§ 2. Ступені грамадскага развіцця

Фармацыйны падыход. Фармацыйны падыход да перыядызацыі гісторыі ўзнік у другой палове ХІХ ст. у межах марксізму.

icon-persona
Нямецкі філосаф Карл Маркс у другой палове ХІХ ст. сфармуляваў ідэю пра тое, што гістарычны працэс разгортваецца як паслядоўная і заканамерная змена грамадска-эканамічных фармацый (фармацыйны падыход). Кожная грамадска-эканамічная фармацыя характарызуецца пэўнай ступенню развіцця вытворчых сіл (якія ўключаюць сродкі вытворчасці і рабочую сілу) і адпаведным гэтай ступені тыпам эканамічных вытворчых стасункаў. 

На аснове ідэй К. Маркса гісторыкі вылучылі пяць асноўных фармацый:

  • першабытна-абшчынная (сумесная праца ў межах абшчыны, грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, ураўняльнае размеркаванне прадуктаў, адсутнасць грамадскіх класаў);
  • рабаўладальніцкая (узнікненне прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, рабская праца, існаванне класаў рабаўладальнікаў і рабоў);
  • феадальная (панаванне натуральнай гаспадаркі, падахвочванне да працы шляхам асабістай залежнасці, існаванне класаў феадалаў — уласнікаў зямлі і залежных сялян, якія працуюць на зямлі);
  • капіталістычная (развіццё таварнай гаспадаркі, асноўны механізм падахвочвання да працы — эканамічны прымус, існаванне класаў буржуазіі (уласнікаў сродкаў вытворчасці) і пралетарыяту (наёмных рабочых));
  • камуністычная (існаванне грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці, размеркаванне даброт не па працы, а паводле патрэб. Гэтая фармацыя павінна ўзнікнуць у будучыні).

У ХХ ст. тэорыя грамадска-эканамічных фармацый актыўна распрацоўвалася ў СССР і сацыялістычных краінах.