§ 5. Глабалізацыя

Паняцце глабалізацыі. У другой палове ХХ ст. чалавецтва ўступіла ў новы этап сацыяльнай эвалюцыі. Вызначальнай тэндэнцыяй гэтага этапу з’яўляецца глабалізацыя.

Глабалізацыя — гэта працэс усебаковага збліжэння розных краін і станаўлення адзінай сістэмы тэхналагічных, фінансавых, эканамічных, сацыяльна-палітычных і культурных сувязей на аснове найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Калі зыходзіць з аб’ектыўнага характару працэсу глабалізацыі, то варта вызначыць тыя асноўныя фактары, якія абумоўліваюць працэс.

Эканамічны. Сусветная эканоміка становіцца ўзаемазалежнай, яна інтэгруецца ў адзінае цэлае. Змяншаюцца бар’еры паміж нацыянальнымі эканомікамі пад уплывам свабоднага капіталу і новых тэхналогій. Рамкі эканамічнай дзейнасці выходзяць за нацыянальныя межы, фарміруецца адзіная эканамічная прастора.

Эканамічная глабалізацыя вядзе да ўзмацнення ролі міжнародных арганізацый, такіх як Міжнародны валютны фонд (МВФ), Сусветны банк, Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА), Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Некаторыя ТНК маюць бюджэт, які перавышае нацыянальныя ВУП, і аказваюць уплыў на палітычныя рашэнні і працэсы глабалізацыі.

icon-discussions

Лагатып якой кампаніі звычайна разглядаюць як сімвал глабалізацыі? Чаму?

Якую кампанію, заснаваную яшчэ ў 1600 г., можна лічыць першай транснацыянальнай карпарацыяй? 

Палітычны. Свабода перамяшчэння людзей, тавараў, паслуг, капіталаў садзейнічае размыванню нацыянальных межаў, узрастанню палітычнага ўплыву міжнародных арганізацый і транснацыянальных карпарацый. Разам з тым сярод ста найбуйнейшых карпарацый свету няма ніводнай проста глабальнай. Пра кожную вядома, у якой краіне знаходзіцца яе штаб-кватэра, каму яна плаціць падаткі, які ўрад лічыць сваім. Нават тэхналагічны ўзровень карпарацыі цалкам адлюстроўвае ўзровень краіны прыналежнасці.

Сацыяльны. Нераўнамернасць развіцця краін, беднасць шэрагу рэгіёнаў планеты спараджае масавую міграцыю людзей у пошуках працы і лепшага жыцця з бедных краін у больш паспяховыя. Гэта змяняе сацыяльную структуру краін, якія прымаюць мігрантаў, уплывае на сістэму адукацыі, культуру.

Навукова-тэхналагічны. Фарміруецца сусветная інавацыйна-тэхналагічная сістэма з яе асноўнымі напрамкамі — тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, інфарматыка, новыя матэрыялы і крыніцы энергіі, касмічныя тэхналогіі і да т. п. Напрыклад, для барацьбы з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі COVID-19 усе краіны свету зацікаўлены ў падключэнні да адзінай інфармацыйнай сістэмы аб навуковых даследаваннях захворвання, мерах прафілактыкі і эфектыўных спосабах лячэння, выніках апрабацыі вакцын.

icon-discussions

Прааналізуйце карыкатуру Джэймса Гілрэя «Каровіна воспа, або Цудоўнае дзеянне новай прышчэпкі!» (1802). Чые аргументы (праціўнікаў ці прыхільнікаў вакцынацыі) высмейваў мастак у пачатку XIX ст.? Чаму вы так думаеце? Якія адносіны да прышчэпак у ХХІ ст.?

Чаму ў 2019 г. Сусветная арганізацыя аховы здароўя аднесла недавер да вакцынацыі да глабальных пагроз чалавецтву? 

Інфармацыйны. Дзякуючы тэлекамунікацыям, спадарожнікавай сувязі, камп’ютарным сістэмам і інтэрнэту свет стаў «вялікай вёскай». Інфармацыя аб падзеях у свеце распаўсюджваецца імгненна. Фарміруецца свайго роду планетарная свядомасць, адбываецца дыялог розных цывілізацый. Такім чынам само жыццё абвяргае міф пра несумяшчальнасць розных культур. Свет успрымаецца як непадзельная цэласнасць, у якой суіснуе шмат укладаў, звычаяў, нацыянальных асаблівасцей, вектараў развіцця.

icon-discussions
Вынікам праведзенага ў 1967 г. амерыканскім псіхолагам С. Мілгрэмам эксперыменту «Свет цесны» стала сацыялагічная тэорыя шасці поціскаў рукі, згодна з якой кожны чалавек апасродкавана знаёмы з любым іншым жыхаром планеты праз ланцужок агульных знаёмых, які ў сярэднім складаецца з пяці чалавек. Ці можна лічыць такі вынік эксперыменту праявай глабалізацыі? Які след пакінула тэорыя шасці поціскаў рукі ў літаратуры і кінематографе? 

Экалагічны. Нарастальная эканамічная моц чалавецтва патрабуе ўсё новых прыродных рэсурсаў, якія абмежаваны, вядзе да забруджвання рэк, акіянаў, паветра, апустыньвання зямель і да т. п. Узніклыя экалагічныя праблемы патрабуюць аб’яднання намаганняў усяго сусветнага супольніцтва для іх вырашэння, для аднаўлення экалагічнага балансу і стварэння здаровага асяроддзя.

Культурны. Уздзеянне глабалізацыі на сучасную культуру праяўляецца праз узрастанне ўплыву ўніверсальных, агульных для ўсяго чалавецтва феноменаў культуры (інтэрнэт, мода, спорт, навука, адзіная арганізацыя сістэмы адукацыі і інш.), а таксама праз узмацненне аднастайнасці форм моўных зносін, шырокае распаўсюджванне адзіных стандартаў вольнага часу, ладу жыцця наогул.

Глабалізацыя — не толькі аб’ектыўны працэс, выкліканы новымі тэндэнцыямі ў эканоміцы і камунікацыйнымі тэхналогіямі, але і адпаведная палітыка, якая служыць пэўным інтарэсам. Глабалізацыя сучаснага свету, якая паскараецца, аслабляе дзяржаўны суверэнітэт і патрабуе стварэння інстытутаў наднацыянальнага характару.