§ 4. Гарызонты інфармацыйнага грамадства
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | § 4. Гарызонты інфармацыйнага грамадства |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:52 |
Асноўныя характарыстыкі інфармацыйнага грамадства.
У розных тэарэтычных канцэпцыях інфармацыйнае грамадства разглядаецца або як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства, або як якасна новая ступень у грамадскім развіцці. Найважнейшымі крытэрыямі пераходу да інфармацыйнага грамадства з’яўляюцца:
- • прыярытэтнае развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій;
- • рэзкае павелічэнне долі ВУП, якая ствараецца ў інфармацыйнай сферы;
- • узрастанне колькасці рабочай сілы, занятай у вытворчасці інфармацыйных прадуктаў і паслуг;
- • уключэнне нацыянальнай інфармацыйнай прасторы ў глабальнае інфармацыйнае сеціва.
Гэтыя змяненні абумоўлены з’яўленнем мікрапрацэсараў і сеткавых камп’ютарных тэхналогій, спадарожнікавай сувязі і энергетычных рэсурсаў, неабходных для выкарыстання гэтых тэхналогій.
Інфармацыйнае грамадства — гэта грамадства, у якім вытворчасць і спажыванне інфармацыі з’яўляюцца найважнейшым відам дзейнасці і найбольш значным рэсурсам грамадскага развіцця.
Інфармацыйнае асяроддзе (нароўні з сацыяльным і экалагічным) становіцца новым асяроддзем пасялення чалавека. Высокія тэхналогіі (high-tech) з’яўляюцца асновай развіцця вытворчых сіл грамадства.
Інфармацыйнае грамадства — гэта не толькі новая тэхналагічная рэальнасць, але і істотныя змены ў палітычнай сферы, сацыяльных структурах, ладзе жыцця, сістэме каштоўнасцей, спосабах мыслення.
У палітычнай сферы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ствараюць магчымасці для функцыянавання электроннай дэмакратыі. Электронныя тэхналогіі садзейнічаюць развіццю інтэрактыўнасці (сацыяльнага ўзаемадзеяння), павышэнню ўзроўню палітычнага ўдзелу і развіцця грамадзянскага грамадства. Выкарыстанне сеткавай камунікацыі ўзмацняе адкрытасць дзейнасці палітычных інстытутаў, дэпутатаў, чыноўнікаў, садзейнічае павышэнню адказнасці ўладных органаў за прынятыя рашэнні.
Існуе і небяспека, якую можа спараджаць электронная дэмакратыя. Небяспека ўкідання недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя інстытуты, палітычныя партыі і палітычных лідараў. Выкарыстанне інтэрнэту для прапаганды палітычнага экстрэмізму, арганізацыі экстрэмісцкіх акцый і палітычных правакацый, расколу грамадства і распальвання сацыяльных канфліктаў.
Новыя электронныя магчымасці для камунікацыйнага ўзаемадзеяння садзейнічаюць фарміраванню электроннага ўрада. Электронны ўрад — гэта прымяненне інфармацыйных тэхналогій для інфармавання грамадства аб дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і аказання дзяржаўных паслуг грамадзянам і арганізацыям.
Аператарам інфармацыйных сістэм, якія складаюць фундамент электроннага ўрада ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца Нацыянальны цэнтр электронных паслуг. На яго сайце (https://nces.by/e-government) прыводзяцца вынікі міжнародных даследаванняў у галіне электроннага ўрада.
Пад уздзеяннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій змяняецца сацыяльная структура грамадства. Фарміраванне і ўзаемадзеянне шматлікіх сацыяльных груп усё больш звязаны з сеткавай камунікацыяй. Хутка ўзнікаюць новыя прафесіі, звязаныя з высокімі тэхналогіямі. Расце інфармацыйны рынак працы. Прафесія, якасць адукацыі і сфера занятасці становяцца асноўнымі для вызначэння сацыяльнага статусу. Узрастае доля людзей, занятых інтэлектуальнай працай.
