*§ 4-1. Гарызонты інфармацыйнага грамадства

Інтэрнэт як глабальная інфармацыйная сістэма. У 1983 г. за міжнароднай інфармацыйна-камунікацыйнай прасторай на аснове камп’ютарнай сеткі замацавалася назва – інтэрнэт.

icon-persona
З ідэяй стварэння звыклых для сучаснага карыстальніка інтэрнэт-старонак, зязаных з гіперспасылкамі, якія маюць стандартныя адрасы, упершыню выступіў у 1989 г. брытанскі вучоны Цім Бернерс-Лі. Ён прапанаваў выкарыстоўваць гэтую тэхналогію для хуткага і зручнага доступу да дакументацыі і матэрыялаў навуковых даследаванняў міжнароднага праекта CERN. Так была распрацавана канцэпцыя глабальнай камп’ютарнай сеткі – Сусветнай павуціны (World Wide Web) і створаны электронныя стандарты яе працы. 

Стварэнне Сусветнай павуціны можна параўнаць са з’яўленнем гіпертэксту. Электронная форма захоўвання і перадачы даных пачынае змяняць і змест электронных тэкстаў. Формай існавання пісьмовага тэксту ў Сетцы інтэрнэт з’яўляецца гіпертэкст. Гіпертэкст – гэта «форма пісьма, якая галінуецца і здзяйсняецца па запыце», ці «непаслядоўны запіс». Істотнымі характарыстыкамі гіпертэксту выступаюць яго мультымедыйнасць, графічная неаднароднасць, інтэрактыўнасць, нелінейнасць. Пісьмовы тэкст, які існуе ў друкаваным выглядзе, адрозніваецца ад гіпертэксту. Стварэнне Сусветнай павуціны адбылося ў выніку злучэння гіпертэкставых дакументаў у інфармацыйную сістэму, даступную з любога вузла Сеціва.

Інтэрнэт прайшоў некалькі этапаў свайго развіцця. У пачатку 1990-х гг. сфарміраваліся асноўныя магчымасці інтэрнэту, даступныя для сучаснага карыстальніка, у 2020-я гг. глабальная інфармацыйная сетка выкарыстоўвае алгарытмы вялікіх даных, тэхналогіі штучнага інтэлекту і інш.

Зараз мы знаходзімся ў Web 3.0?

Web 1.0 – гэта ўсе статычныя вэб-сайты, якія былі створаны з дапамогай HTML, CSS і JavaScript. У інтэрнэце было не так шмат вэб-дадаткаў. Не было ўзаемадзеяння, калі параўнаць з сённяшнім Сецівам. Акрамя таго, мы не маглі трансліраваць музыку і відэа.

Web 2.0 значна змяніўся ў параўнанні з Web 1.0. Гэта пачалося з інтэрактыўных інтэрфэйсаў і кантэнту, якія ўсе палюбілі. У Web 2.0 таксама назіраўся рост розных папулярных медыяплатформ, такіх як Вікіпедыя, YouTube, Flickr і Facebook. Гэта стварыла супольнасць аднадумцаў, дзе любому было лёгка падзяліцца інфармацыяй. Web 2.0 таксама пачаў перагрузку інфармацыі. Па даных ААН, колькасць карыстальнікаў інтэрнэту павялічылася з 738 млн да 3,2 млрд за кароткі тэрмін.

Пераход да Web 3.0 праяўляецца ў развіцці тэхналогій штучнага інтэлекту, вялікіх даных і інш., якія спросцяць прадстаўленне больш асабістага вэб-досведу, чым калі-небудзь раней. Акрамя таго, вэб-дадаткі будуць больш інтуітыўна зразумелыя і стануць больш даступныя для людзей, каб выкарыстоўваць іх у паўсядзённым жыцці і прафесійнай дзейнасці.

У той самы час актуальнай праблемай у свеце застаецца лічбавы разрыў, лічбавая няроўнасць, інфармацыйная няроўнасць (англ. Digital divide) – абмежаванне магчымасцей пэўных сацыяльных груп ці краін з-за адсутнасці (абмежавання) у іх доступу да сучасных сродкаў камунікацыі, Сеткі інтэрнэт. Напрыклад, на канец 2020 г. прыкладна 1,3 мрлд дзяцей ва ўзросце ад 3 да 17 гадоў не маюць дома доступу да інтэрнэту. Пра гэта паведамляецца ў новым дакладзе Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Міжнароднага саюза электрасувязі (МСЭ). Ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі без хатняга інтэрнэту абыходзяцца 36 млн хлопчыкаў і дзяўчынак, а гэта 42 % усіх школьнікаў у рэгіёне.

Лічбавы разрыў паміж моладдзю і пажылымі людзьмі павялічваецца ці памяншаецца?

Па даных статыстыкі выкарыстання інтэрнэту ў 2020 г. Digital 2021 вызначыла, што:

  • • інтэрнэт-карыстальнікі пакалення бэбі-бумераў не нашмат радзей выкарыстоўваюць электронную камерцыю, чым інтэрнэт-карыстальнікі пакалення Z і пакалення міленіялаў;
  • • жанчыны-карыстальнікі ва ўзросте ад 55 да 64 гадоў часцей робяць пакупкі ў інтэрнэце, чым мужчыны-карыстальнікі ва ўзросце ад 16 да 24 гадоў;
  • • значная частка пажылых карыстальнікаў інтэрнэту гуляе ў відэагульні;
  • • больш за 90 % карыстальнікаў пакалення Z гуляюць у гульні
icon-discussions
Ці пацвярджаюцца дадзеныя вынікі даследавання вашымі асабістымі назіраннямі? Што вы можаце сказаць пра ІКТ-кампетэнцыі вашых пажылых сваякоў?