§ 2. Ступені грамадскага развіцця
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | § 2. Ступені грамадскага развіцця |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:12 |
Асноўныя падыходы да разгляду гісторыі грамадства. У навуцы існуюць чатыры асноўныя падыходы да перыядызацыі гістарычнага працэсу: фармацыйны, стадыяльны, тэхналагічны і цывілізацыйны.
Першыя тры падыходы разглядаюць сусветную гісторыю як адзіны працэс паступальнага развіцця чалавецтва ад ніжэйшых ступеняў да вышэйшых. Гісторыя падзяляецца на пэўныя стадыі (ступені, этапы) у залежнасці ад узроўню развіцця вытворчых сіл, тэхнікі, тэхналогій, эканомікі.
Станоўчым момантам дадзеных падыходаў з’яўляецца магчымасць убачыць агульныя заканамернасці ў гістарычным развіцці розных народаў, паказаць гісторыю чалавечага грамадства як адзіны працэс, прапанаваць агульную перыядызацыю гісторыі. Разам з тым у працэсе вылучэння этапаў у развіцці грамадства многія працэсы разглядаюцца спрошчана (у першую чаргу тыя, якія тычацца духоўнага жыцця грамадства, развіцця культуры), недастаткова ўвагі надаецца адметнасцям развіцця розных грамадстваў і народаў.
Паняцце «цывілізацыя» можа разглядацца і як пэўная ступень у развіцці грамадства, і як супольнасць людзей, аб’яднаных шэрагам прымет. Пры цывілізацыйным падыходзе развіццё чалавецтва разглядаецца як гісторыя многіх цывілізацый з іх асаблівай культурай, традыцыямі, рэлігіяй, укладам жыцця. У аснове падыходу ляжыць ідэя ўнікальнасці сацыяльных з’яў, своеасаблівасці шляхоў, пройдзеных асобнымі народамі (ці лакальнымі цывілізацыямі), якія існавалі ў розны час і ў розных рэгіёнах планеты, і адначасова суіснуюць у цяперашні час.
У межах фармацыйнага, стадыяльнага і тэхналагічнага падыходаў да гісторыі разгледзім ідэі К. Маркса, У. Ростау, Д. Бэла і Э. Тофлера.
Фармацыйны падыход. Фармацыйны падыход да перыядызацыі гісторыі ўзнік у другой палове ХІХ ст. у межах марксізму.
На аснове ідэй К. Маркса гісторыкі вылучылі пяць асноўных фармацый:
- • першабытна-абшчынная (сумесная праца ў межах абшчыны, грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, ураўняльнае размеркаванне прадуктаў, адсутнасць грамадскіх класаў);
- • рабаўладальніцкая (узнікненне прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, рабская праца, існаванне класаў рабаўладальнікаў і рабоў);
- • феадальная (панаванне натуральнай гаспадаркі, падахвочванне да працы шляхам асабістай залежнасці, існаванне класаў феадалаў — уласнікаў зямлі і залежных сялян, якія працуюць на зямлі);
- • капіталістычная (развіццё таварнай гаспадаркі, асноўны механізм падахвочвання да працы — эканамічны прымус, існаванне класаў буржуазіі (уласнікаў сродкаў вытворчасці) і пралетарыяту (наёмных рабочых));
- • камуністычная (існаванне грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці, размеркаванне даброт не па працы, а паводле патрэб. Гэтая фармацыя павінна ўзнікнуць у будучыні).
У ХХ ст. тэорыя грамадска-эканамічных фармацый актыўна распрацоўвалася ў СССР і сацыялістычных краінах.
Стадыяльны падыход. У 1960-х гг. была сфармулявана тэорыя стадый эканамічнага росту.
