§ 5. Глабалізацыя
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | § 5. Глабалізацыя |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 06:57 |
Паняцце глабалізацыі. У другой палове ХХ ст. чалавецтва ўступіла ў новы этап сацыяльнай эвалюцыі. Вызначальнай тэндэнцыяй гэтага этапу з’яўляецца глабалізацыя.
Глабалізацыя — гэта працэс усебаковага збліжэння розных краін і станаўлення адзінай сістэмы тэхналагічных, фінансавых, эканамічных, сацыяльна-палітычных і культурных сувязей на аснове найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Калі зыходзіць з аб’ектыўнага характару працэсу глабалізацыі, то варта вызначыць тыя асноўныя фактары, якія абумоўліваюць працэс.
Эканамічны. Сусветная эканоміка становіцца ўзаемазалежнай, яна інтэгруецца ў адзінае цэлае. Змяншаюцца бар’еры паміж нацыянальнымі эканомікамі пад уплывам свабоднага капіталу і новых тэхналогій. Рамкі эканамічнай дзейнасці выходзяць за нацыянальныя межы, фарміруецца адзіная эканамічная прастора.
Эканамічная глабалізацыя вядзе да ўзмацнення ролі міжнародных арганізацый, такіх як Міжнародны валютны фонд (МВФ), Сусветны банк, Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА), Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Некаторыя ТНК маюць бюджэт, які перавышае нацыянальныя ВУП, і аказваюць уплыў на палітычныя рашэнні і працэсы глабалізацыі.
Лагатып якой кампаніі звычайна разглядаюць як сімвал глабалізацыі? Чаму?
Якую кампанію, заснаваную яшчэ ў 1600 г., можна лічыць першай транснацыянальнай карпарацыяй?
Палітычны. Свабода перамяшчэння людзей, тавараў, паслуг, капіталаў садзейнічае размыванню нацыянальных межаў, узрастанню палітычнага ўплыву міжнародных арганізацый і транснацыянальных карпарацый. Разам з тым сярод ста найбуйнейшых карпарацый свету няма ніводнай проста глабальнай. Пра кожную вядома, у якой краіне знаходзіцца яе штаб-кватэра, каму яна плаціць падаткі, які ўрад лічыць сваім. Нават тэхналагічны ўзровень карпарацыі цалкам адлюстроўвае ўзровень краіны прыналежнасці.
Сацыяльны. Нераўнамернасць развіцця краін, беднасць шэрагу рэгіёнаў планеты спараджае масавую міграцыю людзей у пошуках працы і лепшага жыцця з бедных краін у больш паспяховыя. Гэта змяняе сацыяльную структуру краін, якія прымаюць мігрантаў, уплывае на сістэму адукацыі, культуру.
Навукова-тэхналагічны. Фарміруецца сусветная інавацыйна-тэхналагічная сістэма з яе асноўнымі напрамкамі — тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, інфарматыка, новыя матэрыялы і крыніцы энергіі, касмічныя тэхналогіі і да т. п. Напрыклад, для барацьбы з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі COVID-19 усе краіны свету зацікаўлены ў падключэнні да адзінай інфармацыйнай сістэмы аб навуковых даследаваннях захворвання, мерах прафілактыкі і эфектыўных спосабах лячэння, выніках апрабацыі вакцын.
Прааналізуйце карыкатуру Джэймса Гілрэя «Каровіна воспа, або Цудоўнае дзеянне новай прышчэпкі!» (1802). Чые аргументы (праціўнікаў ці прыхільнікаў вакцынацыі) высмейваў мастак у пачатку XIX ст.? Чаму вы так думаеце? Якія адносіны да прышчэпак у ХХІ ст.?
Чаму ў 2019 г. Сусветная арганізацыя аховы здароўя аднесла недавер да вакцынацыі да глабальных пагроз чалавецтву?
Інфармацыйны. Дзякуючы тэлекамунікацыям, спадарожнікавай сувязі, камп’ютарным сістэмам і інтэрнэту свет стаў «вялікай вёскай». Інфармацыя аб падзеях у свеце распаўсюджваецца імгненна. Фарміруецца свайго роду планетарная свядомасць, адбываецца дыялог розных цывілізацый. Такім чынам само жыццё абвяргае міф пра несумяшчальнасць розных культур. Свет успрымаецца як непадзельная цэласнасць, у якой суіснуе шмат укладаў, звычаяў, нацыянальных асаблівасцей, вектараў развіцця.
Экалагічны. Нарастальная эканамічная моц чалавецтва патрабуе ўсё новых прыродных рэсурсаў, якія абмежаваны, вядзе да забруджвання рэк, акіянаў, паветра, апустыньвання зямель і да т. п. Узніклыя экалагічныя праблемы патрабуюць аб’яднання намаганняў усяго сусветнага супольніцтва для іх вырашэння, для аднаўлення экалагічнага балансу і стварэння здаровага асяроддзя.
