§ 1. Прагрэс і рэгрэс у сацыяльным развіцці
Site: | Профильное обучение |
Course: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Book: | § 1. Прагрэс і рэгрэс у сацыяльным развіцці |
Printed by: | Guest user |
Date: | Tuesday, 11 February 2025, 4:25 AM |
Грамадскі прагрэс і яго крытэрыі. Чалавечае грамадства як складанаарганізаваная сістэма, здольная да самаразвіцця, характарызуецца вялікай разнастайнасцю сацыяльных структур і сістэм, а таксама выключнай дынамічнасцю і альтэрнатыўнасцю развіцця. У навуцы важнае месца займае праблема накіраванасці змен, якія адбываюцца ў грамадстве, ідэя прагрэсіўнага развіцця грамадства.
Прагрэс (ад лац. progressus — рух наперад) — паступальны рух да лепшага, больш складанага, дасканалага, ад ніжэйшых ступеняў да вышэйшых. Грамадскі прагрэс — гэта пераход ад менш дасканалых форм чалавечай дзейнасці да больш дасканалых. Паступальнае развіццё азначае не толькі колькасныя, але і якасныя змены, з’яўленне новых спосабаў арганізацыі грамадскага жыцця для дасягнення ўсеагульнага дабрабыту і росквіту. Напрыклад, прагрэсіўным змяненнем з’яўляецца адмена сістэмы грамадскіх стасункаў, пры якіх дапускаецца знаходжанне чалавека (раба, прыгоннага) ва ўласнасці ў іншага чалавека (гаспадара, рабаўладальніка, уладара) ці дзяржавы.

Усялякі прагрэс прадугледжвае змяненне, развіццё, але не ўсялякае развіццё з’яўляецца прагрэсам. Рэгрэс (ад лац. regressus — вяртанне, рух назад) — пераход ад больш высокіх форм развіцця да ніжэйшых, рух назад, дэградацыя, змены да горшага.
Бесперапыннае ўдасканаленне і рух у напрамку сацыяльнага прагрэсу з’яўляецца ўніверсальным законам чалавецтва. Аднак гэта не значыць, што ў гэтым руху не бывае рэгрэсу, адкатаў назад.
Рэгрэс часта носіць лакальны характар. Не ўсе краіны і рэгіёны развіваюцца раўнамерна, аднымі і тымі ж тэмпамі. Ёсць краіны, дзе дзесяцігоддзямі назіраюцца рэгрэсіўныя працэсы. Як правіла, у такіх краінах ідзе жорсткая барацьба за рэсурсы і ўладу, дзейнічаюць тэрарыстычныя арганізацыі, вядуцца грамадзянскія войны.
У розных краінах у залежнасці ад канкрэтных палітычных абставін, сацыяльна-эканамічных умоў, культурных традыцый па-рознаму (эвалюцыйным або рэвалюцыйным шляхам) ажыццяўляюцца неабходныя для грамадства пераўтварэнні.

Пры вывучэнні сацыяльных працэсаў часта ўзнікае праблема іх ацэнкі як прагрэсіўных ці рэгрэсіўных, што звязана з пытаннем аб крытэрыях сацыяльнага прагрэсу. У розныя гістарычныя эпохі вучоныя, якія вывучалі грамадскае развіццё, прапаноўвалі такія крытэрыі, як павышэнне ўзроўню асветы, культуры, маральнасці, павелічэнне ступені свабоды асобы ў грамадстве, развіццё прадукцыйных сіл, тэхнікі, эканамічны рост. Яны не страцілі свайго значэння і сёння. Аднак асэнсаванне трагічных падзей ХХ ст. і глабальных, жыццёва важных для ўсяго чалавецтва праблем у ХХІ ст. ставіць пытанне аб новых крытэрыях сацыяльнага прагрэсу. Сёння вучоныя асабліва вылучаюць праблему суадносін навукова-тэхнічнага і духоўна-маральнага прагрэсу.
Пачатак тэхнічнага прагрэсу адносіцца да з’яўлення каменных прылад працы. Тэхніка (ад грэч. τεχνικός — мастацтва, майстэрства, уменне) — гэта ўся сукупнасць сродкаў, з дапамогай якіх чалавек уздзейнічае на прадмет працы ў працэсе вытворчай дзейнасці. Тэхніка з’явілася раней за навуку, што рабіла прагрэс тэхнічным, пакуль ён грунтаваўся на эмпірычным вопыце людзей. З’яўленне навукі як сферы адмысловай дзейнасці, накіраванай на пазнанне свету, робіць прагрэс навукова-тэхнічным.

