Печатать книгуПечатать книгу

*§ 1-1. Прагрэс і рэгрэс у сацыяльным развіцці

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 1-1. Прагрэс і рэгрэс у сацыяльным развіцці
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:46

Прагрэс. Чалавечае грамадства пастаянна змяняецца і развіваецца. У старажытнасці ўзнікла першабытнае грамадства паляўнічых і збіральнікаў, затым рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае грамадства. Цяпер мы гаворым аб постіндустрыяльным, інфармацыйным грамадстве. Ніводнае грамадства не з’яўляецца застылым, яно або прагрэсіруе, або рэгрэсіруе.

Як вызначыць, ці рухаецца грамадства наперад? Ці можна сцвярджаць, што нешта развіваецца добра ці дрэнна, прагрэсіўна ці рэгрэсіўна? Сацыяльнае развіццё і грамадскі прагрэс могуць быць ацэнены на падставе аб’ектыўных паказчыкаў. Вучоныя, якія вывучаюць грамадства і яго развіццё, у розны час вылучалі розныя крытэрыі грамадскага прагрэсу.

icon-discussions
Які крытэрый грамадскага прагрэсу вы яшчэ маглі б прапанаваць? Ці ўсе прыметы рэгрэсу названы? Абгрунтуйце свой пункт гледжання. 

Агульнапрынятымі лічацца наступныя крытэрыі:

  • 1. Узровень ведаў і культуры, ступень адукаванасці грамадства.
  • 2. Удасканаленне норм маралі і маральнасці.
  • 3. Развіццё вытворчых сіл, у тым ліку самога чалавека.
  • 4. Развіццё навукі, тэхнікі, тэхналогій.
  • 5. Павелічэнне ступені свабоды і правоў асобы.
  • 6. Эканамічны рост.
  • 7. Павелічэнне працягласці і ўзроўню жыцця.
icon-persona

У 1980 г. выйшла фундаментальнае даследаванне «Прагрэс. Гісторыя ідэі» амерыканскага сацыёлага Роберта Нісбета, прысвечанае адной з найважнейшых і актуальных праблем сацыяльна-гуманітарных навук – супярэчлівасці грамадскага прагрэсу. 

На думку вучонага, ідэя прагрэсу ў значнай ступені вызначыла аблічча заходняй цывілізацыі. Чалавецства развіваецца, «рухаецца наперад», прычым гэты рух разумеецца ў двух аспектах – як назапашванне ведаў і як нарошчванне матэрыяльнага багацця. Нараджэнне ідэі прагрэсу – вынік узаемадзеяння хрысціянства з антычнымі ўяўленнямі. У перыяд з 1750 г. прыкладна да 1900 г. адбываецца аддзяленне ідэі прагрэсу ад рэлігійных каранёў і «зрастанне» паняццяў прагрэсу і навукі. Гэты працэс суправаджаўся пагрозлівымі з’явамі: калі першапачаткова прагрэс трактаваўся як пашырэнне чалавечай свабоды, то прыкладна з другой паловы ХІХ ст. ён усё больш стаў разумецца як пашырэнне «кіравальнасці» – інакш кажучы, улады абстрактнай дзяржавы над чалавекам і прыродай.

Прагрэс у тупіку?

Заключная (дзявятая) частка называецца «Прагрэс у тупіку». Дадзеную назву сам аўтар тлумачыць так: «Нягледзячы на тое што ХХ стагоддзе не пазбаўлена веры ў прагрэс, ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што, калі гісторыкі з цягам часу змесцяць наша стагоддзе ў выніковую класіфікацыю, адным з галоўных прымет ХХ стагоддзя будзе не вера, а, наадварот, адмаўленне ад веры ў ідэю прагрэсу. Скептыцызм у адносінах да прагрэсу, якога ў ХІХ стагоддзі прытрымлівалася невялікая група заходніх інтэлектуалаў, у апошняй чвэрці ХХ стагоддзя шырока распаўсюдзіўся, і сёння яго падзяляе не толькі большасць інтэлектуалаў, але і мільёны звычайных жыхароў Захаду». Галоўная прычына расчаравання ў прагрэсе заключаецца ў тым, што капіталістычны спосаб вытворчасці з канца ХІХ ст. перажывае глыбокі сістэмны крызіс, які прывёў да дзвюх сусветных войнаў, што пазбавілі жыцця мільёны людзей і затармазілі развіццё чалавецтва на дзесяцігоддзі.