Найважнейшай сацыяльнай праблемай становіцца ўзнікненне лічбавай няроўнасці, г. зн. падзел грамадства на тых, хто валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі, і тых, хто не валодае («лічбавы разрыў»). У інфармацыйным грамадстве адсутнасць магчымасці карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі і нізкі ўзровень навыкаў сеткавай камунікацыі разглядаюцца як новы від беднасці, сацыяльна-эканамічнай адсталасці.
Інфармацыйнае грамадства змяняе сферу побыту і вольнага часу. Шырока распаўсюджваецца «віртуальны вольны час». Змяняецца мадэль зносін. Сацыяльныя сеткі набываюць асаблівую папулярнасць для міжасобаснай камунікацыі. Сфера прыватнага жыцця становіцца публічнай, з дапамогай электронных сетак яе лёгка кантраляваць.
Дзе межы прыватнасці ў сацыяльных сетках?
Сацыяльныя сеткі — гэта не толькі тэхналагічныя платформы, але і асаблівы тып бізнесу, прыбытак якому прыносіць продаж інфармацыі рэкламадаўцам аб карыстальніках (даступных звестак з медыяпрофілю чалавека і яго псіхалагічнага партрэта, створанага на базе ўліку «клікаў» і «лайкаў»).
Сеткавае асяроддзе змяняе і свядомасць чалавека. Прымяненне інфармацыйных сацыяльных тэхналогій становіцца інструментам кіравання. Накіраванасць уздзеяння можа быць розная. Псіхаінфармацыйныя тэхналогіі могуць прымяняцца і для маніпулявання свядомасцю, ствараюць віртуальную залежнасць, дэфармуюць працэс сацыялізацыі. Прымяненне гэтых тэхналогій можа быць вельмі небяспечнае для чалавека і грамадства наогул.
Інтэрнэт як глабальная інфармацыйная сістэма. Сутнасць інтэрнэт-камунікацыі заключаецца ў прадастаўленні карыстальнікам хуткага доступу да атрымання самай шырокай і карыснай інфармацыі, а таксама да тэхналагічных рэсурсаў, якія даюць магчымасць людзям падтрымліваць зносіны і абменьвацца інфармацыяй.
Першапачаткова інфармацыйна-камунікатыўная прастора на аснове камп’ютарнай сеткі была створана ў ЗША ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гг. Да амерыканскага праекта падключыліся заходнееўрапейскія партнёры, і праект атрымаў міжнародны характар. У 1983 г. за гэтай інфармацыйнай сеткай замацавалася назва — інтэрнэт.
Інтэрнэт стаў неад’емнай часткай жыцця людзей сучаснага свету. Сусветная павуціна дае доступ да гіганцкай глабальнай інфармацыйнай прасторы, пашырае магчымасці для бізнесу, паскарае працэс прыняцця рашэнняў. Камунікацыя становіцца хуткай і глабальнай.
Але інтэрнэт стварае і шэраг праблем тэхналагічнага і сацыяльнага плана. Гэта праблемы інфармацыйнай бяспекі, барацьба з распаўсюджваннем шкоднага праграмнага забеспячэння, сеткавай злачыннасцю, кібератакамі ў сеткавай прасторы. Сур’ёзнай праблемай стала праблема абароны інфармацыі і канфідэнцыяльнасці электронных зносін.
У інфармацыйным грамадстве фарміруецца «лічбавая эканоміка», г. зн. эканамічная вытворчасць з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Асноўны прадукт вытворчасці — інфармацыйныя тавары і паслугі.
Інфармацыя становіцца асноўным эканамічным рэсурсам, таму абвастраецца канкурэнцыя ў сферы інфармацыйнай эканомікі. Гэтая канкурэнцыя набывае глабальны характар. Дзяржавай-лідарам становіцца тая дзяржава, якая займае першыя пазіцыі ў галіне вытворчасці сучасных ведаў і інфармацыі. Лідарства забяспечваецца новымі навуковымі адкрыццямі ў сферы інфармацыйных інавацый, якаснымі распрацоўкамі праграмнага забеспячэння, вытворчасцю камп’ютарнага і тэлекамунікацыйнага абсталявання. Канкурэнтамі ў гэтай сферы могуць станавіцца не толькі буйныя дзяржавы і транснацыянальныя карпарацыі, але і невялікія дзяржавы і фірмы, якія здольныя прапанаваць новыя высокія тэхналогіі, забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне.
