Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-1. Ступені грамадскага развіцця

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 2-1. Ступені грамадскага развіцця
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:46

У навуцы перыядызацыя гісторыі можа разглядацца як лінейны або нелінейны працэс. Разгледзім погляд на сусветную гісторыю як на адзіны працэс паступальнага ўзыходзячага развіцця чалавецтва, у адпаведнасці з чым вылучаюцца пэўныя ступені – этапы ў гісторыі чалавецтва.

Асноўнай вартасцю такога погляду з’яўляецца магчымасць убачыць агульныя заканамернасці ў гістарычным развіцці розных народаў, паказаць гісторыю чалавечага грамадства як адзіны працэс, прапанаваць агульную перыядызацыю гісторыі. У той самы час у працэсе вылучэння этапаў у развіцці грамадства шматлікія працэсы разглядаюцца спрошчана (у першую чаргу тыя, якія датычацца духоўнага жыцця грамадства, развіцця культуры), мала ўвагі надаецца своеасаблівасці развіцця розных грамадстваў і народаў.

Грамадска-эканамічныя фармацыі.

icon-persona
Аўтарства тэорыі грамадска-эканамічных фармацый належыць нямецкаму філосафу ХІХ ст. Карлу Марксу. 

Сам тэрмін «фармацыя» быў узяты з геалогіі, дзе ён абазначае напластаванне геалагічных адкладаў пэўнага перыяду. Асновы філасофскага вучэння аб фармацыях выкладзены ў працы «Нямецкая ідэалогія», напісанай у 1845–1846 гг. К. Марксам і Ф. Энгельсам. У дадзенай працы аўтары вылучылі структуру грамадства, якая ўключае базіс (вытворчыя сілы і вытворчыя стасункі) і грамадскую надбудову (ідэалогія, прававыя нормы, палітычная ўлада), а таксама далі перыядызацыю гістарычнага працэсу як паслядоўнай змены адной грамадска-эканамічнай фармацыі другой: першабытнаабшчыннай, рабаўладальніцкай, феадальнай, капіталістычнай і камуністычнай (надыдзе ў будучыні).

icon-discussions
Разгледзьце фрагменты слайдаў дыяфільма «Грамадска-эканамічная фармацыя», які быў зняты ў 1972 г.1 Якімі сродкамі аўтары фільма даносяць да гледача асноўныя рысы грамадска-эканамічнай фармацыі? 

1https://diafilmy.su/662-obschestvenno-ekonomicheskaya-formaciya.html.

Стадыі эканамічнага росту.

icon-persona

Тэорыя стадый эканамічнага росту была прапанавана амерыканскім вучоным Уолтам Ростау ў канцы 1950-х гг. у процівагу марксісцкаму вучэнню аб грамадска-эканамічных фармацыях. Згодна з гэтай тэорыяй асноўнымі з’яўляюцца два тыпы грамадства – «традыцыйнае» (дакапіталістычнае) і «індустрыяльнае» (капіталістычнае), а гістарычнае развіццё характарызуецца пяццю стадыямі эканамічнага росту:

  • 1) «традыцыйнае грамадства»;
  • 2) стадыя падрыхтоўкі ўмоў для «зруху»;
  • 3) стадыя «зруху» і пераходу да індустрыяльнага развіцця;
  • 4) «індустрыяльнае грамадства»;
  • 5) стадыя «масавага спажывання». 

Развіццё пры такім падыходзе разумеюць перш за ўсё як сінонім высокіх тэмпаў росту. Глыбокія сацыяльныя змены не аналізуюцца, на першы план выходзяць суадносіны інвестыцый і тэмпаў росту валавога нацыянальнага прадукту. Ростау сцвярджаў, што развіццё прамысловасці і індустрыялізацыя ў кожнай краіне немінуча павінны прывесці да тых вынікаў, якія мелі месца на Захадзе, прычым гэта адбудзецца незалежна ад характару вытворчых адносін.

icon-discussions
Як вы лічыце, чаму кніга У. Ростау, у якой выкладаюцца палажэнні тэорыі стадый эканамічнага росту, мела назву «Стадыі эканамічнага росту. Некамуністычны маніфест»? 

Тэорыя стадый эканамічнага росту – гэта значны крок наперад у параўнанні з тэорыямі першай паловы ХХ ст. Разам з тым дадзеная канцэпцыя, якая прэтэндуе на тлумачэнне гістарычнага працэсу развіцця чалавецтва, не свабодная ад істотных недахопаў: улічваюцца толькі асобныя элементы эканамічных стасункаў, увага надаецца пераважна стадыі разгортвання прамысловай рэвалюцыі, неадназначна ацэньваюцца колькасныя крытэрыі, прапанаваныя для вылучэння стадый.

Постіндустрыяльнае грамадства.

icon-persona

Заснавальнікам постіндустрыялізму з’яўляецца амерыканскі сацыёлаг Дэніэл Бэл, які распрацаваў цэласную тэорыю постіндустрыяльнага грамадства. Галоўная праца Бэла носіць назву «Будучае постіндустрыяльнае грамадства. Спроба сацыяльнага прагназавання» (1973). У сваёй канцэпцыі вучоны сфармуляваў асноўныя прыметы постіндустрыяльнага грамадства:

  • • стварэнне эканомікі паслуг;
  • • дамінаванне слоя навукова-тэхнічных спецыялістаў;
  • • цэнтральная роля тэарэтычных навуковых ведаў як крыніцы новаўвядзенняў і палітычных рашэнняў у грамадстве;
  • • магчымасць тэхналагічнага росту, які сам падтрымліваецца;
  • • стварэнне новай «інтэлектуальнай» тэхнікі. 

