§ 5. Глабалізацыя

Антыглабалізм. Рэакцыяй на супярэчлівы характар глабалізацыі з’яўляецца ўзнікненне новых грамадскіх рухаў, у прыватнасці, антыглабалізму. Антыглабалізм — гэта грамадскі і палітычны рух, накіраваны супраць глабалізацыі ў яе сучаснай форме, якая прыносіць прыбытак глабальным транснацыянальным карпарацыям і грунтуецца на дамінаванні ЗША.

Супраціўленне глабалізацыі праяўляецца як на ўзроўні дзяржаў, так і на ўзроўні грамадскіх рухаў. Часцей за ўсё антыглабалістамі асуджаюцца негатыўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы глабалізацыі і дэкларуюцца патрабаванні правядзення палітыкі «сацыяльна адказнай глабалізацыі». Лічыцца, што працэс глабалізацыі павінен быць звязаны з распаўсюджваннем прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці. Прыхільнікі антыглабалізму адзначаюць, што глабалізацыя паглыбляе экалагічныя праблемы, дазваляе ТНК пазбягаць кантролю і атрымліваць звышпрыбыткі за кошт эксплуатацыі найбяднейшых краін і народаў, раскрадання іх прыродных і іншых рэсурсаў.

Антыглабалісты выкарыстоўваюць тактыку прамога палітычнага ціску, прыцягваюць да сябе ўвагу СМІ, разлічваюць на маральную падтрымку грамадства. Большасць антыглабалісцкіх лідараў адмаўляецца ўзаемадзейнічаць з сусветнымі фінансавымі інстытутамі і транснацыянальнымі карпарацыямі, сцвярджаючы, што інакш будуць садзейнічаць умацаванню пазіцыі апошніх.

Антыглабалісты прапануюць лакалізацыю вытворчасці для згортвання пераразвітога сусветнага падзелу працы; выступаюць за выраўноўванне аплаты працы работнікаў падобнай кваліфікацыі ва ўсіх краінах свету; рэалізацыю міжнародных стандартаў сацыяльнай абароны і аховы працы і міжнародную экспертызу нацыянальных заканадаўстваў у галіне працы; дэмакратычнае вырашэнне праблем міграцыі працоўнай сілы; выпрацоўку міжнародных нарматываў, якія абмяжоўваюць дзейнасць ТНК; спісанне пазык краін, што развіваюцца; увядзенне падаткаў на біржавыя спекуляцыі і да т. п.

Антыглабалісцкія арганізацыі і рухі вельмі неаднародныя, маюць мноства розных напрамкаў і плыняў. Дэманстрацыі антыглабалістаў у апошнія гады прымеркаваны, як правіла, да пасяджэнняў Сусветнага банка, СГА, МВФ, іншых міжнародных арганізацый, самітаў «Вялікай сямёркі» (G7) і «Вялікай дваццаткі» (G20). У гэтых арганізацыях антыглабалісты бачаць асноўных правадыроў палітыкі глабалізацыі, адказных за яе негатыўныя наступствы.