У канцэпцыі У. Ростау вылучаюцца наступныя стадыі:
- • традыцыйнае грамадства (запаволенае развіццё, нізкі ўзровень вытворчасці працы, перавага сельскай гаспадаркі ў эканоміцы, іерархічная сацыяльная структура, улада належыць буйным зямельным уласнікам);
- • пераходнае грамадства (зараджэнне прадпрымальніцтва і капіталістычных стасункаў, фарміраванне цэнтралізаваных дзяржаў, рост нацыянальнай самасвядомасці);
- • стадыя ўзлёту (прамысловая рэвалюцыя, пачатак індустрыялізацыі, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя рэформы);
- • стадыя сталасці (тэхнічны прагрэс, урбанізацыя, завяршэнне індустрыялізацыі, павышэнне долі кваліфікаванай працы);
- • эра высокага ўзроўню масавага спажывання (высокі ўзровень спажывання тавараў працяглага карыстання і паслуг, стварэнне сістэмы сацыяльнага забеспячэння, станаўленне «грамадства ўсеагульнага дабрабыту»).
У 1971 г. У. Ростау дадаў шостую стадыю росту — стадыю «пошуку якасці жыцця» (якаснае паляпшэнне жыццёвых умоў чалавека, пашырэнне сферы паслуг у галіне медыцыны, вольнага часу, падарожжаў і да т. п.).
Тэхналагічны падыход. У цяперашні час шырокае распаўсюджанне атрымаў тэхналагічны падыход, які дазваляе вылучыць розныя тыпы грамадства ў залежнасці ад узроўню развіцця тэхнікі і тэхналогій.
Першая хваля звязана з аграрнай рэвалюцыяй, у выніку якой на змену грамадству паляўнічых і збіральнікаў прыйшло грамадства земляробаў і жывёлаводаў, адбыўся пераход ад прысвойвальнай гаспадаркі да вытворчай.
Другая хваля абумоўлена пераходам ад ручной працы да машыннай вытворчасці ў выніку прамысловай рэвалюцыі, якая прывяла да фарміравання індустрыяльнага грамадства.
Станаўленне постіндустрыяльнага грамадства з’яўляецца вынікам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі (НТР).
Выкарыстоўваючы метафару хваль, Э. Тофлер падкрэслівае, што ўзнікненне новага тыпу грамадства — гэта не аднаразовая падзея, а працяглы працэс зараджэння, экспансіі і згасання. Сёння першая хваля, павольна і няўхільна абышоўшы ўвесь свет, практычна вычарпала сваю сілу. Трэцяя хваля толькі паскарае свой разбег і сутыкаецца з другой хваляй, якая пачала адыходзіць назад.
Даіндустрыяльная стадыя (традыцыйнае грамадства), у адпаведнасці з тэхналагічным падыходам, характарызуецца ручной працай і прымітыўнай тэхнікай, высокай удзельнай вагой сельскай гаспадаркі ў грамадскай вытворчасці, нязначнымі памерамі вытворчасці прадукцыі на душу насельніцтва, павольным тэхнічным прагрэсам.
У сацыяльнай сферы даіндустрыяльнае грамадства вылучае жорсткая іерархічная сацыяльная структура з нізкай сацыяльнай мабільнасцю. Традыцыйнае грамадства — гэта аграрны свет з панаваннем вёскі і ўстойлівага ладу жыцця, які мала змяняецца на працягу многіх пакаленняў. Вызначальную ролю маюць уласнікі зямлі, духавенства, армія. Да гэтай стадыі тэхналагічнага развіцця адносяць усю гісторыю чалавецтва ажно да Новага часу. На працягу ХVII–ХIХ стст. у Заходняй Еўропе здзяйсняўся пераход ад традыцыйнага грамадства да індустрыяльнага грамадства.
Індустрыяльнае грамадства характарызуецца вызначальнай роляй прамысловасці ў сістэме гаспадарчай дзейнасці, панаваннем машыннай вытворчасці, масавай таварнай вытворчасцю, тэхналагічным падзелам працы, высокай канцэнтрацыяй вытворчасці і рабочай сілы. У эканамічнай сферы адбываецца шырокае развіццё таварна-грашовых адносін, у гаспадарчай дзейнасці дамінуе строгі эканамічны разлік. Прамысловае прадпрыемства, прадпрымальніцкая дзейнасць адасабляюцца ад дамашняй гаспадаркі. Сацыяльная сфера вылучаецца высокім узроўнем гарызантальнай і вертыкальнай сацыяльнай мабільнасці. Адбываецца ўрбанізацыя — гарады займаюць вызначальнае становішча ў жыцці грамадства. Такім чынам, асновай развіцця індустрыяльнага грамадства становіцца машынная вытворчасць, навукова-тэхнічны прагрэс, які падмацоўваецца духам прадпрымальніцтва, рыначнай канкурэнцыяй і рацыянальнасцю дзеянняў.