icon-persona
У кнізе «Sapiens. Кароткая гісторыя чалавецтва» (2011) ізраільскага гісторыка Юваля Харары ўсё развіццё чалавецтва падзяляецца на чатыры вялікія этапы, першы з якіх заключаўся ў развіцці мыслення. Наступным этапам стала тое, што людзі пачалі займацца земляробствам. Затым паступова людзі аб’ядноўваліся ў групы, утвараліся дзяржавы і палітычныя арганізацыі, імперыі. Зараз мы жывём у эпоху навуковай рэвалюцыі, калі грамадствам рухае жаданне пазнаць свет, адкрыць законы сусвету, даведацца больш пра ўтварэнне гэтага свету і саміх сябе. 

Кожны этап – гэта перыяд паміж кардынальнымі зменамі, рэвалюцыямі, якія адбываліся ў жыцці чалавецтва. Напрыклад, на думку Харары: «Аграрная рэвалюцыя – адна з самых супярэчлівых падзей у гісторыі. Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што яна вывела чалавецтва на шлях прагрэсу і росквіту. Іншыя ўпэўнены, што на тым скрыжаванні чалавецтва абрала сцежку, якая вядзе ў бездань. Гэта быў пункт незвароту, сцвярджаюць яны: Homo sapiens адмовіўся ад сваяцтва з прыродай і накіраваўся насустрач сквапнасці і адчужэнню. Але куды б ні вяла гэтая дарога, зваротнага шляху няма. Насельніцтва ў вёсках расло так імкліва, што развітая аграрная абшчына ўжо не змагла б пракарміцца, калі б уздумала вярнуцца да збіральніцтва і палявання…»

Рэгрэс. Рэгрэс (ад лац. regressus – вяртанне, рух назад) – пераход ад больш высокіх форм развіцця да ніжэйшых, рух назад, змяненне да горшага.

icon-persona

Найбуйнейшы сучасны французскі філосаф Райман Арон у першых сваіх працах прызнаваў прагрэс, але зводзіў яго да чыста колькасных назапашванняў.

«…Гісторыя існуе таму, што захаванне вынікаў дзейнасці чалавека ставіць перад рознымі пакаленнямі пытанне аб тым, каб прыняць ці адмовіцца ад мінулай спадчыны. У розных галінах жыцця рытм будучыні залежыць ад характару адказу кожнага пакалення на стаўленне да дасягненняў папярэдніх пакаленняў. Захаванне спадчыны мінулага дазваляе гаварыць аб прагрэсе ў тым выпадку, калі новае пакаленне не толькі захоўвае папярэдні вопыт, але і дадае да яго штосьці сваё».  

У апошніх сваіх працах Арон выступіў з абсалютнай крытыкай грамадскага прагрэсу. У кнізе «Расчараванне ў прагрэсе» ён прама заявіў, што ва ўсім свеце назіраецца не прагрэс, а рэгрэс. Сучасны свет дэманструе рост класавай няроўнасці, узмацненне сацыяльнай палярызацыі людзей. Не сціхаюць расавыя і нацыянальныя канфлікты, прычым апошнія маюць месца не толькі ў адсталых, але і ў развітых дзяржавах. Не ўсе краіны і рэгіёны развіваюцца раўнамерна, аднымі і тымі ж тэмпамі.

У розных краінах у залежнасці ад канкрэтных сацыяльна-эканамічных умоў, культурных традыцый па-рознаму здзяйсняюцца рэформы. Ідзе барацьба паміж старым і новым, і грамадства можа адкаціцца назад. Узброеная барацьба, грамадзянскія войны, агрэсія звонку, як правіла, адкідваюць грамадства на мяжу біялагічнага выжывання, а не садзейнічаюць прагрэсу.

icon-discussions
Як гістарычныя падзеі аднаго года (1991) ілюструюць супярэчлівасць і нераўнамернасць грамадскага прагрэсу? Якія падзеі гэтага года можна аднесці да прагрэсіўных, а якія можна назваць адкатам, рэгрэсам? 

Грамадскі прагрэс закранае ўсе сферы сацыяльнага жыцця. Прынята вылучаць навукова-тэхнічны, сацыяльны, духоўна-маральны прагрэс.

