*§ 1-1. Прагрэс і рэгрэс у сацыяльным развіцці
Навукова-тэхнічны прагрэс. Тэхнічны прагрэс пачаўся са з’яўлення каменных прылад неандэртальцаў. Першай тэхналагічнай рэвалюцыяй прынята лічыць выкарыстанне агню, што стала пачаткам металургіі, бронзавага і жалезнага веку. Да канца XVIII ст. у гісторыі чалавецтва панавала ручная праца. І толькі ў канцы XVIII ст. адбылася прамысловая рэвалюцыя, якая сталася пачаткам новай тэхналагічнай эпохі машыннай вытворчасці. Яе тэхналагічным падмуркам прынята лічыць вытворчасць машын машынамі.


Тэхніка з’явілася раней за навуку, што рабіла прагрэс тэхнічным, пакуль ён грунтаваўся на эмпірычным вопыце людзей. Калі ж з’яўляецца навука як сфера асаблівай дзейнасці, накіраванай на пазнанне свету, шляхі навукі і тэхнікі сталі перасякацца. З гэтага часу прагрэс становіцца навукова-тэхнічны, а ацэнка яго перспектыў і ролі ў развіцці чалавецтва можа быць дыяметральна процілеглая. Станоўчая ацэнка характэрная для так званых экатэхналагічных аптымістаў, песімісты ж, наадварот, падкрэсліваюць супярэчлівасць экалагічных, сацыяльных, палітычных, антрапалагічных наступстваў развіцця навукі і тэхнікі.
Адносіны да навукі (апытанне 2019 г.)


Навукова-тэхнічны прагрэс цесна звязаны з духоўна-маральным развіццём чалавека. Сучасны стан навукі, тэхнікі, сістэм узбраення ставіць перад людзьмі праблему асабістай адказнасці за рашэнні і дзеянні. Грамадскі прагрэс напрамую звязаны з духоўна-маральным развіццём асобы.

Прачытайце анатацыю да фільма «Філосафы. Урок выжывання» (2013): «Заканчваецца навучальны год, у класе па філасофіі містэра Зіміта апошні ўрок. На развітанне ён прапануе вучням згуляць у незвычайную гульню – змадэляваць свае паводзіны пасля атамнага выбуху. Перад імі бункер, у якім дзесяць чалавек змогуць працягнуць год, іх саміх дваццаць – кагосьці трэба пакінуць гнісці ў попеле ядзернага агню».