На змену індустрыяльнаму грамадству ў другой палове ХХ ст. прыходзіць грамадства постіндустрыяльнае.
У постіндустрыяльным грамадстве эканоміку, заснаваную на вытворчасці тавараў, змяняе эканоміка паслуг (транспарт, сувязь, гандаль, крэдытна-фінансавая сфера, страхавая дзейнасць, бытавыя, сацыяльныя, дзелавыя паслугі). Гэта не азначае зніжэння ролі прамысловай вытворчасці, яна застаецца асновай рэальнай эканомікі. Адбываецца толькі ўзрастанне долі паслуг у працэнтных суадносінах. Ідзе скарачэнне колькасці працаўнікоў, занятых у матэрыяльнай вытворчасці — не толькі сельскагаспадарчай, але і прамысловай. Прымяняюцца рэсурсазберагальныя тэхналогіі, якія забяспечваюць павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі. Вызначальнае месца ў працэсе вытворчасці займаюць спецыялісты, тэхнікі, менеджары. Рэзка ўзрастае грамадскае значэнне навуковых ведаў. Значна павялічваюцца капіталаўкладанні ў галіны, якія вызначаюць навукова-тэхнічны прагрэс і навукаёмістую вытворчасць. З’яўляюцца комплексныя навукова-вытворчыя аб’яднанні, якія злучаюць навуку, вытворчаць, адукацыю, абслугоўванне.
Чаму пры пераходзе да постіндустрыяльнага грамадства адбываецца так званая рэвалюцыя менеджараў: роля кіраўнікоў карпарацый робіцца больш значнай, чым роля іх уласнікаў?
Як вы думаеце, ці адпавядае інфаграфіка «Эфектыўны менеджар» сваёй назве?
У сацыяльнай структуры грамадства адбываюцца істотныя змены, звязаныя з фарміраваннем сярэдняга класа, які з’яўляецца галоўнай вытворчай сілай грамадства і асноўнай сацыяльнай базай грамадзянскай супольнасці. Пад уплывам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі складваецца новы тып працаўніка. Гэта высокакваліфікаваны спецыяліст, арыентаваны на пастаяннае павышэнне сваіх прафесійных ведаў і ўменняў. У постіндустрыяльным грамадстве ўзмоцнена развіваецца індустрыя дабрабыту, накіраваная на задавальненне разнастайных патрэб людзей. Усё больш сродкаў выдаткоўваецца на развіццё адукацыі, аховы здароўя, траспарту, сферы вольнага часу.
- 1. Пералічыце крытэрыі вылучэння стадый у развіцці грамадства.
- 2. Складзіце і запоўніце параўнальную табліцу «Тры “хвалі” развіцця грамадства», адказаўшы на наступныя пытанні:
- • Якія тэхналогіі пакладзены ў аснову «хвалі»?
- • Якая галіна эканомікі з’яўляецца асноўнай?
- • Што сабой уяўляе сацыяльная структура грамадства?
- • Што з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю грамадства?
- • Якія храналагічныя межы перыяду?
- 3. Як вы разумееце словы Э. Тофлера аб тым, што ў цяперашні час у свеце адначасова суіснуюць тры «хвалі»? На якой «хвалі» знаходзіцца сучаснае беларускае грамадства? Абгрунтуйце сваё меркаванне.
- 4. Чаму чалавек традыцыйнага грамадства ўспрымаў час як чараду паўтаральных падзей («кола часу»), а чалавек індустрыяльнага грамадства — як прагрэс («страла часу»)? Сімвалам якога гістарычнага тыпу грамадства можна лічыць Кнігу рэкордаў Гінэса?