*§ 1-4. Галоўныя члены сказа. Спосабы выражэння дзейніка. Тыпы выказніка і спосабы яго выражэння. Стылістычныя магчымасці розных форм выражэння выказніка. Функцыі звязкі ў састаўным іменным выказніку

Практыкаванне 15

Запішыце сказы, вызначце спосабы выражэння галоўных членаў сказа, тыпы дзейнікаў і выказнікаў.

1. Шмат у каго яблыні і слівы пабіты маразамі (А. Савіцкі). 2. На прыпынку стаялі некалькі чалавек (У. Гаўрыловіч). 3. Мусіць, усё ж наступала бабіна лета (М. Даніленка). 4.  Малая спала (М. Даніленка). 5. А маці з сынам вярнуліся ў кіёск (Д. Пятровіч). 6. Кожны ў жыцці піша сваю ўласную кнігу... (К. Камейша). 7. Яго ведаюць многія (А. Кузьміч). 8. Лісце на бярозах пачынае жаўцець яшчэ ўлетку (М. Кусянкоў). 9. Ён застаўся на прыпынку адзін (У. Гаўрыловіч). 10. Высокая густая трава з высахлымі сцяблінамі таксама была мокрай ад расы (В. Гігевіч). 11. Неба было бяздонным акіянам блакіту (Т. Купрэвіч). 12. Сінонімы — багацце мовы; яны ніколі не варагуюць (Я. Скрыган).