Культурны. Уздзеянне глабалізацыі на сучасную культуру праяўляецца праз узрастанне ўплыву ўніверсальных, агульных для ўсяго чалавецтва феноменаў культуры (інтэрнэт, мода, спорт, навука, адзіная арганізацыя сістэмы адукацыі і інш.), а таксама праз узмацненне аднастайнасці форм моўных зносін, шырокае распаўсюджванне адзіных стандартаў вольнага часу, ладу жыцця наогул.
Глабалізацыя — не толькі аб’ектыўны працэс, выкліканы новымі тэндэнцыямі ў эканоміцы і камунікацыйнымі тэхналогіямі, але і адпаведная палітыка, якая служыць пэўным інтарэсам. Глабалізацыя сучаснага свету, якая паскараецца, аслабляе дзяржаўны суверэнітэт і патрабуе стварэння інстытутаў наднацыянальнага характару.
Супярэчлівы характар глабалізацыі. Глабалізацыя ўяўляе сабой даволі складаны і супярэчлівы працэс. Галоўнымі суб’ектамі міжнародных адносін па-ранейшаму застаюцца дзяржавы, якія выбудоўваюць сваю знешнюю палітыку на аснове нацыянальных інтарэсаў. У той жа час расце значэнне міжнародных арганізацый (урадавых і няўрадавых), узмацняецца ўплыў ТНК, ствараюцца наддзяржаўныя кіраўнічыя структуры. У выніку часта ўзнікаюць супярэчнасці паміж нацыянальнымі інтарэсамі дзяржаў і патрабаваннямі міжнародных арганізацый, прыярытэтамі нацыянальнай бяспекі і інтарэсамі транснацыянальных карпарацый.
Глабалізацыя сёння суправаджаецца іншым, процілеглым па напрамку працэсам: рэгіяналізацыяй эканамічнай дзейнасці. Гэта глабалізацыя ў абмежаваных маштабах, якая ахоплівае групу краін, што ствараюць аб’яднанні, у якіх адбываецца вялікая ці малая лібералізацыя гандлю, руху капіталу і людзей у рамках адпаведнай інтэграцыйнай групіроўкі (напрыклад, Еўразійскі эканамічны саюз, членам якога разам з Расіяй, Арменіяй, Кыргызстанам і Казахстанам з’яўляецца Беларусь).
У канцы ХХ ст. для апісання супярэчлівасці глабалізацыйных працэсаў у сучасным свеце з’явілася таксама паняцце «глакалізацыя» (ад англ. glocalisation), утворанае ад слоў «глабалізацыя» і «лакалізацыя». Пад глакалізацыяй разумеюць суіснаванне разнапланавых тэндэнцый: на фоне глабалізацыі замест чаканага знікнення рэгіянальных адрозненняў адбываюцца іх захаванне і ўзмацненне. Назіраецца павелічэнне інтарэсу да лакальных асаблівасцей, гістарычных традыцый, аднаўлення дыялектаў і інш.
Кіраванне глабалізацыяй на карысць усіх застаецца вялікай праблемай. У Дэкларацыі тысячагоддзя, прынятай Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 2000 г., адзначана: «…Мы лічым, што галоўнай задачай, якая стаіць перад намі сёння, з’яўляецца забеспячэнне таго, каб глабалізацыя стала пазітыўным фактарам для ўсіх народаў свету. Гэта звязана з тым, што, хоць глабалізацыя адкрывае шырокія магчымасці, яе дабротамі зараз карыстаюцца вельмі нераўнамерна і нераўнамерна размяркоўваюцца яе выдаткі. Мы ўсведамляем, што краіны, якія развіваюцца, і краіны з пераходнай эканомікай сутыкаюцца з асаблівымі цяжкасцямі падчас прыняцця мер у сувязі з рашэннем гэтай галоўнай задачы».
Дэкларацыя тысячагоддзя вызначыла дух працэсу глабалізацыі як заснаваны на прынцыпах свабоды, роўнасці, салідарнасці, цярплівасці, павагі да прыроды, узаемнай адказнасці, аднак ёсць небяспека, што працэс глабалізацыі, заснаваны на групавых інтарэсах найбагацейшых краін свету (так званага «залатога мільярда»), падрывае ўстойлівы светапарадак і ўзмацняе супрацьстаянне па лініях Поўнач — Поўдзень, Захад — Усход.
