§ 4. Гарызонты інфармацыйнага грамадства

Асноўныя характарыстыкі інфармацыйнага грамадства.

icon-persona
Тэрмін «інфармацыйнае грамадства» стаў шырока выкарыстоўвацца ў працах японскіх вучоных Юдзіра Хаясі і Ёнэдзі Масуды ў 1960—1970-я гг. За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў інфармацыйнае грамадства набыло якасныя прыметы і яго ўзнікненне стала рэальнасцю, што знайшло адлюстраванне і ў міжнародных дакументах. 

У розных тэарэтычных канцэпцыях інфармацыйнае грамадства разглядаецца або як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства, або як якасна новая ступень у грамадскім развіцці. Найважнейшымі крытэрыямі пераходу да інфармацыйнага грамадства з’яўляюцца:

  • • прыярытэтнае развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій;
  • • рэзкае павелічэнне долі ВУП, якая ствараецца ў інфармацыйнай сферы;
  • • узрастанне колькасці рабочай сілы, занятай у вытворчасці інфармацыйных прадуктаў і паслуг;
  • • уключэнне нацыянальнай інфармацыйнай прасторы ў глабальнае інфармацыйнае сеціва.

Гэтыя змяненні абумоўлены з’яўленнем мікрапрацэсараў і сеткавых камп’ютарных тэхналогій, спадарожнікавай сувязі і энергетычных рэсурсаў, неабходных для выкарыстання гэтых тэхналогій.

Інфармацыйнае грамадства — гэта грамадства, у якім вытворчасць і спажыванне інфармацыі з’яўляюцца найважнейшым відам дзейнасці і найбольш значным рэсурсам грамадскага развіцця.

Інфармацыйнае асяроддзе (нароўні з сацыяльным і экалагічным) становіцца новым асяроддзем пасялення чалавека. Высокія тэхналогіі (high-tech) з’яўляюцца асновай развіцця вытворчых сіл грамадства.

icon-discussions
Аб якой тэндэнцыі сведчыць выкарыстанне нароўні з тэрмінам high-tech тэрміна high-hume, што значыць «высокія тэхналогіі, якія ствараюць чалавека»? 

Інфармацыйнае грамадства — гэта не толькі новая тэхналагічная рэальнасць, але і істотныя змены ў палітычнай сферы, сацыяльных структурах, ладзе жыцця, сістэме каштоўнасцей, спосабах мыслення.

У палітычнай сферы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ствараюць магчымасці для функцыянавання электроннай дэмакратыі. Электронныя тэхналогіі садзейнічаюць развіццю інтэрактыўнасці (сацыяльнага ўзаемадзеяння), павышэнню ўзроўню палітычнага ўдзелу і развіцця грамадзянскага грамадства. Выкарыстанне сеткавай камунікацыі ўзмацняе адкрытасць дзейнасці палітычных інстытутаў, дэпутатаў, чыноўнікаў, садзейнічае павышэнню адказнасці ўладных органаў за прынятыя рашэнні.

Існуе і небяспека, якую можа спараджаць электронная дэмакратыя. Небяспека ўкідання недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя інстытуты, палітычныя партыі і палітычных лідараў. Выкарыстанне інтэрнэту для прапаганды палітычнага экстрэмізму, арганізацыі экстрэмісцкіх акцый і палітычных правакацый, расколу грамадства і распальвання сацыяльных канфліктаў.

Новыя электронныя магчымасці для камунікацыйнага ўзаемадзеяння садзейнічаюць фарміраванню электроннага ўрада. Электронны ўрад — гэта прымяненне інфармацыйных тэхналогій для інфармавання грамадства аб дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і аказання дзяржаўных паслуг грамадзянам і арганізацыям.

Гатоўнасць Беларусі да электроннага ўрада (месца сярод 193 краін свету)
Гатоўнасць Беларусі да электроннага ўрада (месца сярод 193 краін свету)

Аператарам інфармацыйных сістэм, якія складаюць фундамент электроннага ўрада ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца Нацыянальны цэнтр электронных паслуг. На яго сайце (https://nces.by/e-government) прыводзяцца вынікі міжнародных даследаванняў у галіне электроннага ўрада.

icon-search
Якая інфармацыя пра электронны ўрад у Рэспубліцы Беларусь прыведзена на сайце ў дадзены момант? 

Пад уздзеяннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій змяняецца сацыяльная структура грамадства. Фарміраванне і ўзаемадзеянне шматлікіх сацыяльных груп усё больш звязаны з сеткавай камунікацыяй. Хутка ўзнікаюць новыя прафесіі, звязаныя з высокімі тэхналогіямі. Расце інфармацыйны рынак працы. Прафесія, якасць адукацыі і сфера занятасці становяцца асноўнымі для вызначэння сацыяльнага статусу. Узрастае доля людзей, занятых інтэлектуальнай працай.

icon-task
Даведайцеся, якія ў Беларусі ёсць спецыяльнасці, звязаныя са штучным інтэлектам, выкарыстоўваючы магчымасці галасавога памочніка (Siri, Google, Аліса). Якія меркаванні экспертаў адносна магчымасцей штучнага інтэлекту перасягнуць чалавечы інтэлект? 

Найважнейшай сацыяльнай праблемай становіцца ўзнікненне лічбавай няроўнасці, г. зн. падзел грамадства на тых, хто валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі, і тых, хто не валодае («лічбавы разрыў»). У інфармацыйным грамадстве адсутнасць магчымасці карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі і нізкі ўзровень навыкаў сеткавай камунікацыі разглядаюцца як новы від беднасці, сацыяльна-эканамічнай адсталасці.

Інфармацыйнае грамадства змяняе сферу побыту і вольнага часу. Шырока распаўсюджваецца «віртуальны вольны час». Змяняецца мадэль зносін. Сацыяльныя сеткі набываюць асаблівую папулярнасць для міжасобаснай камунікацыі. Сфера прыватнага жыцця становіцца публічнай, з дапамогай электронных сетак яе лёгка кантраляваць.

icon-discussions

Дзе межы прыватнасці ў сацыяльных сетках?

Сацыяльныя сеткі — гэта не толькі тэхналагічныя платформы, але і асаблівы тып бізнесу, прыбытак якому прыносіць продаж інфармацыі рэкламадаўцам аб карыстальніках (даступных звестак з медыяпрофілю чалавека і яго псіхалагічнага партрэта, створанага на базе ўліку «клікаў» і «лайкаў»). 

icon-task
Ці ведаеце вы бягучыя настройкі канфідэнцыяльнасці вашага ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы? Скарыстайцеся памяткай для праверкі бяспекі ў Сеціве. 

Сеткавае асяроддзе змяняе і свядомасць чалавека. Прымяненне інфармацыйных сацыяльных тэхналогій становіцца інструментам кіравання. Накіраванасць уздзеяння можа быць розная. Псіхаінфармацыйныя тэхналогіі могуць прымяняцца і для маніпулявання свядомасцю, ствараюць віртуальную залежнасць, дэфармуюць працэс сацыялізацыі. Прымяненне гэтых тэхналогій можа быць вельмі небяспечнае для чалавека і грамадства наогул.