Навукова-тэхнічны прагрэс (НТП) — гэта працэс паступальнага ўзаемазвязанага развіцця навукі, тэхнікі, вытворчасці і сферы спажывання. Станоўчая ацэнка перспектыў навукова-тэхнічнага прагрэсу і яго ролі ў развіцці чалавецтва характэрная для так званых экатэхналагічных аптымістаў, песімісты ж, наадварот, падкрэсліваюць супярэчлівасць экалагічных, сацыяльных, палітычных, антрапалагічных наступстваў развіцця навукі і тэхнікі.




En L’An 2000 («У 2000 годзе») — створаная французскімі мастакамі ў пачатку ХХ ст. серыя з некалькіх дзясяткаў паштовак пра тое, якім бачыцца будучыня чалавецтва праз стагоддзе.

НТП мае дзве формы: эвалюцыйную і рэвалюцыйную. Эвалюцыйная форма НТП азначае ўдасканаленне тэхнікі, тэхналогіі, вытворчасці на базе адных і тых жа навукова-тэхнічных прынцыпаў. Тэхналогія — сукупнасць метадаў апрацоўкі, змянення ўласцівасцей зыходнага матэрыялу ў працэсе вытворчасці прадукцыі. Тэхналогіямі таксама называюцца аперацыі па здабычы, транспарціроўцы, захоўванні прадукцыі. Гэтыя аперацыі з’яўляюцца найважнейшай часткай агульнага вытворчага працэсу.
Рэвалюцыйная форма НТП азначае скачок, хуткі пераход да якасна новых навукова-тэхнічных прынцыпаў развіцця вытворчасці. Гэта і ёсць навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР) — глыбінны паварот у гісторыі чалавецтва, які звязаны з шырокім выкарыстаннем навукі і тэхнікі ў вытворчасці.
НТР пачалася пасля Другой сусветнай вайны ў развітых краінах. Яна азначае радыкальнае пераўтварэнне вытворчых сіл, усёй тэхналогіі грамадскай вытворчасці, арганізацыі і кіравання. Гэта сусветны працэс.

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя кардынальна змяняе наш свет, адкрывае новыя магчымасці перад чалавецтвам. Разам з тым яна выявіла сур’ёзныя супярэчнасці, якія неабходна вырашаць.
Выклікі і пагрозы для чалавецтва. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя акрамя велізарнай перавагі прынесла і глабальныя праблемы. Па-першае, гэта праблема выжывання ва ўмовах бесперапыннага ўдасканалення зброі масавага знішчэння. Па-другое, гэта экалагічны крызіс, які нарастае ў глабальных маштабах.

Ад вырашэння сучасных экалагічных праблем залежыць лёс чалавецтва. Ад сучаснага грамадства патрабуецца асэнсаванне таго факта, што дзеля атрымання прыбыткаў, узбагачэння нельга парушаць прыродную раўнавагу, законы прыроды. НТР дае магчымасці забяспечыць эканамічны рост пры разумным узаемадзеянні чалавека з прыродай.
Чалавек — гэта частка прыроды, але разам з тым чалавек — гэта прадпрымальная істота, якая сваімі дзеяннямі пераўтварае прыроду, у тым ліку прыроду самога сябе. Развіццё тэхнікі і тэхналогій прывяло да небывалага камфорту, наяўнасці вольнага часу, павелічэння працягласці жыцця. Адваротным бокам гэтых даброт з’яўляецца павышэнне патрабаванняў да адукацыйнага і інтэлектуальнага ўзроўню чалавека. Працэс тэхналагізацыі чалавека выяўляецца ў залежнасці чалавечага існавання ад тэхнічных сродкаў і вынікаў іх функцыянавання.



Улада тэхнікі праяўляецца не толькі ў тым, што чалавек у сваім паўсядзённым жыцці і вытворчасці ўжо не можа абысціся без дапамогі тэхнічных прылад, але і ў тым, што тэхніка ўкараняецца ў кіраванне грамадствам. Тэхнічныя сістэмы канструююцца, вырабляюцца і кіруюцца людзьмі і забяспечваюць дасягненне тых або іншых сацыяльна значных мэт. Энергетычныя, ядзерныя, інфраструктурныя, транспартныя, касмічныя аварыі і катастрофы выклікаюцца разузгадненнем узаемадзеяння элементаў складаных сістэм, у стварэнні і функцыянаванні якіх задзейнічаны як людзі, так і тыя або іншыя элементы свораных імі тэхналогій.