Антыглабалізм. Рэакцыяй на супярэчлівы характар глабалізацыі з’яўляецца ўзнікненне новых грамадскіх рухаў, у прыватнасці, антыглабалізму. Антыглабалізм — гэта грамадскі і палітычны рух, накіраваны супраць глабалізацыі ў яе сучаснай форме, якая прыносіць прыбытак глабальным транснацыянальным карпарацыям і грунтуецца на дамінаванні ЗША.
Супраціўленне глабалізацыі праяўляецца як на ўзроўні дзяржаў, так і на ўзроўні грамадскіх рухаў. Часцей за ўсё антыглабалістамі асуджаюцца негатыўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы глабалізацыі і дэкларуюцца патрабаванні правядзення палітыкі «сацыяльна адказнай глабалізацыі». Лічыцца, што працэс глабалізацыі павінен быць звязаны з распаўсюджваннем прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці. Прыхільнікі антыглабалізму адзначаюць, што глабалізацыя паглыбляе экалагічныя праблемы, дазваляе ТНК пазбягаць кантролю і атрымліваць звышпрыбыткі за кошт эксплуатацыі найбяднейшых краін і народаў, раскрадання іх прыродных і іншых рэсурсаў.
Антыглабалісты выкарыстоўваюць тактыку прамога палітычнага ціску, прыцягваюць да сябе ўвагу СМІ, разлічваюць на маральную падтрымку грамадства. Большасць антыглабалісцкіх лідараў адмаўляецца ўзаемадзейнічаць з сусветнымі фінансавымі інстытутамі і транснацыянальнымі карпарацыямі, сцвярджаючы, што інакш будуць садзейнічаць умацаванню пазіцыі апошніх.
Антыглабалісты прапануюць лакалізацыю вытворчасці для згортвання пераразвітога сусветнага падзелу працы; выступаюць за выраўноўванне аплаты працы работнікаў падобнай кваліфікацыі ва ўсіх краінах свету; рэалізацыю міжнародных стандартаў сацыяльнай абароны і аховы працы і міжнародную экспертызу нацыянальных заканадаўстваў у галіне працы; дэмакратычнае вырашэнне праблем міграцыі працоўнай сілы; выпрацоўку міжнародных нарматываў, якія абмяжоўваюць дзейнасць ТНК; спісанне пазык краін, што развіваюцца; увядзенне падаткаў на біржавыя спекуляцыі і да т. п.
Антыглабалісцкія арганізацыі і рухі вельмі неаднародныя, маюць мноства розных напрамкаў і плыняў. Дэманстрацыі антыглабалістаў у апошнія гады прымеркаваны, як правіла, да пасяджэнняў Сусветнага банка, СГА, МВФ, іншых міжнародных арганізацый, самітаў «Вялікай сямёркі» (G7) і «Вялікай дваццаткі» (G20). У гэтых арганізацыях антыглабалісты бачаць асноўных правадыроў палітыкі глабалізацыі, адказных за яе негатыўныя наступствы.
1. Пералічыце і канкрэтызуйце прыкладамі фактары глабалізацыі.
2. Складзіце пары супрацьлеглых наступстваў глабалізацыі, вызначце сферу жыцця грамадства і запоўніце табліцу «Наступствы глабалізацыі».
Наступствы глабалізацыі:
- • Створана адзіная сусветная прастора, у межах якой бесперашкодна перамяшчаюцца людзі, эканамічныя рэсурсы, свабодна распаўсюджваюцца ідэі, веды.
- • Паглыбленне міжнароднага падзелу працы забяспечвае рост яго прадукцыйнасці і садзейнічае зніжэнню сабекошту вырабленай прадукцыі.
- • Павышаецца ўзровень жыцця насельніцтва тых краін, якія ўзначалілі працэсы глабалізацыі, што адбываюцца ў сучасным свеце.
- • Адбываецца збліжэнне сістэм нацыянальнага заканадаўства, а таксама культур розных краін, народаў.
- • Узрастае нераўнамернасць эканамічнага развіцця і звязаная з гэтым небяспека дэградацыі эканомікі цэлых краін і рэгіёнаў, якія не змаглі знайсці сваё месца ў сістэме міжнароднага падзелу працы.
- • Культурная ўніверсалізацыя, пад якой разумеюць распаўсюджванне каштоўнасцей заходняй цывілізацыі на ўсе іншыя народы, нярэдка спараджае зваротную рэакцыю: рост ксенафобіі, нацыяналізму і рэлігійнага фундаменталізму.
- • Масавыя і шмат у чым стыхійныя міграцыйныя працэсы, якія выкліканы разрывам ва ўмовах жыцця насельніцтва развітых і адсталых у развіцці краін, прыводзяць да нарастання этнакультурнай напружанасці і нават варожасці ў развітых краінах.
3. Ці магчыма назваць працэс глабалізацыі сучаснага свету прагрэсіўным? Абгрунтуйце сваё меркаванне.