*§ 2-1. Ступені грамадскага развіцця

Постіндустрыяльнае грамадства.

icon-persona

Заснавальнікам постіндустрыялізму з’яўляецца амерыканскі сацыёлаг Дэніэл Бэл, які распрацаваў цэласную тэорыю постіндустрыяльнага грамадства. Галоўная праца Бэла носіць назву «Будучае постіндустрыяльнае грамадства. Спроба сацыяльнага прагназавання» (1973). У сваёй канцэпцыі вучоны сфармуляваў асноўныя прыметы постіндустрыяльнага грамадства:

  • • стварэнне эканомікі паслуг;
  • • дамінаванне слоя навукова-тэхнічных спецыялістаў;
  • • цэнтральная роля тэарэтычных навуковых ведаў як крыніцы новаўвядзенняў і палітычных рашэнняў у грамадстве;
  • • магчымасць тэхналагічнага росту, які сам падтрымліваецца;
  • • стварэнне новай «інтэлектуальнай» тэхнікі. 

Д. Бэл дае наступнае азначэнне постіндустрыяльнага грамадства: «Постіндустрыяльнае грамадства вызначаецца як грамадства, у эканоміцы якога прыярытэт перайшоў ад пераважнай вытворчасці тавараў да вытворчасці паслуг, правядзення даследаванняў, арганізацыі сістэмы адукацыі і павышэння якасці жыцця; у якім клас тэхнічных спецыялістаў стаў асноўнай прафесійнай групай і, што самае важнае, у якім укараненне новаўвядзенняў… усё ў большай ступені стала залежаць ад дасягненняў тэарэтычных ведаў… Постіндустрыяльнае грамадства… прадугледжвае ўзнікненне новага класа, прадстаўнікі якога на палітычным узроўні выступаюць у якасці кансультантаў, экспертаў або тэхнакратаў».

Такім чынам, развіццё тэхнакратыі выступае заканамерным вынікам пераходу грамадства да постіндустрыяльнага грамадства.

Тэхнакратызм і мерытакратыя – прыметы постіндустрыяльнага грамадства?

«У постіндустрыяльным грамадстве эліта – гэта эліта дасведчаных людзей. Такая эліта валодае ўладай у межах інстытутаў, звязаных з інтэлектуальнай дзейнасцю, – даследчых арганізацый, універсітэтаў і да т. п. – але ў свеце вялікай палітыкі яна валодае не больш чым уплывам. Паколькі палітычныя пытанні ўсё больш шчыльна пераплятаюцца з тэхнічнымі праблемамі (у шырокіх межах – ад ваеннай тэхналогіі да эканамічнай палітыкі), “эліта ведаў” можа ставіць праблемы, ініцыяваць новыя пытанні і прапаноўваць тэхнічныя рашэнні для магчымых адказаў, але яна не валодае ўладай сказаць “так” або “не”. У гэтай сувязі вельмі перабольшанай уяўляецца ідэя аб тым, што “эліта ведаў” можа стаць новай элітай улады»… Новая тэхнакратычная эліта характарызуецца больш высокай маральнасцю, эфектыўнасцю і справядлівасцю, бо гэтая эліта прадстаўлена найбольш адукаванай часткай грамадства, якая дасягнула дабрабыту за кошт сваіх выдатных якасцей. І адпаведна, улада такой новай эліты называецца «мерытакратыяй».

icon-discussions
Дакажыце вытрымкамі з тэксту, што станаўленне «новай эліты» паводле Бэла – гэта прагрэсіўная з’ява. 
icon-persona

Кніга «Трэцяя хваля» Элвіна Тофлера ўпершыню была апублікавана ў 1980 г. і з’яўляецца другой часткай трылогіі аб сучаснай цывілізацыі.

Галоўная ідэя аўтара заключаецца ў тым, што развіццё чалавецтва праходзіць тры асноўныя стадыі (хвалі) – аграрную, індустрыяльную, постіндустрыяльную. Аўтар лічыць, што хваля – гэта значны рывок, які прыводзіць да глыбінных змен у жыцці грамадства. 

Такім рыўком для першай хвалі стала ўкараненне сельскай гаспадаркі, для другой і трэцяй хваль – прамысловая і навукова-тэхнічная рэвалюцыя. У кожнай тэхналагічнай хвалі ёсць свой ключавы прадукт, і магутнасць дзяржаў і грамадскіх аб’яднанняў залежыць ад авалодання і кантролю над ім. У старажытным грамадстве і Сярэднявеччы такім прадуктам была зямля, у індустрыяльную эпоху – таварныя рынкі збыту і сыравіна. У постіндустрыяльным грамадстве, у фазе трэцяй тэхналагічнай хвалі, ключавым прадуктам становіцца інфармацыя. На думку аўтара, хваля «пракочваецца» паступова, і адначасова на планеце існуюць усе тры стадыі. Пры гэтым перыяды паміж хвалямі паступова скарачаюцца: тысячагоддзі для першай хвалі, 300 гадоў для другой хвалі. Трэцяя хваля, па ацэнцы аўтара, поўнасцю зменіць другую на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

icon-discussions
Для ілюстрацыі якога тыпу грамадства (тэхналагічнай хвалі) можна выкарыстаць дадзеную схему? Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

Паміж постіндустрыяльным грамадствам і інфармацыйным можна паставіць знак роўнасці, бо сучаснае постіндустрыяльнае грамадства ў сваёй паўсядзённай дзейнасці не абыходзіцца без інфармацыйных тэхналогій. Інфармацыйнае грамадства (Information society) – канцэпцыя постіндустрыяльнага грамадства; новая гістарычная фаза развіцця цывілізацыі, у якой галоўнымі прадуктамі вытворчасці з’яўляюцца інфармацыя і веды. Постіндустрыяльнае грамадства (Postindustrial society) у сваю чаргу ўяўляе сабой грамадства, у якім сфера паслуг мае прыярытэтнае развіццё і пераважае над аб’ёмам прамысловай вытворчасці і вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Запоўніце табліцу.

icon-task
Суаднясіце на стужцы часу гісторыі краін Захаду грамадска-эканамічныя фармацыі, стадыі эканамічнага росту і тэхналагічныя хвалі.