да н. э.
Сучасныя даследчыкі ўпэўнены, што з Егіпта шашкі трапілі ў старажытны Рым праз Грэцыю, а тагачасныя правілы гульні ўжо мелі шмат агульнага з сучаснымі шашачнымі сістэмамі. Старажытнагрэчаскія шашкі перамяшчаліся па лініях. У Рыме гульня была перанесена на клятчастую дошку. Яна называлася латронамі. Назва паходзіла ад слова «латра» (ваяр), бо на дошцы адлюстроўвалася бітва. Так з’явілася новая дошка. Яна была падзелена на двухколерную клетку, на якой і дагэтуль усе гуляюць у шашкі і ў шахматы. Спачатку латроны былі распаўсюджаны толькі ў рымскім войску. Аднак вельмі хутка імі захапілася амаль усё насельніцтва імперыі. Яны сталі народнай гульнёй. Ад рымлян шашкі трапілі ў многія краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі (Паводле В. Мядзведзевай).

Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары.