§ 22-1. ЭНЕРГЕТЫЧНЫЯ КРЫЗІСЫ Ў СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРЦЫ І ІХ УПЛЫЎ НА ЗМЯНЕННЕ ГЕАГРАФІІ ГАЛІНЫ

Крызіс глабальнай энергетычнай бяспекі. Пасля 2010 г. у сусветнай гаспадарцы ў выніку шматлікіх палітычных канфліктаў, у тым ліку ў нафтаздабываючых краінах, пачалі назірацца ўсе прыметы крызіснай энергетычнай сітуацыі.

iconПаразважаем. Паміж якімі дзяржавамі ў апошнія дзесяцігоддзі ўзніклі ўзброеныя канфлікты? Назавіце прычыны гэтых канфліктаў. Які іх вынік?

З’яву, якую мы назіраем зараз у сусветнай гаспадарцы, можна назваць не столькі энергетычным крызісам, колькі крызісам глабальнай энергетычнай бяспекі, пад якой разумеюць тры «Д»: дастатковасць, даступнасць і дапушчальнасць.

Рэсурсная дастатковасць вызначае фізічныя магчымасці забеспячэння энергарэсурсамі эканомікі краіны. Эканамічная даступнасць — гэта рэнтабельнасць забеспячэння пры сучасных цэнах. Экалагічная і тэхналагічная дапушчальнасць — гэта магчымасць здабычы, вытворчасці і спажывання энергарэсурсаў у межах існуючых тэхналогій і экалагічных абмежаванняў.

У такіх умовах праблема бяспекі транзіту энергетычных рэсурсаў становіцца ключавой. Пагрозы з боку піратаў, ваенна-палітычнае напружанне ў раёнах праліваў, абмежаваная прапускная здольнасць шэрагу важных марскіх праліваў патрабуюць міжнародных рашэнняў. Так, праз Армузскі праліў перавозіцца да 15 млн барэлей нафты ў суткі (амаль 20 % сусветнага спажывання), праз Малакскі праліў — да 11 млн барэлей, праз Басфор і Дарданелы — да 3 млн барэлей, праз Суэцкі канал — да 1,3 млн барэлей. Спыненне або абмежаванне транзіту нафты ў гэтых раёнах прывядзе да катастрафічных наступстваў не только для сусветнай энергетыкі, але і для эканомікі ў цэлым.