Навукова-тэхнічны прагрэс. Тэхнічны прагрэс пачаўся са з’яўлення каменных прылад неандэртальцаў. Першай тэхналагічнай рэвалюцыяй прынята лічыць выкарыстанне агню, што стала пачаткам металургіі, бронзавага і жалезнага веку. Да канца XVIII ст. у гісторыі чалавецтва панавала ручная праца. І толькі ў канцы XVIII ст. адбылася прамысловая рэвалюцыя, якая сталася пачаткам новай тэхналагічнай эпохі машыннай вытворчасці. Яе тэхналагічным падмуркам прынята лічыць вытворчасць машын машынамі.

icon-remember
Успомніце, як называлі ўдзельнікаў стыхійных пратэстаў першай чвэрці XIX ст. супраць укаранення машын у ходзе прамысловай рэвалюцыі ў Англіі. З пункту гледжання пратэстоўцаў, машыны выцяснялі з вытворчасці людзей, што прыводзіла да тэхналагічнага беспрацоўя. Ці існуюць падобныя асцярогі сёння? 

Тэхніка з’явілася раней за навуку, што рабіла прагрэс тэхнічным, пакуль ён грунтаваўся на эмпірычным вопыце людзей. Калі ж з’яўляецца навука як сфера асаблівай дзейнасці, накіраванай на пазнанне свету, шляхі навукі і тэхнікі сталі перасякацца. З гэтага часу прагрэс становіцца навукова-тэхнічны, а ацэнка яго перспектыў і ролі ў развіцці чалавецтва можа быць дыяметральна процілеглая. Станоўчая ацэнка характэрная для так званых экатэхналагічных аптымістаў, песімісты ж, наадварот, падкрэсліваюць супярэчлівасць экалагічных, сацыяльных, палітычных, антрапалагічных наступстваў развіцця навукі і тэхнікі.

Адносіны да навукі (апытанне 2019 г.)

Адносіны да навукі (апытанне 2019 г.)
icon-discussions
На падставе даных табліцы зрабіце вывад пра тое, кім з’яўляюцца беларусы: экатэхналагічнымі аптымістамі ці песімістамі. 

Навукова-тэхнічны прагрэс цесна звязаны з духоўна-маральным развіццём чалавека. Сучасны стан навукі, тэхнікі, сістэм узбраення ставіць перад людзьмі праблему асабістай адказнасці за рашэнні і дзеянні. Грамадскі прагрэс напрамую звязаны з духоўна-маральным развіццём асобы.

Прачытайце анатацыю да фільма «Філосафы. Урок выжывання» (2013): «Заканчваецца навучальны год, у класе па філасофіі містэра Зіміта апошні ўрок. На развітанне ён прапануе вучням згуляць у незвычайную гульню – змадэляваць свае паводзіны пасля атамнага выбуху. Перад імі бункер, у якім дзесяць чалавек змогуць працягнуць год, іх саміх дваццаць – кагосьці трэба пакінуць гнісці ў попеле ядзернага агню».

icon-discussions
Як вы думаеце, якімі крытэрыямі адбору будуць кіравацца ўдзельнікі? Праверце свае вывады і абмяркуйце іх. 

Гуманізм. Гуманізм зараджаецца ў элінаў, у Старажытнай Грэцыі, дзе чалавек абвяшчаецца «мерай усіх рэчаў». Гэты афарызм старажытнагрэчаскага мысліцеля V ст. да н. э. Пратагора стаў аб’ектам дыскусій. Які чалавек можа быць мерай рэчаў? Чаму рэчы ацэньваюцца па мерках чалавека?

Упершыню чалавечнасць была пастаўлена як мэта прагрэсіўнага развіцця ў эпоху Рымскай рэспублікі. «Чалавечны чалавек» рымлянін супрацьпаставіў сябе «варварскаму чалавеку». Хрысціянства асвяціла і абагавіла асобу, бо на яе накладваецца адбітак абсалютнай асобы Бога.

Ідэя гуманізму ўпершыню ў разгорнутым выглядзе з’явілася ў эпоху Адраджэння. Гуманісты, арыентуючыся на элінаў, спрабавалі адрадзіць ідэал чалавечай адукацыі і паводзін, рымскай дабрачыннасці. Яны імкнуліся адрадзіць дух Евангелля, дух свабоды, любві, цярплівасці, павагі да асобы. Разам з тым эпоха Адраджэння адкрыла эру не толькі гуманізацыі свету, але і яго дэгуманізацыі.