У розныя гады замежныя медыя ўключалі дадзеныя ІТ-брэнды ў «Топ-5 беларускіх IT-прадуктаў, якія заваявалі свет».
- • Што вам вядома аб гэтых IT-прадуктах сёння?
- • Складзіце ўласны топ-5 беларускіх IT-прадуктаў і параўнайце яго з актуальнымі апублікаванымі рэйтынгамі.
Беларусь у інфармацыйную эпоху: магчымасці і перспектывы. Развіццё інфармацыйнага грамадства з’яўляецца адным з прыярытэтаў развіцця Рэспублікі Беларусь. У 2005 г. у Беларусі быў створаны Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), у якім прадстаўлены не толькі беларускія кампаніі, але і кампаніі з іншых краін. Асноўнымі відамі дзейнасці з’яўляюцца вытворчасць праграмнага забеспячэння і прадастаўленне ІТ-паслуг. Заказчыкамі прадукцыі ПВТ з’яўляюцца фірмы амаль з 70 краін, большая частка створанага праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт.
У краіне рэалізуецца Дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства. Мэтай праграмы з’яўляецца ўдасканаленне ўмоў для трансфармацыі чалавечай дзейнасці пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій, якія ўключаюць фарміраванне лічбавай эканомікі, развіццё інфармацыйнага грамадства і ўдасканаленне электроннага ўрада. У цяперашні час ідзе лічбавая трансфармацыя працэсаў у сістэме адукацыі.
Інфармацыйнае грамадства прад’яўляе новыя патрабаванні да чалавека. Як знайсці сваё месца і быць паспяховым у свеце, дзе лавінападобна расце аб’ём інфармацыі, хуткімі тэмпамі ідзе лічбавая трансфармацыя ўсіх сфер жыцця грамадства, укараняецца штучны інтэлект?
Ва ўмовах насычанага інфармацыйнага асяроддзя рэзка ўзрастае патрэба ў якаснай адукацыі. Прынцыпы адукацыі ў інфармацыйным грамадстве: даступнасць, адкрытасць, бесперапыннасць. Чалавек не павінен засвойваць усё большую колькасць гатовых ведаў, а павінен навучыцца арыентавацца ў нарастальных плынях інфармацыі, умець эфектыўна асвойваць новыя навыкі і тэхналогіі, хутка адаптавацца і быць гатовы да пастаянных перамен у прафесійнай дзейнасці.
Ахарактарызуйце ўласны ўзровень сфарміраванасці ключавых кампетэнцый, якімі сёння павінен валодаць кожны чалавек.
Дапоўніце спіс кампетэнцый. Абгрунтуйце сваё меркаванне.
Будаваць эканоміку ведаў і ўвасабляць канцэпцыю ІТ-краіны ў Беларусі неабходна праз змяненні ў сістэме адукацыі і падрыхтоўку кадраў для новых рэалій. Напрыклад, 1 студзеня 2021 г. створаны Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Яго дзейнасць накіравана на выяўленне і развіццё ў школьнікаў здольнасці да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. Навучанне праводзіцца па трох напрамках: «зялёная хімія», «робататэхніка» і «інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі».
1. Пералічыце асноўныя прыметы інфармацыйнага грамадства.
2. Запоўніце табліцу «Уплыў інфармацыйнага грамадства на асноўныя сферы жыцця грамадства». Прывядзіце прыклады і зрабіце высновы.
3. Прааналізуйце эмблему і дэвіз «Лепшы час для новых ведаў» Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту. Як яны адлюстроўваюць прынцыпы адукацыі ў інфармацыйным грамадстве? Хто з’яўляецца мэтавай аўдыторыяй дадзенага адукацыйнага праекта?
4. Правядзіце SWOT-аналіз (ад абрэвіятурнага скарачэння выразу, які ў перакладзе з англійскай мовы азначае: S — strength — моцныя бакі; W — weakness — слабыя бакі; O — opportunities — магчымасці; T — threats — цяжкасці, пагрозы) развіцця інфармацыйнага грамадства ў Беларусі.