*§ 1-4. Галоўныя члены сказа. Спосабы выражэння дзейніка. Тыпы выказніка і спосабы яго выражэння. Стылістычныя магчымасці розных форм выражэння выказніка. Функцыі звязкі ў састаўным іменным выказніку

Практыкаванне 17

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з яго асноўнай думкай. Запішыце тэкст па варыянтах (І варыянт — 1-ы і 2-і абзацы, ІІ варыянт — 3-і абзац), вызначце, чым выражаны дзейнікі і выказнікі. Назавіце іх тыпы.

На Беларусі звярталіся да сястры са словамі «сястрыца», «сястрычка», «сёстранька», «сяструха», «сяструля», «сяструхна», «сястрэнька». Нашы продкі вельмі шанавалі роднасць. Шматлікія пацвярджэнні гэтаму можна знайсці ў фальклорных творах. Напрыклад, у народзе казалі: «Як сястру маеш, то гора не спазнаеш», «Сэрца сястры за грошы не купіць».
Сямейна-сваяцкія стасункі — духоўная спадчына беларусаў. У іх кожны член сям’і і роду займаў пэўнае месца. У сістэме роднасці старэйшай сястры належала вельмі важнае месца, якое яна займала разам са старэйшым братам пасля бацькоў. Старэйшая сястра мела пэўнае кола абавязкаў і правоў у дачыненні да іншых членаў сям’і. Гэта залежала ад узросту як самой сястры, так і астатніх дзяцей, ад тыпу і складу сям’і, правіл роду і традыцый мясцовасці. Але заўсёды старэйшая сястра была незаменнай памочніцай маці, дарадчыцай і апякункай малодшых братоў і сясцёр. Малодшым яна спявала калыханкі, лоўка спавівала іх, карміла і дапамагала апрануцца.
У выніку страты маці маладая дзяўчына разумела, што ёй давядзецца замяніць яе, узяўшы пад сваю апеку малодшых братоў і сясцёр. Раней гаспадарка і вялікая сям’я патрабавалі круглы год працоўных рук. І лёс старэйшай сястры часта складваўся такім чынам, што яна не мела магчымасці вучыцца, наведваць школу, саступіўшы гэта права малодшым. Нярэдка бывалі і такія выпадкі. Гэта дзяўчына свядома не выходзіла замуж, бо гадавала малодшых. Асабліва такое ахвяраванне было распаўсюджана ў часы ліхалецця або пасля ранняй смерці маці. Аднак у старэйшых сясцёр былі і свае прывілеі. Калі ў сям’і ўсё складвалася добра, яны мелі прыярытэт перад малодшымі адносна замужжа. Спачатку аддавалася замуж старэйшая сястра, а потым — па старшынстве. Лічылі, што, калі парушыць гэты парадак, старэйшая сястра ўвогуле не выйдзе замуж (Паводле Л. Мятлеўскай).