Еўрапейскі свет у эпоху Адраджэння (з курса лекцый Л. Майсеевай. Гісторыя цывілізацый)

Леанарда да Вінчы
Францыск Скарына

…Цэнтр сусветнага ўпарадкавання перамясціўся ў напрамку да чалавека, баланс сіл парушыўся на карысць асобы.

…Непадзельнасць і асобнасць – дзве першыя ўмовы індывідуальнасці, якія сваім нараджэннем адкрываюць эпоху Адраджэння. Імкненне да самапазнання – ці не першая праява індывідуальнасці, якая адчувае сваю асаблівасць і жадае яе зразумець.

З самога слова «чалавек» у яго лацінскім гучанні homo мы выводзім асаблівасць эпохі Адраджэння – гуманізм. Гуманізм – гэта квінтэсэнцыя рэнесанснай думкі, яе філасофія.

…Чалавек здольны тварыць самога сябе, акультурваць уласную прыроду, вызначаць тым самым сваё месца ў свеце. Ствараючы сябе, чалавек абнаўляе і свет, у якім жыве, робіць яго «годным сваёй чалавечай годнасці».

Новыя ідэі ўзнікалі ў Італіі, набываючы сілу і нават уладу. Гуманісты па ўсёй Еўропе станавіліся палітыкамі, займалі пасады дзяржаўнага кіравання. Яны былі авеяны духам смелых пераўтварэнняў…

Эпоха Адраджэння, якая калісьці пачалася ў Італіі, раней за ўсё выявіла там і блізкасць трагічнага фіналу. На поўначы Еўропы ў пачатку XVI ст. усё яшчэ маглі спадзявацца на надыход залатога веку, але ў Італіі надзеі не было.

Мікеланджэла памёр у той самы год, калі нарадзіўся Шэкспір. Эпоха, якая пачалася ў Італіі вялікім чаканнем, скончылася праз два з паловай стагоддзі ў Англіі, Іспаніі – адчуваннем вялікай трагедыі, трагедыі гуманізму, чые ідэі былі адрынуты рэчаіснасцю.

Абяцаны і доўгачаканы залаты век гуманізму так і не надышоў. Тыя, на каго Эразм Ратэрдамскі спадзяваўся ў якасці яго заступнікаў, засталіся непрымірымымі ворагамі. Правіцелі ўсё больш нагадвалі партрэт гасудара, напісанага Нікола Макіявелі ў яго знакамітай працы «Гасудар». Еўрапейскі свет мала нагадваў утопію Т. Мора, а сам Мор заплаціў жыццём, калі паспрабаваў адстаяць гуманістычны прынцып свабоды волі рэальна, выступіўшы супраць гасудара – Генрыха VIII.

Эпоха Позняга Адраджэння, тая самая эпоха, для якой і з якой пісаў свайго «Гасудара» Нікола Макіявелі, сваім «героем» называе Чэзарэ Борджыа, з якога пісаўся «Гасудар», можа лічыцца ўзорам homo universalis за сваю здольнасць дабівацца ўлады любымі сродкамі. «Увесь свет – тэатр» – казалі ў эпоху Адраджэння і разглядалі сучасную палітыку як спектакль. Два стагоддзі Адраджэння не прайшлі дарэмна: новы чалавек узышоў на падмосткі гісторыі, адкрыўшы новы час.

icon-discussions
Каго з пералічаных у тэксце дзеячаў можна назваць гуманістам, зыходзячы з сённяшніх рэалій? Абгрунтуйце сваё меркаванне. 
icon-discussions
Як у біяграфіях і творах дзеячаў Адраджэння Беларусі праяўлялася супярэчнасць і трагізм эпохі Рэнесансу? Назавіце імёны людзей, прадстаўленых на ілюстрацыях, іх творы, факты біяграфіі. Запоўніце табліцу. 
Імя          
Твор          
Факты біяграфіі          
Вязень 32815

