§ 1. Прагрэс і рэгрэс у сацыяльным развіцці

Грамадскі прагрэс і яго крытэрыі. Чалавечае грамадства як складанаарганізаваная сістэма, здольная да самаразвіцця, характарызуецца вялікай разнастайнасцю сацыяльных структур і сістэм, а таксама выключнай дынамічнасцю і альтэрнатыўнасцю развіцця. У навуцы важнае месца займае праблема накіраванасці змен, якія адбываюцца ў грамадстве, ідэя прагрэсіўнага развіцця грамадства.

Прагрэс (ад лац. progressus — рух наперад) — паступальны рух да лепшага, больш складанага, дасканалага, ад ніжэйшых ступеняў да вышэйшых. Грамадскі прагрэс — гэта пераход ад менш дасканалых форм чалавечай дзейнасці да больш дасканалых. Паступальнае развіццё азначае не толькі колькасныя, але і якасныя змены, з’яўленне новых спосабаў арганізацыі грамадскага жыцця для дасягнення ўсеагульнага дабрабыту і росквіту. Напрыклад, прагрэсіўным змяненнем з’яўляецца адмена сістэмы грамадскіх стасункаў, пры якіх дапускаецца знаходжанне чалавека (раба, прыгоннага) ва ўласнасці ў іншага чалавека (гаспадара, рабаўладальніка, уладара) ці дзяржавы.

icon-persona
Амерыканскі сацыёлаг Роберт Нісбет у сваім даследаванні «Прагрэс. Гісторыя ідэі» (1980) вызначае прагрэс як ідэю пра тое, як «чалавецтва павольна, паступова і доўга выпаўзала з першапачатковых умоў страху, адсутнасці культуры, невуцтва, падымаючыся да больш высокага ўзроўню развіцця». 

Усялякі прагрэс прадугледжвае змяненне, развіццё, але не ўсялякае развіццё з’яўляецца прагрэсам. Рэгрэс (ад лац. regressus — вяртанне, рух назад) — пераход ад больш высокіх форм развіцця да ніжэйшых, рух назад, дэградацыя, змены да горшага.

Бесперапыннае ўдасканаленне і рух у напрамку сацыяльнага прагрэсу з’яўляецца ўніверсальным законам чалавецтва. Аднак гэта не значыць, што ў гэтым руху не бывае рэгрэсу, адкатаў назад.

Рэгрэс часта носіць лакальны характар. Не ўсе краіны і рэгіёны развіваюцца раўнамерна, аднымі і тымі ж тэмпамі. Ёсць краіны, дзе дзесяцігоддзямі назіраюцца рэгрэсіўныя працэсы. Як правіла, у такіх краінах ідзе жорсткая барацьба за рэсурсы і ўладу, дзейнічаюць тэрарыстычныя арганізацыі, вядуцца грамадзянскія войны.

У розных краінах у залежнасці ад канкрэтных палітычных абставін, сацыяльна-эканамічных умоў, культурных традыцый па-рознаму (эвалюцыйным або рэвалюцыйным шляхам) ажыццяўляюцца неабходныя для грамадства пераўтварэнні.

icon-discussions
З дапамогай прыкладаў растлумачце, як гістарычныя падзеі ілюструюць супярэчлівасць і нераўнамернасць грамадскага прагрэсу. Правядзіце міні-даследаванне прагрэсіўнасці развіцця грамадства на прыкладзе падзей аднаго года з гісторыі ХХI ст. 