Навукова-тэхнічны прагрэс цесна звязаны з духоўна-маральным развіццём чалавека. Сучасны стан навукі, тэхнікі, сістэм узбраення востра ставіць перад людзьмі праблему асабістай адказнасці за рашэнні і дзеянні. Сёння неабходна крытычная ацэнка тых сацыяльных фактараў, умоў і абставін, якія вядуць да антыгуманнага выкарыстання вынікаў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Вельмі важны таксама пошук тэндэнцый і сіл, здольных супрацьстаяць дэгуманізацыі навукі і тэхнікі, грамадства наогул.
Гуманізм як мера грамадскага прагрэсу. Гуманізм (ад лац. humanus — чалавечы, humanitas — чалавечнасць) — сістэма поглядаў, згодна з якой прызнаецца каштоўнасць чалавека як асобы, яго права на свабоду, шчасце і развіццё.
Гуманізм як сістэма поглядаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў. Гуманізм зараджаецца ў элінаў, у Старажытнай Грэцыі, дзе чалавек абвяшчаецца «мерай усіх рэчаў». У эпоху Адраджэння гуманізм упершыню выступіў як цэласная сістэма поглядаў і шырокая плынь грамадскай думкі. Гуманісты, арыентуючыся на элінаў, спрабавалі адрадзіць антычны ідэал чалавечай адукацыі і паводзінаў, дабрачыннасці.






Гуманізм розным чынам заяўляў пра сябе ў наступныя стагоддзі. ХХ стагоддзе лічыцца вяршыняй развіцця філасофіі гуманізму, агульначалавечых каштоўнасцей і правоў чалавека. Але менавіта ХХ стагоддзе, век трыумфу чалавечага розуму, навукі і тэхнікі, атама і космасу, прынесла чалавецтву найбольшыя разбурэнні — мільёны загінуўшых у сусветных войнах і таталітарных рэжымах, маштабныя тэхнагенныя катастрофы і экалагічныя бедствы…
Ці ўсвядоміла чалавецтва ўрокі сусветных войнаў? Як не дапусціць адраджэння фашызму ў ХХІ ст.?



Сёння можна сказаць, што гуманізм — гэта сістэма поглядаў і культурна-гістарычная традыцыя, якія зарадзіліся ў старажытнагрэчаскай цывілізацыі, развіваліся ў наступныя стагоддзі і захаваліся ў сучаснай культуры як яе агульначалавечая аснова. Натуральнасць гуманізму тлумачыцца натуральнасцю тых чалавечых якасцей, якія яго спараджаюць і на якія ён абапіраецца. Галоўная сярод іх — чалавечнасць, гуманнасць.

Большасць людзей арыентуюцца на гуманістычныя каштоўнасці.
Дабрачынная актыўнасць насельніцтва адлюстроўвае ўзровень гуманнасці грамадства. Беларусы ўмеюць суперажываць, ім уласціва імкненне дапамагчы бліжняму. Кожны пяты грамадзянін нашай краіны ахвяруе на дабрачыннасць.

Абмяркуйце наступныя пытанні:
- • Навошта займацца дабрачыннасцю?
- • Каму трэба дапамагаць?
- • Як можна дапамагаць?
- • Што я магу зрабіць?
Сёння ідэі гуманізму прымаюць і практыкуюць многія людзі, тым самым ператвараючы гуманізм у праграму сацыяльных змен, у маральную сілу, у шырокі і міжнародны культурны рух. Праблемы, якія стаяць перад чалавецтвам, надзвычай сур’ёзныя. Гуманісты лічаць, што гэтыя праблемы могуць быць вырашаны з дапамогай розуму і крытычнага мыслення, волі да кампрамісу, згоды і супрацоўніцтва.

- 1. Канкрэтызуйце прыкладамі праявы прагрэсу і рэгрэсу ў сучасным свеце.
- 2. Лічыцца, што кожная наступная ступець развіцця грамадства з’яўляецца больш прагрэсіўнай: яна пашырае кола правоў і свабод асобы, цягне за сабой развіццё яе патрэб і ўдасканаленне яе здольнасцей. Параўнайце ў гэтых адносінах статус раба і прыгоннага, прыгоннага і наёмнага рабочага ў ХІХ ст.
- 3. Якія доказы можна прывесці пры станоўчай ацэнцы перспектыў навуковатэхнічнага прагрэсу і яго ролі ў развіцці чалавецтва, а якія — пры адмоўнай? Ахарактарызуйце два падыходы да ацэнкі ролі НТР: эка-тэхналагічны песімізм і эка-тэхналагічны аптымізм. Чаму аднабаковую ацэнку ролі НТР у развіцці чалавецтва сёння крытыкуюць не толькі вучоныя, але і шырокія пласты грамадскасці?
- 4. Як суадносяцца паміж сабой паняцці «гуманнасць» і «гуманізм»?
