§ 4. Гарызонты інфармацыйнага грамадства

Беларусь у інфармацыйную эпоху: магчымасці і перспектывы. Развіццё інфармацыйнага грамадства з’яўляецца адным з прыярытэтаў развіцця Рэспублікі Беларусь. У 2005 г. у Беларусі быў створаны Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), у якім прадстаўлены не толькі беларускія кампаніі, але і кампаніі з іншых краін. Асноўнымі відамі дзейнасці з’яўляюцца вытворчасць праграмнага забеспячэння і прадастаўленне ІТ-паслуг. Заказчыкамі прадукцыі ПВТ з’яўляюцца фірмы амаль з 70 краін, большая частка створанага праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт.

icon-search
Знайдзіце на сайце Парку высокіх тэхналогій (http://www.park.by) актуальную статыстыку наконт колькасці кампаній-рэзідэнтаў. Якая дынаміка змянення колькасці кампаній? 

У краіне рэалізуецца Дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства. Мэтай праграмы з’яўляецца ўдасканаленне ўмоў для трансфармацыі чалавечай дзейнасці пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій, якія ўключаюць фарміраванне лічбавай эканомікі, развіццё інфармацыйнага грамадства і ўдасканаленне электроннага ўрада. У цяперашні час ідзе лічбавая трансфармацыя працэсаў у сістэме адукацыі.

Інфармацыйнае грамадства прад’яўляе новыя патрабаванні да чалавека. Як знайсці сваё месца і быць паспяховым у свеце, дзе лавінападобна расце аб’ём інфармацыі, хуткімі тэмпамі ідзе лічбавая трансфармацыя ўсіх сфер жыцця грамадства, укараняецца штучны інтэлект?

icon-persona
Футурашок (ад англ. future shock — боязь будучыні) — гэта стрэс і дэзарыентацыя ў людзей, якія зведалі вельмі вялікую колькасць перамен за кароткі час. Дадзены тэрмін увёў у абарот у 1965 г. Э. Тофлер. Ці можна гаварыць пра футурашок сёння? Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

Ва ўмовах насычанага інфармацыйнага асяроддзя рэзка ўзрастае патрэба ў якаснай адукацыі. Прынцыпы адукацыі ў інфармацыйным грамадстве: даступнасць, адкрытасць, бесперапыннасць. Чалавек не павінен засвойваць усё большую колькасць гатовых ведаў, а павінен навучыцца арыентавацца ў нарастальных плынях інфармацыі, умець эфектыўна асвойваць новыя навыкі і тэхналогіі, хутка адаптавацца і быць гатовы да пастаянных перамен у прафесійнай дзейнасці.

icon-task

Ахарактарызуйце ўласны ўзровень сфарміраванасці ключавых кампетэнцый, якімі сёння павінен валодаць кожны чалавек.

Дапоўніце спіс кампетэнцый. Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

Будаваць эканоміку ведаў і ўвасабляць канцэпцыю ІТ-краіны ў Беларусі неабходна праз змяненні ў сістэме адукацыі і падрыхтоўку кадраў для новых рэалій. Напрыклад, 1 студзеня 2021 г. створаны Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Яго дзейнасць накіравана на выяўленне і развіццё ў школьнікаў здольнасці да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. Навучанне праводзіцца па трох напрамках: «зялёная хімія», «робататэхніка» і «інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі».