*§ 5-1. Глабалізацыя
Паняцце глабалізацыі. У параўнанні з мінулымі гістарычнымі эпохамі сёння ўзрасло агульнапланетарнае адзінства чалавецтва, якое ўяўляе сабой адзіную – глабальную – цывілізацыю, нягледзячы на існуючыя ашаламляльныя сацыяльна-культурныя, эканамічныя, палітычныя адрозненні розных рэгіёнаў, дзяржаў і народаў. У працэсе глабалізацыі адбываецца станаўленне адзінай сістэмы тэхналагічных, фінансавых, эканамічных, сацыяльна-палітычных і культурных сувязей на падставе найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Свет цесны?
Тэорыя шасці поціскаў рук – тэорыя, згодна з якой любыя два чалавекі на Зямлі аддзелены ў сярэднім толькі пяццю ўзроўнямі агульных знаёмых (і, адпаведна, шасцю ўзроўнямі сувязей), была прапанавана ў 1969 г. амерыканскімі псіхолагамі Стэнлі Мілгрэмам і Джэфры Трэверсам. Дадзеная тэорыя заключаецца ў тым, што кожны чалавек апасродкавана знаёмы з любым іншым жыхаром планеты праз нядоўгі ланцужок агульных знаёмых, які ў сярэднім складаецца з шасці чалавек. Гіпотэза была пацверджана вынікамі некалькіх эксперыментальных праверак (у тым ліку маштабнага эксперыменту ў сацыяльных сетках) і знайшла сваё адлюстраванне ў кінематографе.
Ці можна сцвярджаць, што «сеткавы свет – цесны»?
Праверце тэорыю шасці поціскаў рук у сацыяльных сетках. Пошук людзей у сацыяльных сетках, як правіла, настроены такім чынам, каб паказваць найбольш «блізкіх» нам людзей (нават пры паказе сяброў адвольна выбранага карыстальніка ў ліку першых будуць паказаны людзі, з якімі ў вас асабіста больш за ўсё знаёмых).
Выканайце наступныя дзеянні і пракаменціруйце вынік:
- 1. Знайдзіце ў пошуку любога чалавека, які не з’яўляецца вашым сябрам. Імя і прозвішча могуць быць адвольнымі. Таксама вы можаце націснуць на аватар любога выпадковага карыстальніка або выбраць кандыдата, які спадабаўся, па фільтры па горадзе ці краіне.
- 2. Перайдзіце ў спіс сяброў абранага чалавека. Вашы агульныя з гэтым чалавекам сябры могуць высвеціцца ўжо на дадзеным этапе, і ў такім выпадку колькасць поціскаў рук паміж вамі роўная аднаму праз любога агульнага знаёмага. Калі ж гэтага не адбылося, перайдзіце на старонку першага (самага верхняга) у спісе сябра.
- 3. Пераходзьце на старонку першага сябра кожны раз, пакуль не ўбачыце агульных сяброў. Як правіла, гэта адбудзецца значна хутчэй, чым праз пяць пераходаў. Падлічыце колькасць крокаў, і роўна столькі «поціскаў рук» вас аддзяляе ад першапачаткова абранага чалавека.
У сучаснасці адбываецца рэзкі рост маштабаў вытворчасці, якая здзяйсняецца ў міжнародных формах (ТНК), дасягнуты якасна новы ўзровень сродкаў транспарту і сувязі, што забяспечвае хуткае распаўсюджванне тавараў і паслуг, рэсурсаў і ідэй з прыкладаннем іх у найбольш спрыяльных умовах. Рамкі эканамічнай дзейнасці выходзяць за нацыянальныя межы, набываюць міжнародны характар, які садзейнічае фарміраванню адзінай эканамічнай прасторы. Радыкальна змяняюцца сродкі камунікацыі, абмену эканамічнай, фінінсавай інфармацыяй, ствараюцца магчымасці аператыўнага, своечасовага і эфектыўнага рашэння вытворчых, навукова-тэхнічных, камерцыйных задач не горш, чым унутры асобных краін. Паслабленне жорсткасці дзяржаўных межаў палягчае свабоду перамяшчэння грамадзян, тавараў і паслуг, а памяншэнне ролі традыцыйных сацыяльных сувязей і звычаяў павышае мабільнасць людзей у тэрытарыяльных, духоўных і псіхалагічных адносінах, садзейнічае міжнароднай міграцыі. Людзі ўсё больш усведамляюць небяспеку абвастрэння праблем захавання, развіцця навакольнага асяроддзя і энергетычнага балансу, што абумоўлівае аб’яднанне намаганняў сусветнай супольнасці, кансалідацыю рэсурсаў, каардынацыю дзеянняў у розных сферах.