Гуманізм як сістэма поглядаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў. Праблема гуманізацыі свету, развіцця яго па мерках чалавека, адказнага за мірны, паступальны, прагрэсіўны рух грамадства, вырашаецца і сёння. Не «любой цаной» дасягаюцца эканамічныя, палітычныя і іншыя мэты. Усе вынікі чалавечай дзейнасці павінны служыць людзям, паляпшэнню іх жыцця, захаванню здароўя і да т. п. Інакш яны нікому не патрэбны, калі вядуць да войнаў, тэхнагенных катастроф, пагаршаюць якасць жыцця насельніцтва, прыводзяць да беднасці, няўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

icon-discussions
На інфармацыйным партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусь адкрыйце старонку, прысвечаную 95-гадоваму юбілею народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага. Вывучыце інфармацыю аб серыі работ «Лічбы на сэрцы» і разгледзьце карціну «Вязень 32815». Ці можна сказаць, што гэта палатно беларускага мастака адлюстроўвае гуманістычную катастрофу ХХ стагоддзя? Чаму? 

Лічыцца, што ХХ ст. было самым крывавым у гісторыі чалавецтва, але можа быць, усё становіцца толькі горш? Нароўні з хваробамі і прыроднымі катаклізмамі навінавыя стужкі не пакідаюць тэрор, вайна і злачыннасць.

icon-persona

Канадска-амерыканскі вучоны, нейрапсіхолаг Стывен Пiнкер у кнізе «Лепшае ў нас: чаму гвалту ў свеце стала менш» (2011) адстойвае прама процілеглы пункт гледжання: мы жывем у самую мірную эпоху за ўвесь час існавання віду. Жорсткасці становіцца менш, а каштоўнасць чалавечага жыцця расце (хоць з ім згодныя далёка не ўсе). У мінулым войны, рабства, дзетазабойства, жорсткае абыходжанне з дзецьмі, забойствы, пагромы, пакаранні, якія калечаць, кровапралітныя сутыкненні і праявы генацыду былі звычайнай справай. У сучаснай рэчаіснасці, паказвае Пiнкер, усе гэтыя віды гвалту значна скараціліся і паўсюдна ўсё больш асуджаюцца грамадствам. 

У ХХ ст. было прынята некалькі дэкларацый, у якіх выкладаюцца прынцыпы сучаснага гуманістычнага бачання свету.

«Першы гуманістычны маніфест» «Другі гуманістычны маніфест» «Гуманізм і яго памкненні (Трэці гуманістычны маніфест)»
1933 1973 2003
Прынцыпы рэлігійнага гуманізму. Любая рэлігія, якая прэтэндуе на тое, каб стаць сучаснай аб’яднальнай і рухаючай сілай, павінна адпавядаць менавіта цяперашнім патрэбам. Стварэнне такой рэлігіі – самая галоўная неабходнасць сучаснасці Комплекс агульных прынцыпаў, здольных служыць падмуркам для сумесных дзеянняў, г. зн. пазітыўных прынцыпаў, суаднесеных з сучасным станам чалавека

Шэсць прынцыпаў гуманізму:

  • • пазнанне свету адбываецца ў выніку назірання, эксперыментавання і рацыянальнага аналізу;
  • • чалавечыя істоты з’яўляюцца неад’емнай часткай прыроды, вынікам эвалюцыйных змен, якія нікім не наканаваны;
  • • этычныя каштоўнасці ўзнікаюць ад тых чалавечых патрэб і інтарэсаў, якія праходзяць праверку праз вопыт;
  • • жыццё набывае сэнс праз служэнне асобы гуманным ідэалам;
  • • чалавечыя істоты сацыяльныя па сваёй прыродзе і знаходзяць сэнс ва ўзаемаадносінах паміж сабой;
  • • работа на карысць грамадства максімізуе шчасце індывіда
icon-discussions
Як вы лічыце, чаму гуманістычныя маніфесты былі прыняты менавіта ў гэтыя гады? Чым абумоўлены іх змест? Праверце свае меркаванні. 

У цяперашні час гуманістычныя асновы развіцця свету замацаваны ў шэрагу дакументаў ААН, у двухбаковых і шматбаковых пагадненнях па пытаннях правоў чалавека. Стварэнне спрыяльных умоў для годнага жыцця, развіцця здольнасцей людзей усіх краін з’яўляецца асноўным напрамкам сусветнага сацыяльнага прагрэсу. У наш час выкананне стандартаў гуманістычнай палітыкі стала крытэрыем цывілізаванасці дзяржаў.