Пры вывучэнні сацыяльных працэсаў часта ўзнікае праблема іх ацэнкі як прагрэсіўных ці рэгрэсіўных, што звязана з пытаннем аб крытэрыях сацыяльнага прагрэсу. У розныя гістарычныя эпохі вучоныя, якія вывучалі грамадскае развіццё, прапаноўвалі такія крытэрыі, як павышэнне ўзроўню асветы, культуры, маральнасці, павелічэнне ступені свабоды асобы ў грамадстве, развіццё прадукцыйных сіл, тэхнікі, эканамічны рост. Яны не страцілі свайго значэння і сёння. Аднак асэнсаванне трагічных падзей ХХ ст. і глабальных, жыццёва важных для ўсяго чалавецтва праблем у ХХІ ст. ставіць пытанне аб новых крытэрыях сацыяльнага прагрэсу. Сёння вучоныя асабліва вылучаюць праблему суадносін навукова-тэхнічнага і духоўна-маральнага прагрэсу.

Пачатак тэхнічнага прагрэсу адносіцца да з’яўлення каменных прылад працы. Тэхніка (ад грэч. τεχνικός — мастацтва, майстэрства, уменне) — гэта ўся сукупнасць сродкаў, з дапамогай якіх чалавек уздзейнічае на прадмет працы ў працэсе вытворчай дзейнасці. Тэхніка з’явілася раней за навуку, што рабіла прагрэс тэхнічным, пакуль ён грунтаваўся на эмпірычным вопыце людзей. З’яўленне навукі як сферы адмысловай дзейнасці, накіраванай на пазнанне свету, робіць прагрэс навукова-тэхнічным.

icon-remember
Як узаемазвязана прамысловая рэвалюцыя ў краінах Захаду ў канцы XVIII — XIX ст. з вынаходкамі і навуковымі адкрыццямі таго часу? 

Навукова-тэхнічны прагрэс (НТП) — гэта працэс паступальнага ўзаемазвязанага развіцця навукі, тэхнікі, вытворчасці і сферы спажывання. Станоўчая ацэнка перспектыў навукова-тэхнічнага прагрэсу і яго ролі ў развіцці чалавецтва характэрная для так званых экатэхналагічных аптымістаў, песімісты ж, наадварот, падкрэсліваюць супярэчлівасць экалагічных, сацыяльных, палітычных, антрапалагічных наступстваў развіцця навукі і тэхнікі.

En L’An 2000 («У 2000 годзе») — створаная французскімі мастакамі ў пачатку ХХ ст. серыя з некалькіх дзясяткаў паштовак пра тое, якім бачыцца будучыня чалавецтва праз стагоддзе.

icon-discussions
Які пункт гледжання на ролю навукова-тэхнічнага прагрэсу ў грамадстве адлюстроўваюць дадзеныя ілюстрацыі? Наколькі рэалізаваліся прагнозы іх аўтараў? 

НТП мае дзве формы: эвалюцыйную і рэвалюцыйную. Эвалюцыйная форма НТП азначае ўдасканаленне тэхнікі, тэхналогіі, вытворчасці на базе адных і тых жа навукова-тэхнічных прынцыпаў. Тэхналогія — сукупнасць метадаў апрацоўкі, змянення ўласцівасцей зыходнага матэрыялу ў працэсе вытворчасці прадукцыі. Тэхналогіямі таксама называюцца аперацыі па здабычы, транспарціроўцы, захоўванні прадукцыі. Гэтыя аперацыі з’яўляюцца найважнейшай часткай агульнага вытворчага працэсу.

Рэвалюцыйная форма НТП азначае скачок, хуткі пераход да якасна новых навукова-тэхнічных прынцыпаў развіцця вытворчасці. Гэта і ёсць навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР) — глыбінны паварот у гісторыі чалавецтва, які звязаны з шырокім выкарыстаннем навукі і тэхнікі ў вытворчасці.

НТР пачалася пасля Другой сусветнай вайны ў развітых краінах. Яна азначае радыкальнае пераўтварэнне вытворчых сіл, усёй тэхналогіі грамадскай вытворчасці, арганізацыі і кіравання. Гэта сусветны працэс.

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя кардынальна змяняе наш свет, адкрывае новыя магчымасці перад чалавецтвам. Разам з тым яна выявіла сур’ёзныя супярэчнасці, якія неабходна вырашаць.