§ 2. Ступені грамадскага развіцця

Асноўныя падыходы да разгляду гісторыі грамадства. У навуцы існуюць чатыры асноўныя падыходы да перыядызацыі гістарычнага працэсу: фармацыйны, стадыяльны, тэхналагічны і цывілізацыйны.

Першыя тры падыходы разглядаюць сусветную гісторыю як адзіны працэс паступальнага развіцця чалавецтва ад ніжэйшых ступеняў да вышэйшых. Гісторыя падзяляецца на пэўныя стадыі (ступені, этапы) у залежнасці ад узроўню развіцця вытворчых сіл, тэхнікі, тэхналогій, эканомікі.

Станоўчым момантам дадзеных падыходаў з’яўляецца магчымасць убачыць агульныя заканамернасці ў гістарычным развіцці розных народаў, паказаць гісторыю чалавечага грамадства як адзіны працэс, прапанаваць агульную перыядызацыю гісторыі. Разам з тым у працэсе вылучэння этапаў у развіцці грамадства многія працэсы разглядаюцца спрошчана (у першую чаргу тыя, якія тычацца духоўнага жыцця грамадства, развіцця культуры), недастаткова ўвагі надаецца адметнасцям развіцця розных грамадстваў і народаў.

Паняцце «цывілізацыя» можа разглядацца і як пэўная ступень у развіцці грамадства, і як супольнасць людзей, аб’яднаных шэрагам прымет. Пры цывілізацыйным падыходзе развіццё чалавецтва разглядаецца як гісторыя многіх цывілізацый з іх асаблівай культурай, традыцыямі, рэлігіяй, укладам жыцця. У аснове падыходу ляжыць ідэя ўнікальнасці сацыяльных з’яў, своеасаблівасці шляхоў, пройдзеных асобнымі народамі (ці лакальнымі цывілізацыямі), якія існавалі ў розны час і ў розных рэгіёнах планеты, і адначасова суіснуюць у цяперашні час.

У межах фармацыйнага, стадыяльнага і тэхналагічнага падыходаў да гісторыі разгледзім ідэі К. Маркса, У. Ростау, Д. Бэла і Э. Тофлера.