Д. Бэл дае наступнае азначэнне постіндустрыяльнага грамадства: «Постіндустрыяльнае грамадства вызначаецца як грамадства, у эканоміцы якога прыярытэт перайшоў ад пераважнай вытворчасці тавараў да вытворчасці паслуг, правядзення даследаванняў, арганізацыі сістэмы адукацыі і павышэння якасці жыцця; у якім клас тэхнічных спецыялістаў стаў асноўнай прафесійнай групай і, што самае важнае, у якім укараненне новаўвядзенняў… усё ў большай ступені стала залежаць ад дасягненняў тэарэтычных ведаў… Постіндустрыяльнае грамадства… прадугледжвае ўзнікненне новага класа, прадстаўнікі якога на палітычным узроўні выступаюць у якасці кансультантаў, экспертаў або тэхнакратаў».

Такім чынам, развіццё тэхнакратыі выступае заканамерным вынікам пераходу грамадства да постіндустрыяльнага грамадства.

Тэхнакратызм і мерытакратыя – прыметы постіндустрыяльнага грамадства?

«У постіндустрыяльным грамадстве эліта – гэта эліта дасведчаных людзей. Такая эліта валодае ўладай у межах інстытутаў, звязаных з інтэлектуальнай дзейнасцю, – даследчых арганізацый, універсітэтаў і да т. п. – але ў свеце вялікай палітыкі яна валодае не больш чым уплывам. Паколькі палітычныя пытанні ўсё больш шчыльна пераплятаюцца з тэхнічнымі праблемамі (у шырокіх межах – ад ваеннай тэхналогіі да эканамічнай палітыкі), “эліта ведаў” можа ставіць праблемы, ініцыяваць новыя пытанні і прапаноўваць тэхнічныя рашэнні для магчымых адказаў, але яна не валодае ўладай сказаць “так” або “не”. У гэтай сувязі вельмі перабольшанай уяўляецца ідэя аб тым, што “эліта ведаў” можа стаць новай элітай улады»… Новая тэхнакратычная эліта характарызуецца больш высокай маральнасцю, эфектыўнасцю і справядлівасцю, бо гэтая эліта прадстаўлена найбольш адукаванай часткай грамадства, якая дасягнула дабрабыту за кошт сваіх выдатных якасцей. І адпаведна, улада такой новай эліты называецца «мерытакратыяй».

icon-discussions
Дакажыце вытрымкамі з тэксту, што станаўленне «новай эліты» паводле Бэла – гэта прагрэсіўная з’ява. 
icon-persona

Кніга «Трэцяя хваля» Элвіна Тофлера ўпершыню была апублікавана ў 1980 г. і з’яўляецца другой часткай трылогіі аб сучаснай цывілізацыі.

Галоўная ідэя аўтара заключаецца ў тым, што развіццё чалавецтва праходзіць тры асноўныя стадыі (хвалі) – аграрную, індустрыяльную, постіндустрыяльную. Аўтар лічыць, што хваля – гэта значны рывок, які прыводзіць да глыбінных змен у жыцці грамадства. 

Такім рыўком для першай хвалі стала ўкараненне сельскай гаспадаркі, для другой і трэцяй хваль – прамысловая і навукова-тэхнічная рэвалюцыя. У кожнай тэхналагічнай хвалі ёсць свой ключавы прадукт, і магутнасць дзяржаў і грамадскіх аб’яднанняў залежыць ад авалодання і кантролю над ім. У старажытным грамадстве і Сярэднявеччы такім прадуктам была зямля, у індустрыяльную эпоху – таварныя рынкі збыту і сыравіна. У постіндустрыяльным грамадстве, у фазе трэцяй тэхналагічнай хвалі, ключавым прадуктам становіцца інфармацыя. На думку аўтара, хваля «пракочваецца» паступова, і адначасова на планеце існуюць усе тры стадыі. Пры гэтым перыяды паміж хвалямі паступова скарачаюцца: тысячагоддзі для першай хвалі, 300 гадоў для другой хвалі. Трэцяя хваля, па ацэнцы аўтара, поўнасцю зменіць другую на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

icon-discussions
Для ілюстрацыі якога тыпу грамадства (тэхналагічнай хвалі) можна выкарыстаць дадзеную схему? Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

Паміж постіндустрыяльным грамадствам і інфармацыйным можна паставіць знак роўнасці, бо сучаснае постіндустрыяльнае грамадства ў сваёй паўсядзённай дзейнасці не абыходзіцца без інфармацыйных тэхналогій. Інфармацыйнае грамадства (Information society) – канцэпцыя постіндустрыяльнага грамадства; новая гістарычная фаза развіцця цывілізацыі, у якой галоўнымі прадуктамі вытворчасці з’яўляюцца інфармацыя і веды. Постіндустрыяльнае грамадства (Postindustrial society) у сваю чаргу ўяўляе сабой грамадства, у якім сфера паслуг мае прыярытэтнае развіццё і пераважае над аб’ёмам прамысловай вытворчасці і вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Запоўніце табліцу.

icon-task
Суаднясіце на стужцы часу гісторыі краін Захаду грамадска-эканамічныя фармацыі, стадыі эканамічнага росту і тэхналагічныя хвалі.