*§ 1-4. Галоўныя члены сказа. Спосабы выражэння дзейніка. Тыпы выказніка і спосабы яго выражэння. Стылістычныя магчымасці розных форм выражэння выказніка. Функцыі звязкі ў састаўным іменным выказніку

Практыкаванне 14

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з яго тэмай. Запішыце тэкст па абзацах, вызначце тыпы дзейнікаў і выказнікаў, спосабы іх выражэння.

Белую канюшыну часта выкарыстоўваюць для газонаў. Яна не баіцца стрыжак пад нуль, вытрымлівае любое вытоптванне і застаецца зялёнай нават у самыя страшныя засухі. Праблемы з’явяцца, толькі калі вы захочаце пазбавіцца ад газона. Тады і зразумееце, што расстацца з ёй будзе няпроста. Выкарыстоўваюць белую канюшыну і для павышэння ўрадлівасці глебы як сідэрат. Аперацыя рызыкоўная, бо знішчыць расліну будзе няпроста. Затое глеба насыціцца азотам і арганікай. Пры паліве канюшына дае магутную зеляніну. Сеюць яе ці пад зіму, ці вясной. Выконвае яна некалькі функцый: насычае глебу азотам; перашкаджае распаўсюджванню пустазелля; паляпшае структуру глебы; пушыць урадлівы пласт.
Нават самая бедная глеба пасля некалькіх пасеваў белай канюшыны становіцца ўрадлівай і прыдатнай для вырошчвання капрызных культур. Акрамя прамога насычэння глебы азотам, канюшына робіць цяжказасваяльныя фасфаты лёгкадаступнымі для раслін. Таму спецыялісты лічаць яе нават не азотным, а фосфарным угнаеннем. Расліна не любіць нізіны, дзе застойваецца вада. Канюшына аддае перавагу слабакіслым суглінкавым грунтам (Паводле І. Тамковіч).

Раскрыйце значэнні слоў газон, глеба, сідэрат.